Да глыбіняў спрадвечнага
21.10.2010
—
Новости Культуры
Унікальная фотавыстава дэманстравалася ў Нацыянальнай бібліятэцы
Звычаі, абрады, традыцыі, веды і ўменні, а таксама звязаныя з імі прылады, прадметы — гэта і ёсць нематэрыяльная культурная спадчына. Вытокі яе ў далёкай старажытнасці. Ці патрэбна ўсё гэта ў наш вірлівы час? Вядома ж, патрэбна! Бо без адметнай культуры народ — толькі назва, пустая абалонка. З гэтай культурнай адметнасці зарадзілася, вырасла і наша дзяржаўнасць. Менавіта праз унікальны культурны рэсурс, які ярка ўвасабляе духоўны патэнцыял нацыі, можна зразумець ментальныя асаблівасці як нашых продкаў, так і мільёнаў людзей, якія сёння жывуць у Беларусі. Магчыма, шматлікія з тых традыцый стагоддзямі і “заточвалі” такія характэрныя рысы беларусаў, пра якія скажа кожны, хто хоць аднойчы пабыў у нас: працавітасць, адкрытасць, талерантнасць, міралюбства, гасціннасць…
Многія абрады і звычаі, якія шануем мы і цяпер, бяруць пачатак з часоў язычніцтва: раней яны ўвогуле былі непарушнымі запаведзямі і абавязкова выконваліся ў паўсядзённасці. Возьмем будаўніцтва хаты. Гэта заўсёды было свята, і трэба было ведаць мноства вялікіх і малых хітрасцяў, каб зрабіць усё правільна. Гаспадар грунтоўна падбіраў месца для будоўлі, неабходныя матэрыялы. А ці ведаеце вы, што на выбранае пад будоўлю месца і па сёння дасведчаныя ў народнай традыцыі вяскоўцы ставяць гладыш і апускаюць туды павука? Калі за ноч павук сплятае ў сваёй схованцы павуцінне, — значыць, і месца пад чалавечае жытло выбрана ўдала. І яшчэ на будаўніцтва хаты ніколі не бралі паваленыя бурай дрэвы. А чаму тарэц даху беларускай хаты раней заўсёды закрываў канёк альбо перакрыжаваныя рогі? Бо лічылася, што менавіта конь і каза ахоўваюць хату ад ліха ды ўсялякіх бедаў. Гэтых жывёл беларусы шанавалі.
Цяпер, вядома ж, іншы час: навукова-тэхнічны прагрэс, глабалізацыя, уніфікацыя... Усе гэтыя працэсы могуць прывесці да знішчэння своеасаблівасці, унікальнасці культуры любой нацыі. І галоўнай мэтай гэтай — першай! — фотавыставы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі было — паказаць усё лепшае, што атрымалі ў спадчыну беларусы ад продкаў. Паказаць, асэнсаваць, засвоіць — і, ствараючы новае, не забыць, захаваць галоўнае, што дае выток нашай нацыянальнай самабытнасці.Выстава — гэта 40 фотаработ, прычым зрабілі іх аўтары як айчынныя, так і замежныя — з Літвы, Польшчы і нават Японіі. Што характэрна: усе адлюстраваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны існуюць сёння ў рэальных жыццёвых акалічнасцях. Яны да таго ж узяты цяпер пад ахову дзяржавы і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Вось фотаздымкі, зробленыя пад час абраду "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Дарэчы, гэта — першы беларускі элемент, занесены ў Сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У абрадзе цікава перапляліся матывы як Каляднага карнавала, так і народнай драмы "Цар Максіміліян". У ім удзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі (так званыя "цары"), апранутыя ў спецыяльныя строі — белыя штаны і світкі. На галовах у “цароў” — высокія шапкі з разнаколернымі папяровымі стужкамі. Працэсія "цароў" на Шчодры вечар, з 13 на 14 студзеня, наведвае хаты вяскоўцаў і разыгрывае сюжэт з драмы "Цар Максіміліян". Пасля адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў, а таксама, як прынята і пры калядаванні, адорванне ўдзельнікаў абраду. Ёсць адметнасць і ў каляднага абраду "Шчадрэц" у вёсцы Рог, што ў Салігорскім раёне Міншчыны: там персанаж Дзед, які ўдзельнічае ў "Шчадрацы”, надзявае берасцяную маску-шапку.
Беларускае шапавальства — уменне ўручную валяць (біць) валёнкі — таксама прэтэндуе на сусветную вядомасць. Шапавальства і цяпер пашырана ў Дрыбінскім раёне Магілёўшчыны, вядома там ад пачатку XIX стагоддзя. Прылады працы ў шапавала вельмі простыя: драўляныя калодкі ды правідла. Дарэчы, пры вырабе валёнкаў і сёння там не выкарыстоўваюцца аніякія хімікаты — толькі гарачая вада. І, аказваецца, у майстроў-шапавалаў ёсць свая мова, прычым у іх прафесійным слоўніку каля тысячы словаў. Магчыма, такім чынам майстры аберагалі некалі таямніцы майстэрства? Зразумець іх размовы старонняму чалавеку немажліва. А цяпер пры гісторыка-этнаграфічным музеі Дрыбіна ёсць майстэрня, дзе ўнікальнаму рамяству навучаюць дзяцей.
Гісторыка-культурнай спадчынай спецыялісты называюць матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці, створаныя народам Беларусі, якія маюць вялікае значэнне для захавання і развіцця нацыянальнай самабытнасці, з’яўляюцца сведкамі нястомнай працы нашых продкаў, іх таленту і творчага пошуку. Усяго ж на 2010 год у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі ўключаны 4911 помнікаў археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі, мастацтва, запаведных мясцін. Сярод іх толькі 52 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Няшмат... Як сцвярджаюць этнографы, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, іх у нас значна больш, таму спісы будуць папаўняцца. Галоўнае ж — каб усе гэтыя традыцыі, абрады, рамёствы не сталі проста музейнымі экспанатамі ці ўнікальнымі фотаздымкамі. Варта пастарацца, каб жылі яны побач з намі — і ў нас! — паўнакроўным жыццём і перадаваліся як найкаштоўная спадчына з пакалення ў пакаленне.
Іда Ганчаровіч