Бібліятэка імя Талстога запрашае на сустрэчу з нарвежскім пісьменнікам Нільсам Хенрыкам Смітам
14 кастрычніка ў мінскай бібліятэцы ім. Талстога (вул. Маскоўская, 18) адбудзецца творчая сустрэча з нарвежскім пісьменнікам Нільсам Хенрыкам Смітам.
Малады нарвежскі празаік з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Тар’еі Вэсааса, удзельнікам міжнароднага творчага праекта Dagny і шэрага літаратурных фестываляў.
Ён нарадзіўся ў Ставангеры ў 1980 годзе, вывучаў кампаратывістыку і англійскую мову ва ўніверсітэце ў Бергене, займаўся на курсах па літаратурнай творчасці і пэўны час быў літаратурным кансультантам у мясцовай бібліятэцы. Зараз жыве і працуе ў Берліне.
Што прывабіла нарвежкага творцу ў Беларусі? За што ён не любіць папулярнага спевака Аляксандра Рыбака? Ці ёсць нешта агульнае паміж творчасцю спадара Сміта і дзейнасцю тэрарыста Брэйвіка? Пра ўсё гэта і шмат іншага вы даведаецеся на спатканні, якое распачнецца а 16-й гадзіне.
У сустрэчы бяруць удзел паэты і перакладчыкі Ірына Хадарэнка і Павел Надольскі.
Уваход вольны, аднак колькасць месцаў абмежаваная. Папярэдні запіс ад 10 кастрычніка па тэлефоне: 8 (029) 6787536.