Шчасны: «Такія кніжкі пазбаўляюць нас ад комплексу непаўнавартасці»
Наталля Голубева.
Лідзія Ананіч.
Уладзімір Шчасны.
Ініцыятар праекта — намесніца начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета міністраў, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. Яна напісала і шэраг тэкстаў. Сярод аўтараў — Наталля Гардзіенка, Мікола Нікалаеў, Аляксей Каўка, Алесь Карлюкевіч, Лявон Юрэвіч.
У кнізе ў сціслай форме распавядаецца аб беларусах у Расіі, Прыбалтыйскіх краінах, Малдове, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аргенціне, Аўстраліі, Казахстане, Польшчы. Асобны раздзел прысвечаны ўраджэнцам нашай краіны ў Ізраілі.
«Наша гістарычная каштоўнасць — гэта беларусы, якія жывуць не толькі на радзіме, але і беларусы, якімі ганарыцца ўвесь свет», — адзначыла намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Ян ўпэўнена, што «кніга будзе запатрабавана на нашых шматлікіх міжнародных кніжных імпрэзах. Нам не хапае выданняў такога кшталту, каб праз кнігу паказваць багацце нашай Беларусі». Сп. Ананіч назвала выданне сацыяльна значным, выхад якога падтрымліваецца дзяржавай.
«Такія кніжкі пазбаўляюць нас ад комплексу непаўнавартасці»,— лічыць старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА, пасол па асобых даручэннях МЗС Уладзімір Шчасны. На яго думку, самасцвярджацца варта за кошт ураджэнцаў Беларусі, хто атрымаў прызнанне ў свеце. Але часта яны беларусамі сябе не лічылі. А свае дасягненні звязвалі з іншымі краінамі.
Праца над кнігай вялася два гады. Выйшла яна адразу на дзвюх мовах: па-беларуску з паралельным перакладам на расійскую. Безумоўна, выданне не з’яўляецца вычарпальным даследаваннем. Але
гэта спроба сістэматызавана, прычым у энцыклапедычным выглядзе, данесці інфармацыю да чытача.Для тых, хто захоча паглыбіцца ў праблемы беларускага замежжа, друкуецца бібліяграфія выданняў пра гэтай тэме. Асобны раздзел склалі агляды дакументаў, што захоўваюцца ў архівах краіны.
У дадатку змешчаны некаторыя архіўныя матэрыялы. Гэта «Заява беларускіх палітычных дзеячаў прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі аб беларуска-літоўскіх узаемаадносінах» (1923), «Дакладная запіска Наркамата замежных спраў БССР у Наркамат замежных спраў РСФСР і Камінтэрн аб працы сярод беларускай эміграцыі ў Амерыцы» (1923), «Беларускія пытанні за кардонам. Пастанова Цэнтральнага камітэта КП(б)Б» (1924) і інш.
Іншыя дзяржаўныя структуры следам за Міністэрствам культуры пачалі звяртацца да беларусаў замежжа. Тое, аб чым так даўно гаварыла сама дыяспара, пачынае спраўджвацца.
Кастусь Матушыч