Купала і Багдановіч рэкламуюць... бялізну?

Источник материала:  
20.09.2011 08:51 — Новости Культуры

Купала і Багдановіч рэкламуюць... бялізну?


Купала і Багдановіч рэкламуюць... бялізну?Цяпер партрэты класікаў можна пабачыць не толькі ў школьных кабінетах беларускай мовы і літаратуры, але і на вітрынах фірменных крам вядомага беларускага вытворцы жаночай бялізны?

Крама на вуліцы Маскоўскай. Два манекены, апранутыя ў какетлівыя споднія камплекты, стаяць на фоне плаката з Янкам Купалам і яго вершам пра каханне:

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, —
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!
Столькі песень над песнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, —
Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё...
А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..


У вітрыне побач — Максім Багдановіч, радкі з "Зоркі Венеры" і сімпатычная піжама ў кветачкі. Заходжу, намагаюся даведацца ў пакупнікоў, як ім такая рэклама:

— Ну, бялізну я тут заўжды купляла і купляць буду, а вось пра паэтаў гэтых ведаю толькі тое, што ў школе казалі. Я ўвогуле сама з Расіі, у Беларусь толькі ў 15 год з бацькамі пераехала, — расказвае жанчына гадоў сарака, якая прадставілася Наталляй.

Побач перабіралі вешалкі дзве дзяўчыны — студэнткі. Што прыемна, Карына і Маша падтрымалі размову па-беларуску:

Купала і Багдановіч рэкламуюць... бялізну?— З аднаго боку, ідэя зрабіць такую рэкламу — гэта вельмі неардынарна. Звычайна да таго, што прызнана класікай, ставяцца як да чагосьці недатыкальнага і бездакорнага. Але часам такое стаўленне можа зрабіць верш ці пісьменніка "закасцянелым" і зусім не цікавым для маладога пакалення. Думаю, Багдановіч і Купала ўсё роўна не пакрыўдзяцца. Але калі з першым аўтарам усё зразумела (назва "Зорка Венера" выклікае асацыяцыю з назвай маркі бялізны), наконт другога яшчэ трэба падумаць. Ды і ідэя, верагодна, падабаецца не ўсім. Усё ж нязвыкла бачыць партрэты класікаў побач са станікамі і начнымі кашулямі.

Каб атрымаць адказ на пытанне, чаму Купала і Багдановіч цяпер рэкламуюць жаночую бялізну, карэспандэнт "Звязды" звярнуўся ў кампанію "Мілавіца". Як патлумачылі там, "ідэйная сутнасць канцэпцыі такога афармлення вітрын у тым, што восень — гэта пара натхнення. Жанчына і яе прыгажосць заўжды былі музай для паэтаў і пісьменнікаў. Натхнёныя аўтары-класікі прысвячаюць свае радкі жанчыне ў вітрынах крам жаночай бялізны".

Прыдумалі канцэпцыю афармлення ў адным з вядучых беларускіх рэкламных агенцтваў. А паколькі крамы вытворца бялізны мае не толькі ў Беларусі, то, напрыклад, ва Украіне ў афармленні вітрын выкарыстоўваюцца цытаты з твораў украінскіх класікаў.
 
←Невядомы Мінск

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика