Балотная Поня
Разважаючы з сябрамі, дзе можна было б адпачыць у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці летнім вечарам, убачылі на карце назву ракі — Поня. Такая прыгожая і мілагучная. А што яна абазначае? Сяргей МАЗАНІК, Докшыцкі раён
— Такая прывабная на першы погляд назва не мае адпаведнага тлумачэння ў беларускай мове. Ды і апісанне ракі ў сучасных энцыклапедычных даведніках не дае ніякай падказкі адносна паходжання назвы ракі, паколькі ў цяперашні час яе пойма асушана, парэзана густой сеткай меліярацыйных каналаў, рэчышча каналізаванае, і сама рака прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў. Зусім іншы выгляд рака мела ў далёкім мінулым, яшчэ ў тыя часы, калі па яе берагах жылі балцкія плямёны, якія, верагодна, і далі такую цікавую назву. Такія высновы дазваляе зрабіць сама назва, якая паходзіць ад балтыйскага слова pane, што азначае балотная вада, мокрае, сырое, вільготнае, тарфяное балоцістае месца.