Невядомы Мінск

Источник материала:  
Невядомы Мінск

Колькі каштаваў цукар у 1927 годзе, дзе працякала Няміга, і колькі шлюбаў заключалі мінчане ў пачатку ХХ стагоддзя.

Адказы на гэтыя і падобныя пытанні можна знайсці ў рарытэтных кнігах, газетах, часопісах і брашурах Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, спецыялісты якой падрыхтавалі для сваіх чытачоў унікальную выставу “Мінск-Менск: старонкі гісторыі”. Вядома, шматвяковаму Мінску, які ўпершыню згадваецца аж у 1067 годзе, прысвечаны сотні і тысячы публікацый. Цяжка не толькі прачытаць іх, але нават сабраць разам. У Прэзідэнцкай бібліятэцы маецца даволі вялікі каштоўны фонд па гісторыі Мінска. Выстава знаёміць з самымі цікавымі рарытэтамі, якія захоўваюцца ў аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў.

Мінск на картах і паштоўках, у газетах і часопісах, вялізных энцыклапедыях і маленькіх кішэнных кніжках. Усяго на выставе прадстаўлена больш за сотню выданняў.— Вось цікавы экзэмпляр, — загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Валерый Герасімаў працягвае “Памятную книжку Минской губернии на 1889 годъ” з пазалочанымі старонкамі. — Нават сучасны мінчанін тут можа знайсці шмат цікавых звестак. Указаны ўсе ўстановы Мінска і гарадоў Мінскай губерні таго часу. Дзе працаваў губернатар, дзе знаходзіліся жандармерыя, акружны  суд, вакзал, аптэкі, музеі, бібліятэкі... Чытаем: дваранска-дэпутацкі сход, вугал Петрапаўлаўскай і Падгорнай вуліц, № 32. А вось тут напісана, дзе знаходзіцца царква Святога Духа, тая самая, у якой нядаўна была адчынена дзіцячая філармонія. Дадзена і апісанне храма. А калі трапляецца на старонках яшчэ  фота царквы ці касцёла, выданне наогул ператвараецца ў бясцэнны скарб для рэстаўратараў.

Дом працалюбства

Памятныя кніжкі выходзілі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да 1917 года. Рознага фармату, таўшчыні, пераплёту. Калі ў 1889 годзе кніга была нават з пазалочанымі старонкамі, то ў 1917 годзе гэта ўжо досыць сціплае выданне — ішла вайна.З прадстаўленых на выставе кніг можна даведацца нават, колькі ў пэўны час у Мінску пражывала людзей, заключалася шлюбаў і нара-джалася немаўлят. Адкрываю “Мінскія губернскія ведамасці” за 1903 год. У горадзе пражывае, па перапісе 1897 года, 91 494 чалавекі (толькі параўнаць з цяперашнімі амаль двума мільёнамі!), за год заключана 906 шлюбаў, нарадзілася 3752 дзіцяці. Указана тут таксама, што ў гора-дзе працуе пяць бальніц,  чатыры багадзельні, два дзіцячых прытулкі,  сорак вучэбных устаноў і нават адзін дом працалюбства! Аказваецца, гэта быў дабрачынны прытулак, у якім састарэлыя і нямоглыя людзі займаліся нескладанай працай. — А можа, вас цікавяць рыначныя цэны на бульбу, крупы, цукар у 1927 годзе? — пытаецца Валерый Мікалаевіч. — Тады варта разгарнуць “Справаздачу Мiнскага цэнтральнага рабочага кааператыва за 1927—1928 гаспадарчы год”. Гляньце, кілаграм цукру каштаваў 62 капейкі, столькі ж — дзясятак яек. За пуд бульбы давалі 53,8 капейкі. Досыць танна. Адно яйка, аказваецца, каштавала больш за кілаграм “другога хлеба”. Прызнацца, для мяне асабіста выданні 20—30-х гадоў падаюцца найбольш цікавымі. Здаецца, перыяд гэты зусім побач, а мы так мала пра яго ведаем. У нашай бібліятэцы захавалася вельмі шмат кніг пра даваенны Мінск. Як там хадзілі трамваі, дзе размяшчаліся паркі, усё гэта выклікае вялікую цікавасць. Вось прыходзіць да мяне зусім нядаўна калега з педагагічнага ўніверсітэта. Я пытаюся: што было на месцы твайго педуніверсітэта да вайны? Ён кажа — педінстытут.  А я, адкрыўшы адну з кніг, прачытаў і фотаздымак адпаведны  знайшоў, што там знаходзіўся галоўны корпус БДУ. Ён быў уражаны.

Горад — на радыёхвалях

А вось мяне вельмі зацікавіла выданне “Увага! Гаворыць Мiнск!” — расклад праграм радыёстанцыі iмя Саўнаркома БССР на сту-дзень 1934 года. Толькі ўявіць сабе, што раней радыёпраграмы друкаваліся асобнай кніжачкай! У 10.00 — перадача праграмы вяшчання, 10.05 — звесткі аб надвор’і, 10.10 — музычны антракт, 10.30 — вяшчанне для дзяцей, 11.00 — трансляцыя канцэрта рабочага поўдня з Масквы і гэтак далей. — А тут, бачыце, “у мікрафона Акадэмія навук Беларусі”. Цэлая гадзіна вяшчання акадэмікаў! — здзіўляецца Валерый Мікалаевіч. — Далі б нам, бібліятэкарам, столькі эфірнага часу, мы б столькі нагаварылі пра кніжную справу Беларусі, — усміхаецца загадчык.“В чистых, светлых цехах кипит работа.  Работницы в безукоризненно белых халатах глазируют, упаковывают конфеты для советского потребителя. В шоколадном цехе изготавливают вкусных “мишек”, “белорусскую картошку” и другое”, — чытаю ў кнізе Лібермана “Горад Мінск” пра кандытарскую фабрыку “Камунарка” ў 30-я гады. Дарэчы, з выдання я даведалася, што аб’ём танажу прадукцыі ў 1938 годзе ў параўнанні з 1932-м узрос на 223 працэнты. А вось план Мінска 1925 года. І маленечкі ж ён быў! Некалькі дзясяткаў вуліц, вядома, ніякай кальцавой і Камароўскае балота на ўскрайку горада. Хутка ж вырас наш горад. Але і яго сённяшняе аблічча неўзабаве стане гісторыяй. Галоўнае, каб нашчадкі змаглі яе ўбачыць і зразумець.

←Фильм Михалкова "Утомленные солнцем-2: Цитадель" выдвинут на "Оскар" от России

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика