Гётэ лучыць сяброў

Источник материала:  
“Голас Радзімы” пачынае змяшчаць матэрыялы пад рубрыкай “Узаемаразуменне”. Гаворка ў іх пойдзе пра ўстановы і арганізацыі, якія садзейнічаюць грамадскім, навуковым, культурным кантактам паміж людзьмі, народамі, краінамі, дапамагаюць наладжваць масты паразумення.
У апошнія гады, калі Беларусь умацавала пазіцыі ў свеце як незалежная дзяржава, за рубяжом, у Польшчы, Украіне, Азербайджане, з’явіліся першыя беларускія інстытуты і навуковыя цэнтры. Як відаць з друку, іх адкрыццё рыхтуецца і ў шэрагу іншых краін. Адначасова павялічваецца колькасць падобных асяродкаў у Беларусі. Пачатак ім быў пакладзены нямецкім Інстытутам Гётэ, а таксама Польскім інстытутам у Мінску. А нядаўна да іх дадаліся расійскі, кітайскі, японскі культурна-асветныя асяродкі. Пра іх мы і раскажам у матэрыялах пад новай рубрыкай.Гётэ лучыць сяброў
Упершыню з дзейнасцю Інстытута Гётэ ў Беларусі я пазнаёміўся ў маі 1999 года, калі адзначалася 250-годдзе класіка нямецкай літаратуры. Тады ў Доме дружбы мне выпаў гонар быць сустаршынёй Міжнароднага “круглага стала” “Гётэ і Беларусь”. І адкрылі яго дырэктар названага інстытута, прадстаўнікі пасольства ФРГ у Беларусі, берлінскага Таварыства “Беларуска-нямецкія сустрэчы”, зямляцтва “Widergeburt” і, вядома ж, беларускіх устаноў і арганізацый.
Помню, на пачатку пасяджэння некаторыя яго ўдзельнікі аднесліся да тэмы “круглага стала” з пэўным скепсісам. Бо, як вядома, на беларускіх землях Іаган Вольфганг фон Гётэ не бываў, хаця, безумоўна, чуў пра іх як пра тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Хаця б з вуснаў Адама Міцкевіча і ўраджэнца Ашмяншчыны польскага паэта Антонія Адынца, якія наведалі яго ў Веймары, пакінуўшы добрае ўражанне.
І тым не меней, дзякуючы насычаным фактам і дакладам паведамленняў скептыкаў стала менш, яны пагадзіліся, што Гётэ ў Беларусі прысутнічаў і прысутнічае.
Назаву толькі самыя значныя факты. Выдатны пераклад “Фаўста” на беларускую мову зрабіў і выдаў (1976) Васіль Сёмуха, які за гэта атрымаў высокую нямецкую ўзнагароду (2001). Таленавіта праілюстраваў таго ж “Фаўста” вядомы мастак Арлен Кашкурэвіч. А першую оперу на сюжэт “Фаўста” напісаў ураджэнец Нясвіжа Антоні Радзівіл, для якога сам паэт нават зрабіў пэўныя змены ў тэксце. Як расказаў на “круглым стале” маэстра Віктар Скорабагатаў, опера Антонія Радзівіла з вялікім поспехам была пастаўлена на беларускай сцэне, атрымала высокую ацэнку ў друку. Дарэчы, у бібліяграфіі “Гётэ ў беларускім друку”, складзенай Валянцінай Грышкевіч, тады было каля сотні пазіцый. Частка дакладаў “круглага стала” была змешчана ў штомесячніку “Кантакты і дыялогі” (1999. № 7–8), але толькі частка. Зборнік у цэлым (факты ж не старэюць!) чакае свайго дабрадзея.Гётэ лучыць сяброў
За апошнія гады колькасць перакладаў і даследаванняў, прысвечаных Гётэ, істотна павялічылася. У папулярнай серыі выдавецтва “Кнігазбор” выйшла “Выбранае” паэта. Праведніца свету, даследчыца і перакладчыца Валянціна Выхота цікава супаставіла эпічную паэзію Гётэ і Коласа. Яна ж, на свае грошы, апублікавала ажно тры выданні брашуры “Лінгвістычны падыход да перакладу верша Ё.-В. Гётэ “Ружачка ў полі”. Хіба ж не літаратурны подзвіг?!
І ўвесь час свайго існавання Інстытут Гётэ дбаў пра пашырэнне творчасці нямецкага нацыянальнага генія ў Беларусі, стымуляваў вывучэнне нямецкай мовы і літаратуры ў беларускіх вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Вось і сёлета ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна толькі што прываблівала наведвальнікаў інтэрактыўная і мультымедыйная выстава “Размаўляем па-нямецку”, дзе былі такія раздзелы, як “Узнікненне нямецкай мовы”, “Мова і мастацтва”, “Прыгажосць мовы”, “Маладзёжны жаргон”. Адначасова праводзіліся “Двухмоўныя чытанні” паэзіі і прозы.Гётэ лучыць сяброў
На Інстытут Гётэ прыйшоўся асноўны цяжар па арганізацыі нямецкай часткі нядаўняй XVIII Мінскай міжнароднай выставы-кірмаша — яе ганаровым госцем была на гэты раз Германія. Са шматлікіх мерапрыемстваў, праведзеных інстытутам у час выставы, найбольш значнымі і цікавымі мне падаліся прэзентацыя і сустрэча з Увэ Радам. Гэта аўтар наватарскай кнігі “Галасы Панямоння: гісторыя, культура, лёсы аднаго еўрапейскага абшару” з багатым беларускім матэрыялам. Характэрна, што на нямецкай мове яна пабачыла свет у выдавецтве “Зіндлер Ферлаг” у 2010 годзе, а сёлета паспела ўжо выйсці ў мінскай “Тэхналогіі” ў беларускім перакладзе.
Безумоўна, дзейнасць Інстытута Гётэ ў Беларусі куды шырэй, чым мне ўдалося тут сказаць. У яго праграме на сакавік-чэрвень 2011 года названы розныя семінары, выставы, майстар-класы, канцэрты, спектаклі, кінапаказы... Месціцца ж інстытут у Мінску па вуліцы Веры Харужай. Там, спадзяюся, у час бліжэйшага юбілею паэта выйдзе і зборнік “Гётэ і Беларусь”, рукапіс якога я спецыяльна браў на выставу-кірмаш.

Адам Мальдзіс

←МЫ НАЧИНАЕМ КВОЕН

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика