Андрэй Хадановіч. Табурэтка
24.12.2010 10:17
—
Новости Культуры
- У дзяцінстве, калі
Па радзімай зямлі
Дзед-Марозы хадзілі нярэдка,
Сам Святы Мікалай
Загадаць мог: “Чытай,
Хлопча, вершыкі! Вось табурэтка!”
- Хоць ахвоты няма,
Ды ўхіляцца дарма,
Бо жалезная ўмова – чытанне,
Дзед Мароз тут – уласць:
Падарунка не дасць,
А тады й Новы год не настане!
- Дзед Мароз – цяжкі лёс,
Адмарожаны нос,
Плюс гарэліца з раніцы шкодзіць…
Дык ці скажа ён мне,
Што чытай або не,
А Каляды ўсё роўна прыходзяць?
- Усё так, толькі ледзь
Ты паспеў пасталець –
І ў самога з’явіліся дзеткі.
Лай свой час ці не лай,
Прыйдзе ў дом Мікалай,
І камусьці чытаць з табурэткі!
- Першы – вып’е, другі –
З тэлескрыні мазгі
Небараку, што піў, прапалошча.
А ты прагнеш прыгод:
Каб настаў Новы год,
Ты стары праважаеш на Плошчы.
- Бо зірні ў каляндар –
У дарозе Спадар,
Што для ўсіх нас вязе падарунак…
Ні даішнік, ні мент,
Ані іх прэзідэнт
Не пасадзяць яго ў пастарунак!
20 снежня 2010
Падзяліцца навіной: