Патрыёт з вялікай літары. Акадэмік Яўхім Карскі адкрыў свету самабытны беларускі народ і вызначыў межы Беларусі

Источник материала:  
Патрыёт з вялікай літары.
Акадэмік Яўхім Карскі адкрыў свету самабытны беларускі народ і вызначыў межы Беларусі

Для чалавека, які нарадзіўся ў маленькай вёсцы Лашы Гродзенскай вобласці, Яўхім Карскі быў надта прагрэсіўны. Вучыўся ў славутым Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце. Выкладаў у Віленскай гімназіі. Узначальваў Варшаўскі ўніверсітэт і Петраградскі музей антрапалогіі і этнаграфіі. Быў членам Акадэміі навук Расіі і Чэхіі. Удзельнічаў у стварэнні Інбелкульта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І ўсё жыццё прысвяціў вывучэнню роднай Беларусі. Цяжка знайсці куточак беларускай зямлі, у якім не пабываў бы вучоны-вандроўнік, даследуючы мову, жыццёвы ўклад, традыцыі, святы, песні і казкі беларусаў.

З-пад пяра вучонага і этнографа Карскага выйшла больш за 1000 прац, у тым ліку манаграфій, артыкулаў, падручнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы. Самая знакамітая — трохтомнае выданне “Беларусы”, якое складаецца з сямі частак і налічвае больш за 1300 старонак. Яе называюць энцыклапедыяй беларусазнаўства, найвышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца XIX — пачатку XX стагоддзя. У “Беларусах” Яўхім Карскі абгрунтаваў, што беларускі народ існуе як нацыянальная адзінка са сваёй арыгінальнай культурай, мовай, багатымі традыцыямі і невычэрпнай крыніцай вуснай паэтычнай народнай творчасці.Цікавы дадатак можна знайсці ў першым томе “Беларусаў”. Гэта “Этнаграфічная карта беларускага племені”, створаная Карскім па выніках этнаграфічнай экспедыцыі 1903 года па межах распаўсюджання беларускай дыялектнай мовы. У выданне “Беларусы” Карскі ўключыў карту з чыста навуковых меркаванняў. Ён нават не здагадваўся, што яна хутка спатрэбіцца палітыкам. Калі ў пачаткуХХ стагоддзя ў беларусаў з’явілася магчымасць аднавіць сваю дзяржаўнасць, “Этнаграфічная карта беларускага племені” стала выдатнай дапамогай у вырашэнні палітычных спрэчак. Так, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі згадваў, што Аляксандр Чарвякоў у Смаленску заўсёды насіў пры сабе мапу Карскага. Складзеную ў колькі разоў, захоўваў у бакавой кішэні. Як толькі здаралася якая спрэчка з расійскімі палітыкамі, дык ён — за мапу: “Вось глядзіце, тут чорным па белым пазначаны межы Беларусі! І не мною гэта прыдумана і зацверджана, а расійскімі вучонымі”.Да 150-годдзя знакамітага земляка Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны архіў Беларусі сумесна з іншымі архівамі краіны падрыхтавалі выставу і электроннае выданне “Спадчына акадэміка Яўхіма Карскага”. Як вядома, у Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца кнігазбор Карскага. Ён сам падараваў яго “храму ведаў” у 1921 годзе, калі бібліятэка толькі закладвалася. Сам стварыў рукапісны каталог, у якім налічвалася каля трох тысяч выданняў. У асноўным гэта кнігі па археалогіі, беларусазнаўству, гісторыі і этнаграфіі. На жаль, каля 500 экзэмпляраў было страчана падчас Другой сусветнай вайны, калі бібліятэка Карскага была вывезена за межы краіны. У экспазіцыю і электроннае выданне ўвайшлі ўнікальныя матэрыялы, у тым ліку і вядомыя дагэтуль толькі вузкаму колу людзей. Гэта, напрыклад, эпісталярная спадчына і поўны спіс прац акадэміка, якія падрыхтаваў яго праўнук з Санкт-Пецярбурга гісторык, захавальнік сямейнага архіва Аляксандр Карскі.— Над бібліяграфіяй публікацый Карскага я працаваў каля васьмі гадоў, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч. — Праглядаючы Віленскую газету, часопіс “Русский филологический вестник”, які рэдагаваў Яўхім Карскі, і іншыя выданні, я сабраў звесткі пра больш чым тысячу публікацый вучонага. Разам з тым падрыхтаваў да электроннага выдання спіс месцаў, дзе бываў Карскі. Сярод прадстаўленых матэрыялаў не толькі біяграфічны нарыс вучонага, афіцыйныя дакументы, бібліяграфіі, каталог кніг, але прадстаўленыя Санкт-Пецярбургскім філіялам Расійскай акадэміі навук рэдкія матэрыялы з асабістага архіва вучонага. Гэта фотаздымкі, успаміны жонкі Сафіі Карскай, запісныя кніжкі вучонага, лісты на яго адрас ад беларускіх навукоўцаў і пісьменнікаў.“Такога Карскага мы яшчэ не ведалі!” — пракаменціраваў выставу і дыск кандыдат гістарычных навук Віталь Скалабан. І сапраўды, Яўхім Карскі з матэрыялаў выставы і электроннага выдання паўстае перад намі не толькі як вучоны, што адкрыў свету Беларусь ці стварыў яе карту, але як жывы чалавек — пяшчотны муж, любячы бацька, шчыры сябра.

←Книга Светланы Алексиевич – в пятерке претендентов на премию Капустинского

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика