У Мінску прэзентавалі дакументальны фільм пра Барадуліна
Як перадае БелаПАН, у Белдзяржфілармоніі 28 снежня адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма "Як па сухому. Штрыхі ды партрэта Рыгора Барадуліна", прысвечанага 75-годдзю народнага паэта Беларусі.
Белая яблыня грому Чорных садоў ліхалецьця. Яблык яе нікому Не пажадаю на сьвеце. Голая яблыня грому Жахам жагнала прысьмерк. Пэўна, што д'яблу самому Помніцца горкі прысмак. Сьветлая яблыня грому З салаўінае усяночнай. Ласкавага яблыка стому Я надкусіў аднойчы. Ціхая яблыня грому, Першага мілага гневу. Позірку маладому Праглася бачыць Еву. Добрая яблыня грому, Радасьцю поўні наўкольле! Хай жа ня будзе злому Гольлю твайму ніколі. Белая яблыня грому, Клопатам, гаманою I на апошнюю строму Сьветла ўзыдзі са мною. Р.Барадулін |
59-хвілінны каляровы фільм створаны на кінастудыі рымска-каталіцкай парафіі Святых Сымона і Алены рэжысёрам Аляксандрам Матафонавым і прадзюсарам, ксяндзом-пробашчам Чырвонага касцёла Уладзіславам Завальнюком.
Завальнюк нагадаў, што народны паэт Беларусі з 2006 года намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры за зборнік духоўнай і філасофскай паэзіі "Ксты", выдадзены Чырвоным касцёлам. Паводле слоў ксяндза Уладзіслава, натхнёнае і жывое слова Барадуліна будзе вечным у народзе, як ззяюць на небе зоркі, якія даўно згаслі.
Як адзначыў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духоўны і творчы подзвіг Барадуліна з'яўляецца часткай беларускай хрысціянскай культуры. Візітатар нагадаў, што ўлетку 2004 года ў Ватыкане паэт быў прыняты папам рымскім Янам Паўлам II, які ў асобе Барадуліна добраславіў прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць на адраджэнне краіны.
У фільме творчая асоба паэта раскрываецца ў выказваннях яго сяброў і калег Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, літаратуразнаўцаў Алы Сакалоўскай, Пятра Васючэнкі і Юрыя Стулава, а таксама землякоў Барадуліна. Вялікая частка здымак зроблена ў 2009 годзе на радзіме паэта ў гарадскім пасёлку Ушачы Віцебскай вобласці. У сваёй роднай хаце і старым садзе паэт гутарыць з суразмоўцамі і гледачамі аб вечным — Радзіме, паэзіі, мове, шляху да веры.
Шчаслівую будучыню "беларускай Беларусі" паэт звязвае з яе незалежнасцю, роднай мовай і чалавечым сумленнем.
На вечарыне выступілі Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, хор Чырвонага касцёла "Голас душы", заслужаны артыст Беларусі Якаў Навуменка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка і саліст Белдзяржфілармоніі Канстанцін Шараў (арган), прагучалі творы Барадуліна.
Нагадаем, у гэтым годзе ўжо выйшаў яшчэ адзін дакументальны фільм пра Барадуліна — «Эпоха Барадуліна». Тады культуролаг Максім Жбанкоў адзначыў, Барадулін, хоць, і жывая легенда айчыннай культуры, але “не тот герой” — як “безумоўны маральны аўтарытэт, які не хавае скепытычнага стаўлення да сучаснай улады”.
|