Не папсова, а па-боску. Сусветна вядомая рок-опера “Ісус Хрыстос — суперзорка” загучыць на беларускай мове

Источник материала:  
Не папсова, а па-боску.
Сусветна вядомая рок-опера “Ісус Хрыстос — суперзорка” загучыць на беларускай мове

Твор, напісаны ў 1970 годзе, перакладзены на многія мовы свету. Беларускай версіі пакуль што не было. Аднак усё ідзе да таго, што неўзабаве беларусы змогуць пачуць гэты твор мастацтва на роднай мове. Аўтары рок-оперы прывіталі першы ў гісторыі пераклад яе на беларускую мову і далі прынцыповую згоду на пастаноўку. Карэспандэнт “НГ” сустрэўся з галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Сяргеем КАВАЛЬЧЫКАМ і высветліў, якім будзе беларускі “Ісус Хрыстос”.

— Сяргей Міхайлавіч, рок-оперы “Ісус Хрыстос — суперзорка” больш за сорак гадоў. Ідэя зрабіць пастаноўку на беларускай мове з’явілася толькі цяпер?

— Упершыню я пачуў гэтую рок-оперу студэнтам у 1986 годзе. Зразумела, што тады яна распаўсюджвалася выключна ў пірацкіх запісах. Памятаю, што мяне вельмі ўразіла музыка. Бо рок і сімфонія ў тыя часы абсалютна не стасаваліся. А у 91-м годзе мне захацелася стварыць уласную, беларускую пастаноўку “Ісус Хрыстос — суперзорка”, зрабіць яе здабыткам краіны. У той час у мяне і шматлікіх маіх сяброў-таварышаў было шмат амбіцый... Атрымліваецца, ідэю гэтую я выношваў практычна дваццаць гадоў.

— Стваральнікі твора Эндру Лойд Вэбер і Цім Райс згодны на беларускі варыянт “Ісуса Хрыста”?

— Аўтары вітаюць пераклад рок-оперы. Існуе мноства яе версій на розных мовах свету. Так што і беларуская мае права на жыццё. Цяпер вядуцца перамовы, звязаныя з аўтарскім правам. Складанасці ў тым, што ў Беларусі і Вялікабрытаніі розныя заканадаўствы. Пасрэднікам пры перамовах выступае беларускі амбасадар у Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч, а з кастрычніка ў працэс уступіў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Яго прадстаўнікі складаюць дамову з Вэберам.

— Ці існуюць нейкія складанасці пры перакладзе твора на беларускую мову?

— Англійская мова — больш канкрэтная. Тое, што можна на ёй сказаць адной фразай, па-беларуску перадаецца некалькімі сказамі. Таму і ў перакладзе могуць быць складанасці. Аднак наша родная мова ўвабрала і заходнееўрапейскія, і славянскія гамы. У ёй ёсць проста дзіўныя адценні. Напрыклад, англійскае “crucifixion” па-беларуску гучыць “крыжаванне”. А як пышна ўпісваецца ў тэкст выраз “цара-цэсляра”! Паўтаруся: рок-опера перакладзена на шматлікія мовы свету, у тым ліку і на расійскую, так што і з беларускім варыянтам праблем паўстаць не павінна.

— Напэўна, вы ўжо думалі над тым, якім будзе беларускі “Ісус”...

— У пачатку 70-х  рок-музыка ўспрымалася як пратэст. З таго часу мінула сорак гадоў. Рок ужо не асацыюецца са словам “агрэсія”. Так што можна засяродзіцца на мастацкім змесце твора. Я жадаю, каб сцэнічная версія “Суперзоркі” была малабюджэтнай. Упор зробім не на пышныя дэкарацыі, а на ідэю. Не трэба паварочваць Біблію з ног на галаву. У свецкім жанры немагчыма дасягнуць даслоўнага малюнка асобы Ісуса, аднак можна паспрабаваць прайсці яго шлях і адчуць тое, што ён адчуваў. Галоўная мэта беларускай пастаноўкі — паказаць гледачу, што жыццё з’яўляецца штодзённай працай па перавыхаванні сябе і людзей. Бо сёння людзі абясцэнілі веру. Большасць падмацоўвае яе словамі, а не ўчынкамі. А мяне заўсёды прыцягвалі тыя, хто свае перакананні даказвае дзеяннямі і можа дзеля іх пайсці на крыж. І асоба Ісуса Хрыста — найярчэйшы прыклад. Калі браць пастаноўку ў цэлым, то мюзікл — гэта брадвейскі, забаўляльны жанр. У нашага тэатра іншая канцэпцыя. Галоўнае, каб рок-опера гучала не папсова, а па-боску.

— А з акцёрскім складам ужо вызначыліся?

— Пакуль што пра гэта казаць занадта рана. У нас няма нават пэўнага тэрміну, у які будзе гатоў беларускі варыянт рок-оперы. Адно магу сказаць дакладна: прызначаць нікога не буду. У чалавека павінны гарэць вочы — гэта самая відавочная прыкмета таго, што ён гатоў сыграць ролю.

— Ці можа стаць беларуская версія “Ісус Хрыстос — суперзорка” галоўнай працай у вашай кар’еры?

— Гэта не мне вырашаць. Час фільтруе пастаноўкі. Зрэшты, рок-опера Вэбера заўсёды будзе актуальная. Бо тэма лідэра і народа была, ёсць і застанецца. Я са свайго боку буду рабіць усё для таго, каб пастаноўка была запатрабаванай і ператварылася ў здабытак краіны. На працу мяне благаславіў сам Мітрапаліт Філарэт. А калі мастаку выпадае гонар намаляваць ікону, ён павінен падысці да гэтага з усёй адказнасцю.

←Дзе пачыналася наша літаратура? Арганізатары свята прозы i паэзii “Лунiнская восень” сцвярджаюць, што пачыналася яна менавіта ў гэтым палескім куточку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика