Даследчыкі не ведаюць, колькі беларускіх каштоўнасцяў знаходзіцца сёння за мяжой
29.12.2010 11:45
—
Новости Культуры
Даследчыкі не ведаюць, колькі беларускіх каштоўнасцяў знаходзіцца сёння за мяжой
Даследчыкі гісторыі і культуры нашай краіны не ведаюць, колькі беларускіх каштоўнасцяў знаходзіцца сёння за мяжой. Як і не ведаюць пра тое, колькі гісторыка-культурных аб'ектаў увогуле было створана на тэрыторыі Беларусі.
Агульны рэестр страчаных каштоўнасцяў
У нашай краіне пакуль няма агульнага рэестра вывезеных скарбаў, у той час як нашыя суседзі такія спісы даўно маюць. Напрыклад, у Расіі, пачынаючы з 1999 года, ужо выйшла 16 тамоў аб скрадзеных і страчаных каштоўнасцях падчас Вялікай Айчыннай вайны.
На працягу многіх гадоў вяртаннем на радзіму гісторыка-культурнай спадчыны займаліся даследчыкі на грамадскіх пачатках. І толькі ў 2009 годзе (праз 18 гадоў незалежнасці) да навукоўцаў прыслухаліся: быў створаны дзяржаўны орган. Пры Савеце Міністраў Беларусі пачала дзейнічаць Камісія, у абавязкі якой уваходзіць выяўленне, вывучэнне і вяртанне тых культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за межамі Беларусі. У тым ліку Камісія павінна выпрацаваць той самы рэестр, які абагульніць звесткі аб вядомых перамешчаных скарбах.
Да "пераломнага" 2009 года ўлікам замежных беларускіх каштоўнасцяў займаліся розныя ўстановы, накшталт Нацыянальнага архіва ці Нацыянальнага мастацкага музея, але ўлік вёўся толькі ў межах кампетэнцыі гэтых устаноў. Ніхто ніколі гэтыя звесткі ў адзін спіс не аб'ядноўваў. Цяпер іх трэба звесці пад адзіны "фармат" уліку, а гэта справа не аднаго дня і нават года. Сёння для розных каштоўнасцяў ёсць розныя стандарты апісання, у тым ліку міжнародныя і нацыянальныя, якімі кіруюцца пры стварэнні рэестра ўстановы.
Зараз праца Камісіі праз паўтара года знаходзіцца на этапе распрацоўкі навуковага механізму па вяртанні каштоўнасцяў. Што гэты механізм будзе сабой уяўляць, невядома. Розныя даследчыкі на гэты конт маюць свае погляды, і, каб стварыць штосьці канкрэтнае, трэба прыйсці да чагосьці агульнага. Пакуль што гэтае "агульнае" таксама выпрацоўваецца. Цяжкасці ўзнікаюць з тым, што пад катэгорыю "каштоўнасці" падпадаюць абсалютна розныя рэчы — гэта і аб'екты мастацтва, і архіўныя дакументы, і бібліятэчныя зборы і г.д. Вяртаць на Радзіму ўсе гэтыя рэчы можна па-рознаму. Гэта і фізічнае вяртанне, і стварэнне агульных збораў, і стварэнне копій. І для таго, каб вызначыць, што і як трэба вяртаць, спачатку неабходна стварыць менавіта такую стратэгію, якая б дазваляла працаваць планамерна...
Эх, ліхі дзевяноста другі!
Сустрэць рэчы ці дакументы, якія паходзяць з нашай краіны,сёння можна ад Расіі да Мексікі. Але ведаць месца паходжання — гэта яшчэ не азначае мець права на валоданне страчаным скарбам. Заяўляць аб фізічным вяртанні можна толькі ў тым выпадку, калі маюцца доказы незаконнага вывазу. А даказаць гэта вельмі няпроста. Многія дакументы страчаны назаўсёды, а тыя, што захаваліся, часам падаюць недакладныя звесткі.
Вось і прыходзіцца нам спадзявацца на "жэсты добрай волі", якія рэдка, а ўсё ж такі бываюць. Гэтым летам, напрыклад, нямецкі бок перадаў нам кнігі па біялогіі і батаніцы, якія належалі сельгасакадэміі ў Горках і былі вывезены ў час вайны. Але, вядома, гэта не тыя аб'екты гісторыі і культуры, якія б хацелі бачыць беларусы ў сваіх музеях. Так, для навукоўцаў гэта, безумоўна, скарб. І нават спрачацца не трэба. Але большасць слуцкіх паясоў і выданняў Скарыны па-ранейшаму знаходзіцца ў Расіі, партрэты Радзівілаў — у Польшчы, а Крыж Еўфрасінні Полацкай увогуле можа быць у любой краіне свету. Калі гэтыя і іншыя скарбы вернуцца ў Беларусь, адказу атрымаць немагчыма. Пытанне запалітызаванае. Залежыць не толькі ад добрых адносін, але і ад таго, што можна прапанаваць у замен.
Напрыклад, у Расіі дзейнічае закон, які забараняе ўсялякі вываз гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І калі мы прасілі перадаць нам тыя ж слуцкія паясы, яны, у сваю чаргу, прапанавалі зрабіць абмен: мы вам паясы, вы нам — усю калекцыю карцін Шышкіна. І тады пачынаюцца дыскусіі ў навуковым асяроддзі: а ці ёсць увогуле цана ў такіх рэчаў? Пасля чаго зноў трэба чакаць зручнага моманту, каб заявіць свае правы на штосьці.
У 1992 годзе перадача гісторыка-культурных скарбаў у межах СНД ледзь не адбылася. Усе краіны былой савецкай дзяржавы падпісалі пагадненні аб вяртанні каштоўнасцяў у краіну іх паходжання. Пад дакументам паставіў подпіс і тагачасны прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын, што выклікала хвалю абурэння ў самой Расіі. Краіна, якая захоўвае столькі шэдэўраў сусветнай культуры, можа пазбавіцца ўсяго ў адзін момант! Дэпутаты не маглі пайсці на такі неабдуманы крок, падпісаўшы дагаворы, і проста адмовіліся ад гэтай прэзідэнцкай "дурасці". Хто з гэтай сітуацыі выйшаў пераможцам, зразумела. А ці беларусы б паступілі інакш?
Журналісты — пераШКОДНІКІ!
Як гэта ні дзіўна, але часта адной з галоўных перашкод у працэсе вяртання культурных каштоўнасцяў становяцца журналісты. Калі Камісія пры Савеце Міністраў толькі пачала працаваць, гэта выклікала вялікую цікавасць з боку айчынных СМІ, пасля чаго справа па некаторых аб'ектах пачала марудзіцца. Вядома ж, ніхто добраахвотна са скарбамі развітвацца не хоча, і калі аб'ектам пачынаюць цікавіцца навукоўцы з мэтай далейшага вяртання, то робяцца ўсялякія перашкоды з боку ўладальнікаў, каб даследчыкі не змаглі атрымаць поўных звестак. Асабліва праблематычна, калі каштоўнасць знаходзіцца ў прыватных руках.
Але казаць, што праца па вяртанні ў Беларусі не праводзіцца, нельга. Гэта пацвярджаюць факты апошніх гадоў. У прыватнасці, Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі былі перададзены лічбавыя копіі архіва Міхаіла Клеафаса Агінскага (каля 6 тысяч старонак), арыгінал якога знаходзіцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Зараз сумесна з украінскім бокам вядзецца віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі Храптовічаў, якая была перададзена прадстаўнікамі гэтага роду ў 1913 годзе Кіеўскаму ўніверсітэту Святога Уладзіміра.
Разам з ЮНЕСКА быў здзейснены праект па віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі і архіва Радзівілаў. У ім удзельнічалі архівісты і бібліятэкары шасці краін: Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Фінляндыі. Па ініцыятыве беларускага боку дакументальная спадчына Радзівілаў была ўнесена ў сусветны рэестр "Памяць свету". Завяршальным этапам праекта стала стварэнне адзінага інфармацыйнага рэсурсу "Дакументальная спадчына Рэчы Паспалітай". У бліжэйшы час, таксама пры падтрымцы ЮНЕСКА, распачнецца новы праект па віртуальнай рэканструкцыі бібліятэчнага збору Сапегаў.
Весці гаворку пра тое, хто і што нам сёння "патрэбна", нельга. У такім выпадку да нас таксама можна знайсці прытэнзіі. Наша праблема ў тым, што мы часам самі адмаўляемся ад таго, што маем. Трэба не забываць, што вяртанне бывае не толькі фізічнае, але і духоўнае! Тыя ж Адам Міцкевіч і Міхаіл Клеафас Агінскі сёння лічацца ў свеце польскімі дзеячамі, хоць нам дакладна вядома, да якога народа яны належаць. Вось і атрымоўваецца, як казаў класік, што з-за ўласнай беднасці даруем сваіх паэтаў і музыкантаў іншым краінам.
Ва ўсім жа астатнім застаецца спадзявацца на спецыялістаў, якія працуюць над справамі рэстытуцыі, каб праз некаторы час мы маглі ганарыцца тымі скарбамі беларускай культуры і гісторыі, якія не па нашай віне трапілі за мяжу.