Цёплае свята ў гонар вясны

Источник материала:  
Малдаване, якія жывуць у Беларусі, беражліва захоўваюць свае нацыянальныя традыцыі
Цёплае свята ў гонар вясныНекалькі стагоддзяў малдаване ладзяць веснавое свята Мэрцішор. Традыцыйна яго адзначаюць у Малдове з 1 па 12 сакавіка: людзі дораць адзін другому ўпрыгожванні-мэрцішоры — гэта дзве кветачкі ці сардэчкі чырвонага і белага колеру. Іх, як мне расказалі сябры-малдаване, прыколваюць на адзенне з левага боку, каля сэрца. Пасля свята амулеты абавязкова прывязваюць да галінкі дрэва ці шматгадовай кветкі, і тады лічыцца, што чалавек апякуецца над упрыгожанай раслінай увесь год. Свята акружана легендамі пра яго паходжанне. У адным з варыянтаў гаворыцца, як падснежнік з’явіўся ў зарасніках цярноўніка, і на дапамогу яму, бо яшчэ лютавала Зіма, ішла Прыгажуня-Вясна. Яна, расчышчаючы снег, укалола палец аб куст, кроў капнула на белы снег — і там вырасла чырвоная кветка.
У Малдове штогод праходзіць Міжнародны фэст вясны і музыкі “Мэрцішор”, сёлета ўжо ў 45-ы раз. Далучыўся да свята і Мінск. У актавай зале Беларускай акадэміі музыкі ладзілася прыгожая вечарына. У ліку яе арганізатараў — пасольства Малдовы ў Беларусі, Таварыства дружбы “Беларусь — Малдова”, прадстаўнікі малдаўскай дыяспары на Беларусі. Дарэчы, кожны госць і ўдзельнік свята на пачатку ўрачыстасці атрымаў амулет-мэрцішор. Іх дарылі малдаўскія жанчыны ў нацыянальных строях.
Свята Вясны адкрыў пасол Малдовы ў Беларусі Георгій Хіаарэ. Ён павіншаваў прысутных, а іх сабралася каля 200 чалавек, са святам, расказаў некалькі легенд, звязаных з Мэрцішорам. Выступілі таксама пасол Балгарыі ў Беларусі, прадстаўнік пасольства Румыніі. Потым пачаўся канцэрт, шматлікія артысты ў прыгожых строях зачароўвалі гледачоў іскрамётнымі танцамі і песнямі. Прыемна адзначыць, што на свяце гучалі і беларускія песні. Шмат цёплых апладысментаў атрымалі артысты вакальна-танцавальнага гурта “Плай”, харэаграфічнага ансамбля “Букурыя” (“Радасць”). Усе былі ў захапленні і ад дзіцячага дуэта “Салодкая парачка”: юныя таленты праспявалі малдаўскую і беларускую песні. Парадаваў майстэрствам вакальны ансамбль Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў —дзяўчаты ў народных строях спявалі беларускія песні. Муж і жонка Васіль і Ніна Семянюкі, а гэта ўдзельнікі ансамбля “Баравічанка” з Дзяржыншчыны, выканалі малдаўскую песню “Ружа Малдовы”. Дарэчы, малдаванін Васіль Семянюк яшчэ і мастак: сцэну ўпрыгожвала менавіта ягоная карціна “Вясна”. Іскрамётна завяршылі канцэрт малдаўскія танцы “Малдаваняска” і “Сырба” — нібы яркія кветкі ў вянок Вясны, беларускага-малдаўскага сяброўства.

Лявон Целеш

←МЫ НАЧИНАЕМ КВОЕН

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика