Вадзіца-вадзіца, Божая памачніца

Источник материала:  
Вадзіца-вадзіца, Божая памачніца

На народнае праваслаўнае свята Бразгун, якое выйшла ў фінал нашага праекта, асвячаюць ваду з крыніцы, рвуць бярозавыя галінкі і праходзяць пад іконай

Смакую маленькімі глыточкамі вадзіцу, набраную колькі дзён таму ў святой крыніцы ля вёсачкі Наркі Чэрыкаўскага раёна. Смакую, адчуваючы прахалоду і чысціню Божай вільгаці, а з галавы ўсё не выходзяць вобразы, убачаныя на народным праваслаўным свяце Бразгун, якое штогод адзначаецца там назаўтра пасля дня святых Пятра і Паўла. Ікона, якая зіхаціць рознакаляровымі стужкамі. Празрыстая сцюдзёная крынічка, вада ў якой такая халодная, што аж пячэцца. І людзі. Шчырыя бабулькі, якія, нягледзячы ні на старасць, ні на слабасць, захоўваюць святы абраз і шматгадовыя традыцыі. Вяскоўцы, якія кідаюць хатнія клопаты, каб прайсці пад іконай. І моладзь, якая з’язджаецца на Бразгун з розных куткоў Беларусі...

Неўміручая крыніца

Калі з’явілася на Чэрыкаўшчыне свята Бразгун, мясцовыя жыхары сказаць не могуць. Кажуць, даўно гэта было. Ад дзядуляў сваіх ды бабуль чулі яны гісторыю, нібы аднойчы данеслася з лесу гучнае бразгатанне. Цікаўныя старыя ды малыя пабеглі паглядзець, што магло здарыцца ў цёмным гушчары, куды чалавек і ступаць баяўся. Прыйшлі і ўбачылі... моцны пенна-белы струмень, які біў з-пад зямлі і падымаў да верхавін дрэў мноства дробных каменьчыкаў. Людзі са страху пачалі хрысціцца, благаслаўляючы святых Пятра і Паўла, якія, верылі, і паслалі ім гэты зямны цуд.Набожныя наркоўцы акуратна пашырылі крыніцу, з якой біў той струмень, паставілі драўляны крыж, на яго вясковыя жанчыны павесілі аброчныя ручнікі ў надзеі на лепшае жыццё і здароўе. А праз год асвяцілі крыніцу па ўсіх хрысціянскіх абрадах і традыцыях. Здаецца, з тых часоў і павялося адзначаць тут 13 ліпеня — адразу пасля дня благаславенных Пятра і Паўла — свята Бразгун. Чаму ў яго такая назва? Адны кажуць, ад таго грукату, які прывёў мясцовых жыхароў да крыніцы. Іншыя мяркуюць — ад бразгатання рыдлёвак, якімі ў часы атэізму не раз закопвалі крыніцу. Але святы выток зноў і зноў ажываў на радасць людзям.

І тройчы пакланіцца

“Няхай будуць у гэтай хаце шчасце і спакой”, — прасіла Любоў Ільінічна Чапеліна, выносячы з хаты да святой крыніцы абраз святых Пятра і Паўла. З даўніх часоў ён захоўваецца ў вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна. Адкуль, калі з’явіўся тут — вяскоўцы не ведаюць. — Колькі памятаю, гэты абраз заўсёды быў у Нарках. А мне ўжо 66 гадоў, — кажа Любоў Ільінічна. — Раней абраз перадавалі з хаты ў хату, адбывалася гэта якраз на Бразгуна. Год у адным месцы пастаіць, год — у другім.Але людзей у вёсцы становіцца ўсё менш. Старыя паміраюць. А моладзь, вядома, не надта ахвочая да спраў духоўных. Таму захоўваюць ікону ў Нарках цяпер толькі дзве жанчыны — Любоў Чапеліна і Ніна Гаспадарова. Змяняюць адна адну праз чатыры гады.— Гэта не цяжка. Яны у нас вады не просяць, хлеба не ядуць. Стаяць ціхенька, аберагаюць, — гаворыць Любоў Ільінічна пра святых Пятра і Паўла на абразе. — Колькі будзем жыць, будзем трымаць ікону ў сваёй вёсцы. Гэта ж наша ахоўніца ад пажараў, бур і іншых няшчасцяў. Яна ж і завецца “Аброкам Наркоў”, — расказвае бабуля. Яна ішла за іконай, якую перанялі іншыя вясковыя жанчыны, павольна пераступаючы хворымі нагамі. А на твары ў яе была радасць, што вось, як і заўсёды, ікону гэту зноў нясуць да крыніцы і, як заўсёды, людзі пакідаюць свае двары, как падысці да іконы, пацалаваць яе, прайсціся пад ёй і папрасіць у святых заступнікаў Пятра і Паўла дабра для сябе і сваіх блізкіх. Такім чынам за іконай, упрыгожанай яркімі стужкамі і ручнікамі, сабралася амаль уся вёска — старыя і малыя, мужчыны і жанчыны. Наперадзе неслі хлеб з соллю і аброчную свечку вялікіх памераў. Яе наркоўцы абнаўляюць штогод напярэдадні Бразгуна падчас святочнай вячэры — нарошчваюць, капаючы воскам, і адзяваюць у новаю “вопратку”.

Цуд пасярод лесу

Пешшу ішлі толькі па вёсцы. Да крыніцы ехалі на аўтамабілях і аўтобусах. Усё ж такі не ўсім наркоўцам пад сілу сёння прайсці чатыры кіламетры — адлегласць ад вёскі да лясной крыніцы.— А былі часы, да самай крыніцы ішлі, несучы ікону і спяваючы песні, — успамінае Кацярына Каркозава, начальнік аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама. Сама яна з Наркоў і добра памятае, як святкавалі Бразгуна. Дарэчы, у многім дзякуючы мясцовым уладам лакальнае свята набывае ўсё большыя маштабы. Пакуль едзем, Кацярына Іванаўна расказвае, што летась святую крыніцу ўмацавалі і добраўпарадкавалі, пабудавалі новую капліцу, пасля малебна ля крыніцы там жа ў лесе зладзілі вялікае свята царкоўнага і духоўнага песнапення. Тое ж чакалася і сёлета.Але пакуль ехалі, мне цяжка ўяўлялася, што такое магчыма. Бо чым далей мы ўязджалі ў лес, тым больш змрочна станавілася. Разбітыя лясныя дарогі, зламаныя ветрам дрэвы і гушчар вакол... Ці правільна звярнулі ў лес з галоўнай дарогі? Пакрыху пачала ўпэўнівацца, што напрамак выбралі правільна. Паабапал лясной сцежкі тут і там пачалі з’яўляцца прыпаркаваныя аўтамабілі, матацыклы... і коні. Праўду казалі, што на свята прыязджаюць адусюль і на ўсім.І... а-а-ах! У гэта цяжка паверыць, але раптам цемра рассеялася, лес расступіўся, і мы аказаліся на вялікай светлай і чыстай паляне, створанай самой прыродай пасярод гушчару. Ці не цуд?!

Срэбная стужка

З паляны, на якой сабралася ўжо шмат народу, спусціліся да крыніцы — той самай, якая некалі дзіўным чынам выбілася з-пад зямлі. Тут ледзь не чарга, людзі стаяць за вадзіцай — хто папіць, хто твар абмыць, а хто з сабой узяць, каб пасля загаварыць словамі “вада-вадзіца, Божая памачніца...” — Па-добраму зайздрошчу гэтаму краю і гэтым людзям, — прызнаўся фалькларыст Янка Крук, які прыехаў на Чэрыкаўшчыну запісаць бразгунскі абрад. — Зашчыміць што — яны адразу да крыніцы. Каб памаліцца там, пакінуць хваробы і выйсці адтуль чыстымі і шчаслівымі.Штогод да крыніцы прыносяць ікону “Аброк Наркоў”, запальваюць свечкі і служаць вадасвятны малебен з акафістам святым апосталам Пятру і Паўлу. Сёлета на Бразгун прыехалі святары з Магілёва, Чэрыкава, Чавус і аграгарадка Верамейкі. Пасля малебна і асвячэння вады веруючыя з галінкамі, адламанымі ад бярозак пры іконе, каб пасля ўтыкнуць у хату ці хлеў як абярэг, падняліся наверх. Туды ж перанеслі ікону — змясцілі пры каплічцы, каб людзі маглі яшчэ раз пакланіцца святым і папрасіць іх заступніцтва. А пасля наступіў і час адпачынку. На сцэне ляснога амфітэатра з царкоўным рэпертуарам выступілі хор царквы Ражаства Прасвятой Багародзіцы, магілёўская капэла і хор “Рэчанька”. Смакуючы бразгунскую вадзіцу, узгадала не толькі бабулек, але і маладых бацькоў з дзеткамі, што з радасцю пілі святую вадзіцу і ўсміхаліся сонейку з небам, разлёгшыся на траве. І падумала: калі прыходзяць яны на свята — жыць Бразгуну яшчэ доўга!

←Последний спектакль Любимова на Таганке проходит с аншлагом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика