Перадвелікодны, шосты тыдзень Вялікага посту - Вербніца

Источник материала:  
14.04.2011 10:21 — Новости Культуры

Перадвелікодны, шосты тыдзень Вялікага посту - Вербніца

  • Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, Звязда

Вербны тыдзень, Вербніца — перадвелікодны, шосты тыдзень Вялікага посту, прысвечаны падрыхтоўцы да ўрачыстай сустрэчы свята Вялікадня. Асноўныя абрады і дзеянні, звязаныя з гэтым тыднем, выконваліся ў суботу і нядзелю. На працягу тыдня назіралі за надвор'ем: 

На Вербным тыдні маразы — яравы хлеб добры будзе.

Вярбіч (маразы на тыдні) прайшоў, то кажухі не кідай.

Прыйдзе вярбіч — кажухоў тарбіч.

Галоўным святам гэтага тыдня, безумоўна, была Вербная нядзеля. Таму неабходна было падрыхтаваць самы галоўны атрыбут гэтага свята — вярбу, панесці яе раніцай у храм, асвяціць. Яе выразалі з кустоў, што раслі паабапал рэк і балот, прыносілі дахаты. Звязвалі ў пучкі па тры ці пяць і ўпрыгожвалі кветачкамі з каляровай паперы або нават кветкамі, спецыяльна нарыхтаванымі і засушанымі з лета, а таксама рознакаляровымі стужкамі. У некаторых рэгіёнах у гэты "букет" дабаўлялі галінку ядлоўцу.

Чаму менавіта гэтае дрэва было выбрана сярод астатніх? Пасля таго, як Хрыстос здзейсніў цуд — уваскрэшанне Лазара на трэці дзень пасля яго смерці, ён вырашыў увайсці ў Іерусалім, як неаднойчы ўваходзіў туды яго продак цар Давід, — седзячы на асле, што сімвалізавала яго шчырасць і міралюбства. Народ, які зваў Ісуса прароком, пачаў засцілаць яго шлях маладымі пальмавымі галінкамі, як гэта было прынята на Усходзе падчас сустрэчы шаноўных гасцей.

У царкоўным рытуале, які склаўся ў Старажытнай Русі, ролю пальмавых галінак адыгрывала вярба, якая ўвесну першай на нашых абшарах прачынаецца ад зімовага сну, першай выпускае пупышкі, якія атаясамліваюцца з першымі кветкамі. Таму ў гэты дзень прынята прыходзіць у царкву з галінкамі вярбы.

Вярба — кустарнік або дрэва, якое часцей за ўсё расце паблізу ад вады, у лагчынах, там, дзе багата вільгаці. Пачынае цвісці вельмі рана, але гэтыя кветкі незвычайныя. Невялічкія шэрыя пупышкі на галінках нагадваюць поўсць ката ці маладой авечкі, таму ў народзе галінкі вярбы яшчэ называюць "коцікамі", "авечкамі" ці "барашкамі".

У народнай культуры ўсходніх і заходніх славян гэтае дрэва мела дваістую характарыстыку. З аднаго боку, яно стала сімвалам хуткага росту, урадлівасці, добрага здароўя. Да маладой вярбы ставіліся як да свяшчэннага дрэва: галінкі неслі ў храм, каб асвяціць, затым прыносілі дадому і выконвалі з імі шэраг рытуальных дзеянняў, якія сімвалізавалі адраджэнне (ці зараджэнне) новага жыццёвага цыкла, новага здароўя і ўраджаю.

Сярод заходніх славян (Маравія, Боснія, Польшча) лічылі, што вярба атрымлівае большую цудадзейнасць не перад Вялікаднем, а на Юр'я. Менавіта ў гэты дзень дзяўчаты плялі з вярбы вянкі і прыгаворвалі: "Каб дабрабыт у хаце рос, як вярба вясной".

З іншага боку, старое дрэва вярбы заўсёды вызывала насцярожанасць, таму што лічылася: месца, дзе расце гэта дрэва, благое, бо там жывуць вадзянікі і іншыя нячысцікі. Таму, каб не трапіць у рукі да нячыстай сілы, да Вербнага тыдня забаранялася хадзіць на балоты, да вады — у так званыя "гіблыя" мясціны, выпускаць карову з двара і г.д.

Паколькі вярба расла каля вады і выконвала ролю сімвалічнай мяжы паміж зямной і воднай прасторамі, гэтае дрэва забаранялася садзіць каля дома, на агародзе, у садзе. Казалі так: "Хто вярбу саджае, сам сабе заступ рыхтуе".

←Фотограф Николай Маминов: Нужно мешать гламур и фэшн с трешем и китчем и примешивать туда гиппериализм

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика