Цуд — у класным кутку

Источник материала:  
Цуд — у класным кутку

Пра турыстычны бізнес, захаванне беларускіх здабыткаў і падарожжа па роднай краіне разважалі вучні беларускіх школ падчас урокаў “Пазнавай Беларусь разам з “Народнай газетай”.

Урокі гэтыя, як ужо пісалася, на мінулым тыдні прайшлі па ініцыятыве  “Народнай газеты” ва ўсіх раёнах Беларусі — ад вялікіх гарадскіх гімназій да маленькіх вясковых школ. Дзеці знаёміліся з аб’ектамі, дзяліліся ўражаннямі аб цудах, расказвалі пра свае нядаўнія падарожжы і, вядома... галасавалі за цуды Беларусі. Адзін з такіх урокаў у школе № 1 г.п. Шаркоўшчына правяла карэспандэнт “Народнай газеты”.

Празвінеў званок. Дзевяцікласнікі ўвайшлі ў клас і селі за камп’ютары. Усё пачыналася, як звычайны ўрок. Толькі вучням хвалявацца не было чаго. У той дзень іх не ацэньвалі. Ацэньвалі яны — беларускія цуды на сайце “Народнай газеты”.— Мяне вельмі ўразілі тураўскія крыжы, якія растуць з зямлі, — прызнаўся Арцём Александровіч. — Гэта сапраўдны цуд.— А я выдзеліў бы Браслаўскія азёры — часта там адпачываю і заўсёды застаюся задаволены жывапіснасцю мясцін, — расказаў Міхаіл Чарняўскі.Аляксей Казлоўскі прапанаваў выбраць адным з цудаў лістоўніцу ў Слаўгарадскім раёне. Яго, як і іншых школьнікаў, вельмі ўразіў факт, што падчас вайны на ёй быў арганізаваны артылерыйскі назіральны пункт.— У Беларусі захавалася шмат цікавых гістарычных аб’ектаў, якімі мы можам ганарыцца, — разважаў Аляксей, знаёмячыся з намінантамі. — На жаль, не пра ўсе цуды мы ведаем. Але “Народная газета” дапамагае адкрываць іх. Мы ўбачылі, што нашы аб’екты нічым не саступаюць еўрапейскім. Таму нам варта задумацца над развіццём у краіне турыстычнага бізнесу.Было бачна, вучні засталіся задаволеныя ўрокам.— На мой погляд, часцей трэба арганізоўваць падобныя праекты, — лічыць Ганна Раковіч. — Асабіста мяне ён вельмі зацікавіў. Ужо складаю спіс аб’ектаў, якія наведаю з бацькамі наступным летам.— А яшчэ было б здорава рэалізаваць праект, дзе карэспандэнты расказвалі б пра самыя дзіўныя месцы Беларусі. Ведаеце, мне здаецца, у кожным раёне знойдуцца таямнічыя аб’екты ці легенды, — прапанаваў Арцём Александровіч.Аднакласнікі яго падтрымалі. (Адкрыем невялікі сакрэт: гэта ідэя хутка знойдзе ўвасабленне на старонках “НГ”.)

Урокі патрыятызму

Падобны ўрок у дзяржынскай гімназіі № 1 арганізаваў для вучняў 8 “Б” класа настаўнік біялогіі Сяргей Яраховiч. Асабліва ўразiлi васьмікласнікаў 900-гадовы дуб ля вёскi Дубічна i брагiнскi метэарыт, возера Свiцязь i прадпрыемства БелАЗ, возера Нарач i Лiдскi замак, касцёл у вёсцы Будслаў і Нясвіжскі замак.— Яшчэ доўгi час пасля заканчэння ўрока вучнi выказвалі свае меркаванні, спрачалiся, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі Алена Кулікоўская. — Галоўнае, з чым пагадзiлiся ўсе прысутныя, — наша краiна вельмi прыгожая i багатая на цуды, а само мерапрыемства было вельмi карысным і значным, бо кожны адчуў сябе адказным за захаванне прыродных і культурных каштоўнасцей Радзімы.У Ганцавіцкай гімназіі ўрокі, прысвечаныя “Сямі цудам Беларусі” не сталі навінкай. Тут яны праводзяцца ўжо з раённага этапа галасавання.— Мы неаднаразова расказвалі на школьных лінейках аб праекце “Народнай газеты”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Лугвіновіч. — Тлумачылі ўмовы галасавання, зачытвалі намінантаў. Інфармацыя аб праекце знаходзілася ў класных кутках. Так што дзеці з аб’ектамі маглі пазнаёміцца нават на перапынках. Вельмі важна, што ў гэтым праекце прымаюць удзел дзеці, — лічыць Аксана Алегаўна. — Галасуючы за аб’екты, яны адначасова і выхоўваюцца, і ўзбагачаюцца ведамі пра сваю краіну. У тым ліку і пра свой раён.Урокі краязнаўства прайшлі нават у невялікіх вясковых школах. Як расказаў адзінаццацікласнік Бортнікаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Бабруйскага раёна Уладзіслаў Сысой, усе школьнікі з вялікай радасцю прынялі ідэю ўрока ад “Народнай газеты”.— Мы пазнаёміліся з найбольш цікавымі аб’ектамі архітэктуры, прыроды і нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, якія выйшлі ў фінал праекта. Прызнацца, я асабіста больш за ўсё хварэю за Слуцкія паясы — у іх укладзена такая вялікая ручная праца! Адкрыў для сябе шмат новых аб’ектаў, якія, думаю, яшчэ абавязкова наведаю. Вельмі добра, што “Народная газета” змагла так цікава і пазнавальна акцэнтаваць увагу на беларускіх здабытках.“Народная газета” верыць, што ўрокі “цудазнаўства” будуць праходзіць у школах і пасля завяршэння праекта. Важна ж не тое, за які цуд прагаласавалі школьнікі, а якія аб’екты яны адкрылі для сябе і аб чым задумаліся.

←Сем цудаў Беларусі выбраны!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика