Пачатак евангельскай гісторыі. Сёння праваслаўныя адзначаюць адно з самых вялікіх свят — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы
Благавешчанне — адно з дванаццаці самых галоўных свят у праваслаўным календары. Біблейскае паданне гаворыць аб тым, што ў гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл і абвясціў ёй, што яна народзіць Сына Божага і Збаўца свету.
З гэтага моманту, па сутнасці, пачынаецца евангельская гісторыя, якая ўжо больш як дзве тысячы гадоў для мільёнаў людзей аснова існавання. Наперадзе ў ёй нараджэнне Хрыста, уцёкі ў Егіпет, спакушэнне ў пустыні, Нагорная пропаведзь, Тайная вячэра і арышт, распяцце і Уваскрэсенне. Але напачатку было Слова.І Слова стала чалавечай плоццю і сутнасцю толькі пасля згоды Дзевы Марыі. І ў гэтым заключаецца галоўны цуд і сэнс свята Благавешчання — усемагутны Бог просіць у слабага чалавека згоды, тым самым пацвярджаючы свой найвышэйшы дар нам — Свабоду Волі.На ўсходнеславянскіх землях сярод праваслаўных і сёння існуе прыгожая традыцыя — у дзень Благавешчання выпускаць на волю птушак. Звычайна гэта робяць святары і дзеці.У гэты дзень тым, хто посціць, дазваляецца ўжываць у ежу рыбу. У народзе існуе забарона працаваць па гаспадарцы: “На Благавешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касу не пляце”.