Тры складнікі добрай справы

Источник материала:  
У Латвіі выдадзены першы “Беларуска-латышскі і латышска-беларускі слоўнік”. Яго прэзентацыя адбылася ў Мінску на ХV Міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі”
Тры складнікі добрай справыУ кнігавыдаўцоў ёсць прыкмета: добрая кніга атрымаецца, калі ў ёй спалучацца грунтоўная праца аўтара, крэатыўнае мастацкае аздабленне, салідная паліграфія. Усё гэта, лічыць намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Лапцёнак, гарманічна сышлося ў “Беларуска-латышскім і латышска-беларускім слоўніку”. У кнізе адлюстраваўся і лёс аўтара: доктар філалогіі Мірдза Абала больш за 40 гадоў па крупінках складала слоўнік, але выдаць яго не паспела. Рукапісныя матэрыялы выкупілі ў спадкаемцаў нашы землякі ў Латвіі, рыхтавалі слоўнік да друку навуковец Іван Лучыц-Федарэц і ягоныя калегі з Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А ініцыятарам праекта, яго ідэйным і фінансавым “рухавіком” стаў Саюз беларусаў Латвіі.
Дырэктар Інстытута Аляксандр Лукашанец адзначыў, што выданне слоўніка — не толькі даніна памяці Мірдзе Абале, але і ўзор плённага супрацоўніцтва паміж грамадскай арганізацыяй і навукоўцамі. “Першы наш досвед працы з беларусамі замежжа аказаўся ўдалым”, — парадаваўся вучоны.
Новы слоўнік будзе карысны для філолагаў і перакладчыкаў, усіх, хто вывучае беларускую і латышскую мовы. У ім 40 тысяч слоў, якія адлюстроўваюць абедзве сучасныя літаратурныя мовы. Там ёсць традыцыйная, грамадска-палітычная, навукова-папулярная лексіка, а таксама навукова-тэхнічная тэрміналогія.Тры складнікі добрай справы Прадстаўлены і некаторыя старыя словы, фалькларызмы і этнаграфізмы. Выступаючы на прэзентацыі, Пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоў падкрэсліў, што слоўнік стане добрым дапаможнікам для чытачоў у першую чаргу таму, што пры перакладах не спатрэбіцца пасрэдніцтва трэцяй мовы, латышам і беларусам яшчэ прасцей будзе шукаць паразуменне. Дарэчы, сам Пасол — ураджэнец Латгаліі, што ва ўсходняй частцы Латвіі, і ён звярнуў увагу на зафіксаваныя ў слоўніку словы з латгальскага дыялекту, які на працягу многіх стагоддзяў складваўся пад уплывам беларускай мовы.
Экзэмпляры слоўніка перададзены ў беларускую школу ў Рызе, Нацыянальную бібліятэку Латвіі. Нядаўна беларусы Латвіі прэзентавалі кнігу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. “Выданне слоўніка для нас было справай вельмі адказнай і ганаровай, — гаворыць старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. — І ён ужо становіцца добрым памагатым для ўсіх, хто працуе на развіццё і ўмацаванне рознабаковых сувязяў паміж братнімі краінамі”.

Кацярына Мядзведская

←Беларусь не попала в финал «Евровидения-2011»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика