Маленькi горад з вялiкай гiсторыяй
У Ашмянах прайшлi IV Мiжнародныя Гальшанскiя чытаннi
Падзея значная не толькi для культурнага жыцця раёна, але i для ўсёй краiны. На тэрыторыi Ашмянскага раёна знаходзяцца каля 70 помнiкаў гiсторыi, культуры, архiтэктуры. I, вывучаючы iх, можна шмат чаго новага даведацца пра мiнуўшчыну Беларусi.
Таму навукоўцам Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, якiя да Гальшанскiх чытанняў прымеркавалi навукова-практычную канферэнцыю «Культура i гiстарычная прастора мястэчак Ашмяншчыны», было дзе прымянiць свае веды i прафесiйныя навыкi. Яны падрабязна расказалi пра шэраг новых гiстарычных знаходак на тэрыторыi Ашмяншчыны. Напрыклад, каля хутара Галiны сёлета было знойдзена старажытнае селiшча: гарадзiшча i два курганы. Акрамя таго, мноства фрагментаў керамiкi, развалы сасудаў, металiчныя вырабы, якiя спецыялiсты датуюць другой паловай IV — пачаткам V стагоддзя. Знаходкi дазваляюць гаварыць пра тое, што людзi тут жылi прыкладна да XII стагоддзя.
Ужо стала добрай традыцыяй пакiдаць нейкае матэрыяльнае ўвасабленне гэтай культурнай падзеi. Першыя чытаннi адзначылiся тым, што ў час iх правядзення адкрыты помнiк каралеве Сафii Гальшанскай. Да другiх было прымеркавана адкрыццё памятнага знака ў месцы, дзе праходзiць адна з кропак Дугi Струве. У час мiнулых чытанняў каля вёскi Баруны ўсталяваны помнiк экiпажу самалёта «Тры багатыры», якi разбiўся тут у часы Першай сусветнай вайны. Сёлета адбылася прэзентацыя кнiгi Тамары Фiлiповiч «Падарожжа па Ашмянскаму краю».
Тамара Уладзiмiраўна, аўтар маляўнiчых фотаздымкаў краявiдаў i архiтэктурных помнiкаў, а таксама тэкстаў да iх, нарадзiлася ва Украiне, аднак у юныя гады прыехала на Ашмяншчыну i закахалася ў гэтыя мясцiны. Вось ужо трыццаць гадоў яна ўзначальвае Ашмянскi мясакамбiнат. Але нiколi не забываецца i на сваё хобi – фатаграфiю. Фотаапарат з ёю заўсёды ў час шматлiкiх камандзiровак. I аднойчы яна зразумела, што хоча аб’яднаць свае работы агульнай iдэяй.
— Справа ў тым, што два стагоддзi таму Ашмянскi павет уключаў у сябе такiя буйныя сёння гарады, як Смаргонь, Iўе, Крэва, Валожын i iншыя. Усе мястэчкi, што складалi калiсьцi Ашмянскi павет, iх славутасцi адлюстраваны ў маёй кнiзе, – расказвае яна.
Сёлета спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння вядомага грамадскага дзеяча, этнографа, калекцыянера, мемуарыста i журналiста З. Мiнейкi, якi нарадзiўся на Ашмяншчыне. Гэтую дату таксама не абмiнулi сваёй ўвагай ўдзельнiкi канферэнцыi. Спецыяльна з гэтай нагоды зняты дакументальны фiльм «Вяртанне да вытокаў», якi быў прадстаўлены ўдзельнiкам Гальшанскiх чытанняў. Член Саюза мастакоў Беларусi, выхадзец з Ашмянаў, Сяргей Шэмет падрыхтаваў да Гальшанскiх чытанняў выставу «Шчырасць сэрца i таленту».
Падзялiлiся вынiкамi сваiх навуковых даследаванняў i вучнi школ Ашмянскага раёна. На працягу года яны працавалi ў архiвах, вывучалi старыя дакументы, фотаздымкi, iншыя гiстарычныя помнiкi, каб адлюстраваць у сваiх дакладах сапраўдную карцiну жыцця ў Ашмянскiм павеце два стагоддзi таму.
— Мы рады, што дзякуючы Гальшанскiм чытанням жыхары нашага раёна, моладзь, школьнiкi могуць блiжэй пазнаёмiцца з гiсторыяй роднага краю. Кожны год мы назiраем, як пашыраецца цiкавасць да гэтага мерапрыемства, а таксама да нашай культуры i гiсторыi, — зазначыў намеснiк старшынi Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Саванец. – I гэта цудоўна, бо без павагi да мiнулага няма будучынi.