Конкурс творчых прац "Амерыканская культура: якая яна?" распачынаецца ў Беларусі
08.07.2011 12:30
—
Новости Культуры
Конкурс творчых прац "Амерыканская культура: якая яна?" распачынаецца ў Беларусі
TUT.BYЦэнтр міжкультурнага дыялогу РКП пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міжнародным фондам “Залатая спадчына Віцебска” і Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук абвяшчаюць адкрыты конкурс "Амерыканская культура: якая яна?"
Кіраўнік праекта Любоў Уладыкоўская падкрэсліла, што мэта конкурса – не толькі ўзаемаўзбагачэнне нашых культур і глыбейшае іх веданне, але таксама ўмацаванне эканамічных і грамадскіх сувязей, якія ўжо існуюць, але пераважна на міжасабовым узроўні.
“Мы выбралі беларуска-амерыканскі напрамак таму, што, па-першае, Злучаныя Штаты Амерыкі застаюцца супердзяржавай, якая ў многім вызначае глабальнае развіццё, па-другое, амерыканскае грамадства – полікультурнае, што сугучнае беларускаму культурна-гістарычнаму фону, па-трэцяе, амерыканскую культуру і нават дзяржаву стваралі прадстаўнікі многіх народаў, у тым ліку беларускага, па-чацвёртае, мы вельмі мала ведаем пра гэтую надзвычай цікавую краіну, веды нашы даволі павярхоўныя і выдатна, што наш беларуска-амерыканскі дыялог – гэта не аднабаковы, а сустрэчны рух. Мы запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых, -- заявіла Л.Уладыкоўская.
На конкурс прымаюцца творчыя працы ад аўтараў і аўтарскіх калектываў незалежна ад іх узросту, роду заняткаў і краіны жыхарства па напрамках: “Прыцягальнасць амерыканскай культуры” і “Беларускія акцэнты ў амерыканскай культуры” у намінацыях эсэ, верш, малюнак, фотаздымак.
Эсэ або верш павінна быць на беларускай мове, мець аб’ём да 2 тыс. слоў і падавацца ў фармаце Doc.
Малюнкі або фотаздымкы падаюцца на конкурс у колькасці не больш за 3 шт. ад аднаго заяўніка.
Да прац дадаюцца суправаджальныя запіскі на беларускай мове з імем і прозвішчам аўтара (калектыва), з указаннем узросту, роду заняткаў і месца жыхарства, кантактнага тэлефона і электроннага адраса , а таксама з кароткай характарыстыкай пададзеных матэрыялаў і гісторыяй іх стварэння аб’ёмам да 2 друкаваных старонак.
Матэрыялы прымаюцца да 31 снежня 2011 г. на адрасы: электронны - BelarusAmer@gmail.com – і паштовы: 220072, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Сурганава,1/2, п. 1015 з адзнакай "Конкурс".
Пераможцы конкурса будуць аб’яўленыя да 28 лютага 2012 г.
З пытаннямі звяртацца: е-mail: BelarusAmer@gmail.com, тэл.: +375 29 673 26 21; +375 29 569 44 95.