Трывалы падмурак будучыні. Наколькі багатая гістарычная даўніна Магілёва, настолькі цікавая і сучаснасць
Сведкам усяму — плынь сівога Дняпра, які нібы бацькоўскай пяшчотай ахінае горад. Шмат чаго давялося яму пабачыць: барацьбу і злачынствы, радасці і трагедыі, падзенні і веліч. Асабліва імклівае развіццё атрымаў Магілёў у апошнія гады. Значна змянілася яго аблічча. Сапраўды, жыццё не стаіць на месцы. Але заўсёды ёсць у ім нешта, што прываблівае па-асабліваму, адзначана і часам, і людзьмі, успрымаецца як цудоўнае.
Храм верай моцныСвята-Нікольскі ансамбль жаночага манастыра — самы старажытны царкоўны будынак, які захаваўся да нашых часоў. Пабудаваны ён у 1672 годзе ў стылі барока. Складаецца з Мікалаеўскай і “цёплай” зімовай Ануфрыеўскай цэркваў. Адметны тым, што скляпенні царкоўнага будынка распісаны фрэскамі, што складаюць кампазіцыю “Тройца новазапаветная”. На сценах між аконнымі праёмамі роспісы на рэлігійныя сюжэты. Самы каштоўны з пункту гледжання гісторыі твор — чатырохярусны іканастас, выкананы мясцовымі майстрамі ў XVII ст. Пры гэтым выкарыстана тэхніка скразной драўлянай разьбы з пазалотай. Амаль дваццаць гадоў назад скончана рэстаўрацыя ўсяго манастырскага комплексу. Зараз ён дзейнічае. У ім знаходзіцца рэзідэнцыя епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага.
Высокі сімвал велічыСімвалам Магдэбургскага права, якое было падаравана Магілёву, лічылася ратуша. Узведзена яна была ў канцы ХVII ст. Вежа побач з двухпавярховым будынкам ратушы мела вышыню 38 метраў. Тут размяшчаўся магістрат, які і ажыццяўляў кіраўніцтва Магілёвам. Пазней гэты адміністрацыйны будынак упрыгожыў Губернатарскую (цяпер Савецкую) плошчу. Узарвалі ратушу ў 1957 годзе.Зараз акрамя выставачных экспазіцый тут знаходзіцца зала, у якой кіраўніцтва горада прымае ганаровых гасцей, вядзе афіцыйныя перамовы. І на высокай белай вежы гадзіннік адлічвае новы час памаладзелага Магілёва.
Пра што расказвае легендаМагчыма, яна і не зусім легенда, а дастасуецца да яе толькі таму, што не мае дакументальных пацвярджэнняў. А расказвае паданне аб тым, як пан Зянковіч, што меў маёнтак у Любужы (прыгарад Магілёва), са слугамі напаў на магіляўчан. Многіх пастраляў, на рынку раскідаў і растаптаў коньмі тавары. Гараджане далі нахабнаму шляхціцу адпор. Войска яго разагналі, а самога выцягнулі з капліцы, якая стаяла на месцы цяперашняга драмтэатра і дзе той хаваўся, і забілі. За тое, што просты люд узняў руку на вяльможную асобу, кароль польскі (а справа адбывалася ў 30-я гады ХVIII ст.) загадаў побач з месцам забойства пабудаваць касцёл, а для будаўніцтва разабраць усе каменныя гарадскія пабудовы. Так у сярэдзіне стагоддзя з’явіўся касцёл імя Прасвятой Дзевы Марыі, які зараз называюць касцёлам Св. Станіслава. У савецкія часы ў ім размяшчаліся архіўныя ўстановы, таму касцёл так добра захаваўся. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя яго перадалі вернікам. І зараз гэта не толькі прыгожы будынак, але і цэнтр духоўнай каталіцкай культуры. Тут праходзяць богаслужэнні, наладжваецца штогадовы міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”.
На правінцыяльных падмосткахАдным са знакавых будынкаў другой паловы XIX ст. у губернскім Магілёве стаў драматычны тэатр. Узведзены ён на сродкі, што сабралі купцы і простыя магіляўчане, літаральна за два гады, у 1888-м. Аўтар праекта вядомы архітэктар Пётр Камбураў. Будаўнікі папрацавалі на славу. І не толькі таму, што зрабілі справу хутка. Яны заклалі такі глыбокі і трывалы падмурак, што будынак моцна стаіць і зараз. А пасля рэстаўрацыйнах работ, што праводзіліся некалькі гадоў назад, выглядае як новабудоўля.
Мемарыял мужнасціТак ужо складвалася ў гісторыі, што гэтыя мясціны пад Магілёвам у часы варожай навалы заўсёды станавіліся рубяжамі мужнасці. У ходзе Паўночнай вайны са шведамі, перад тым як напасці на горад, тут стаялі войскі Карла ХII. Тады і пачалі яго называць Карлавай Далінай. У перыяд напалеонаўскага нашэсця паблізу Буйніцкага поля з войскамі маршала Даву па-геройску змагаўся ар’ергард пад камандаваннем Баграціёна.У пачатку Вялікай Айчыннай вайны на гэтым полі неўміручай славай пакрылі сябе абаронцы Магілёва, якія 24 дні і ночы стрымлівалі фашысцкія танкавыя часці генерала Гудэрыяна. І гэты цуд стойкасці, мужнасці і адвагі апісаў у сваім вядомым рамане “Жывыя і мёртвыя” Канстанцін Сіманаў, які ў якасці ваеннага карэспандэнта пабываў тут у перыяд самых напружаных баёў.
Па галоўнай плошчы з аркестрамНа галоўнай плошчы абласнога цэнтра, якая з пачатку існавання носіць імя Леніна, праходзяць асноўныя ўрачыстасці: парады, дэманстрацыі. Тут маршыруюць воіны, звонкай меддзю гучаць аркестры. Але не гэта галоўная прывабнасць плошчы. Яна — адна з асноўных частак унікальнага архітэктурнага ансамбля, у які ўваходзяць Дом Саветаў, будынак былой школы НКУС, дзе зараз размешчаны адзін з карпусоў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Створаны гэты цуд архітэктарам Лангбардам і вельмі добра захаваўся. Дарэчы, Дом Саветаў, дзе размяшчаецца кіраўніцтва вобласці, — копія Дома ўрада ў Мінску.
Няспешнаю хадоюВядомы эстрадны спявак і кампазітар прапануе прайсціся па вуліцы “Абрыкосавай, звярнуць на Вінаградную...” А ў магіляўчан і гасцей горада такая прагулка, праўда, па вуліцы Ветранай, якая пераходзіць у Вялікую Садовую (гістарычныя назвы), стала сапраўдным рытуалам, без якога і не зразумееш хараство і веліч горада. Прычым вуліцы гэтыя толькі пешаходныя. А размешчаны на іх знакавыя гістарычныя будынкі. З імі звязаны і вядомыя імёны. Тут знаходзіцца дом купца Аношкі, дзе зараз музей мастака В.К.Бялыніцкага-Бірулі і дзе імператрыца Кацярына II вяла перамовы з некаторымі еўрапейскімі каранаванымі асобамі, сярод якіх былі знакамітыя дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі, кампазітары. Зараз на пешаходнай вуліцы перад кінатэатрам “Радзіма” накшталт Галівуда закладзена Плошча Зорак, дзе ўвекавечаны імёны ганаровых грамадзян Магілёва.