Векавых традыцый абнаўленне

Источник материала:  
Першае пасяджэнне Рэспубліканскага савета па справах культуры, які аб’ядноўвае дзяржаўныя і грамадскія інтарэсы ў гэтай сферы, прайшло ў старажытным Мірскім замку
Векавых традыцый абнаўленнеУпершыню ў замку мне давялося пабываць вясной 1993 года. Тады ў Мінску праходзіла Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная беларуска-літоўскаму грамадска-культурнаму ўзаемадзеянню, і група яе ўдзельнікаў, у тым ліку і такія асобы, як мецэнат, нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх прафесар Анджэй Цеханавецкі (Англія), прадстаўнік Польшчы ў ЮНЕСКА прафесар Ежы Клачоўскі, прафесар Сантэ Грачыёці (Італія), выехала ў Нясвіж і Мір. Калі ў Нясвіжскім замку, дзе тады быў санаторый, мы пабачылі адносны парадак, то ў Мірскім… сустрэла запусценне. Нашы госці прыйшлі да высновы, што з такім каштоўным гісторыка-архітэктурным помнікам трэба нешта тэрмінова рабіць. Кожны з гасцей даў слова напісаць грунтоўны ліст ад сваёй, нацыянальнай камісіі ў ЮНЕСКА. Так і быў атрыманы першы грант на рэстаўрацыю Мірскага замка.
Аднак неўзабаве рэстаўратары пабачылі, што і першага, і наступных грантаў, і грамадскай дапамогі замала. За іх удалося больш-менш прывесці ў парадак толькі адну вежу ды пераходы да яе. І тады пра замак пачала клапаціцца дзяржава. Актывізавалася Міністэрства культуры. Экспанаты, абсталяванне шматлікіх інтэр’ераў ўзяў на сябе Нацыянальны мастацкі музей. У выніку замак, які выбудавалі ў XV стагоддзі князі Ільінічы, а потым дараблялі і перараблялі Радзівілы і Святаполк-Мірскія, на пачатку 2011-га ажыў нанава. На ўрачыстым адкрыцці яго першай і асноўнай часткі прысутнічаў Прэзідэнт.
І вось адноўлены замак пачаў сплачваць беларускай дзяржаве і грамадству свой доўг — укладзеныя ў яго сродкі. У старажытных сценах, якія памятаюць не адну каранаваную асобу і не аднаго вяльможу, адбыўся першы грамадскі форум, куды больш дэмакратычны па складзе ўдзельнікаў — гэта былі артысты, мастакі, пісьменнікі, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Тут прайшло першае пасяджэнне Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Беларусі.
Пасяджэнню папярэднічала экскурсія па адноўленым замку. Мы змаглі пераканацца, як многа рэчаў знойдзена або адноўлена па старых узорах. І ўжо цяпер у Мір прыязджае куды больш турыстаў, айчынных і замежных, паляпшаецца іх абслуга.
Пасяджэнне адкрыў старшыня Грамадскага савета міністр культуры Павел Латушка. Ён пазнаёміў прысутных з пастановай Савета Міністраў аб стварэнні савета і палажэннем аб прынцыпах яго работы, складам савета, куды ўвайшлі кіраўнікі ўсіх творчых саюзаў і многіх грамадскіх аб’яднанняў, вядомыя дзеячы культуры, навукі і мастацтва. Асноўныя пытанні будуць спярша кваліфікавана разглядацца ў секцыях. Іх сем, у адпаведнасці з кірункамі: тэатральная, выяўленчая, музычная, харэаграфічная і цыркавога мастацтва, кінамастацтва і тэлебачання, ахова гісторыка-культурнай спадчыны і музейнай дзейнасці (мяне ўключылі ў яе склад), сфера адукацыі, бібліятэчная справа і культурная дзейнасць.
З дакладамі і ў спрэчках выступілі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Барыс Святлоў, намеснік старшыні Грамадскага савета Анатоль Бутэвіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў і іншыя. Яны ўзнімалі пытанні рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, недахопу ў рэпертуарах тэатраў твораў айчыннай драматургіі і шэраг іншых. Мне выпала сказаць пра тое, што, належным чынам ацаніўшы ўклад у нашу культуру роду Радзівілаў, мы амаль забылі пра музейную, бібліятэчную і архіўную дзейнасць іншых магнатаў і мецэнатаў, у першую чаргу Сапегаў, чыю багатую карцінную галерэю ў Ружанах і Дзярэчыне можна было б аднавіць адносна лёгка і з вялікай карысцю.
Прынята рашэнне праводзіць пасяджэнні савета два разы на год, бліжэйшыя будуць прысвечаны мастацкаму выхаванню моладзі і захаванню гістарычнай спадчыны.

Адам Мальдзіс

←ТА САМАЯ ДУНЕЧКА

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика