Галубовіч, Сыс, кулуары
Леанід Галубовіч у музеі гісторыі беларускай літаратуры прэзентаваў кнігу сваіх крытычных эсэ «Сыс і кулуары».
Леанід Галкбовіч.
Адам Глобус.
Калега ЛеГала па «Крыніцы» Анатоль Сідарэвіч.
Пад адной вокладкай друкуюцца артыкул аб Анатолю Сысу і тэксты аўтара з газеты «Літаратура і Мастацтва», якія выходзілі ў рубрыцы «Кулуары».
«Гэта шлях сучаснага беларускага літаратурнага працэсу»,— ахарактарызаваў сваю працу Галубовіч, такім чынам патлумачыўшы адбор аўтараў, крытычныя эсэ аб якіх увайшлі ў кнігу. Сярод герояў «кулуараў» — Адам Глобус, Алесь Разанаў, Марыйка Мартысевіч, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў.
Апошнія гады Галубовіч працаваў у газеце «Літаратура і Мастацтва», дзе выступаў у ролі крытыка і эсэіста. Яго рубрыка «Кулуары», у якой ён «ЛеГалізаваў» кнігі айчынных пісьменнікаў, была самай чытанай. Аўтар на старонках ужо прыбранай да рук лукашэнкаўцаў газеты знаёміў чытача з кнігамі, не падзяляючы іх аўтараў на той ці іншы Саюз пісьменнікаў. Летась рубрыку закрылі, а «ЛеГалу» давялося пераключыцца на пісьменнікаў з правінцыі.
«Ён пісаў аб літаратуры і тое, што ён пісаў, станавілася літаратурай»,
— адзначыў Алесь Разанаў.
Леанід Галубовіч нарадзіўся 12 жніўня 1950 года ў вёсцы Вароніна ў Клецкім раёне. Скончыў ПТВ у Слуцку. Працяглы час працаваў электрыкам. Але паэзія, якой пачаў аддаваць сябе яшчэ з юнацтва, узяла сваё. У 1984 годзе Галубовіч выдаў зборнік вершаў «Таемнасць агню», за які яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. І толькі праз тры гады па выхадзе першай кнігі ён вырашыў атрымаць літаратурную адукацыю — накіраваўся ў Маскву на Вышэйшыя літаратурныя курсы.
Адпаведны дыплом прывёў Леаніда Галубовіча на Беларускае тэлебачанне. Затым працаваў у часопісе «Крыніца».
Адна за адной выходзілі кнігі «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994).
У 2000 з’явіліся «апошнія вершы леаніда галубовіча», пасля чаго з паэзіяй ён «завязаў».Леанід Галубовіч апекаваўся спадчынай памерлых пісьменнікаў Міколы Купрэева, Васіля Сахарчука, Віктара Стрыжка. Дзякуючы ў тым ліку і яму, пасля смерці аўтараў іх кнігі выдаваліся.
Кастусь Матушыч