Што ў чашы? У гэтым краі “гаворыць” дрэва і змей ладзіць добрыя світкі
Чашнікі вядомыя з ХVI стагоддзя як мястэчка Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню яны ўзгадваюцца ў 1504 годзе. Хутчэй за ўсё назва гэтага горада ўтварылася ад пасады, якая існавала ў Старажытнай Русі. Чашнік — гэта прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які адказваў за пчалярства і мёдаварэнне для княжацкага стала. Па другой версіі, сваёй назвай горад абавязаны месцаразмяшчэнню. Ён знаходзіцца ў нізіне адносна паверхні Лукомскага возера, быццам бы ў чашы.
Цёплае возераСтаражытнае слова “лукома” азначае “выгіб рачнога ці азёрнага берага”. Князі Лукомскія належалі да старажытных княжацкіх родаў у Беларусі. Што ж датычыцца самога Лукомскага возера, то яно лічыцца адным з буйнейшых у Беларусі па плошчы пасля Нарачы, Асвейскага і Чырвонага азёр. Яго плошча 36,7 квадратнага кіламетра, глыбіня — 11,5 метра. Лукомскае возера багатае на іхтыяфаўну — тут жыве каля 20 відаў рыб.Унікальнае возера і тым, што ў халодную пару года яно цалкам не замярзае, бо з 1969 года Лукомскае выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Ачышчаную ваду прадпрыемства вяртае прыкладна на 8 градусаў вышэй, чым у возеры, што аказвае значны ўплыў на ход прыродных працэсаў у вадаёме. Адзначаецца “амаладжэнне” возера, а бязлёдавы перыяд павялічыўся на два месяцы. У незамярзаючай частцы возера ахвотна зімуюць качкі. Цёплае асяроддзе спрыяе і росту водарасцяў, таму ДРЭС штогод закупляе рыб, якія іх ахвотна ядуць.
Беларускі асветнікУ Чашніцкім раёне — карані Жарэса Алфёрава, сусветна вядомага вучонага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. І ўсё ж самым знакамітым ураджэнцам гэтага краю лічыцца беларускі асветнік-гуманіст, кнігадрукар, пісьменнік і перакладчык Васіль Цяпінскі, які нарадзіўся ў вёсцы Цяпіна.У 1570-я гады ён арганізаваў на свае грошы друкарню, каб выдаць перакладзенае ім на старабеларускую мову “Евангелле”. Цяпінскага можна назваць чалавекам, які працягваў справу Францыска Скарыны. Васіль Цяпінскі ў поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на роднай мове, заклікаў вывучаць на ёй таксама і Закон Божы.
Унікальная царкваАдна з унікальных беларускіх цэркваў, Троіцкая, знаходзіцца якраз у Чашніцкім раёне. Для мясцовых жыхароў больш звыклая назва — Белая царква, у гонар вёскі, дзе яна з’явілася. Пабудавалі царкву ў ХVI стагоддзі на беразе возера.Існуе меркаванне, што да стварэння гэтага помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння мае дачыненне вядомы італьянскі дойлід Арыстоцель Фіараванці. Справа ў тым, што кладка сцен і зводаў адпавядае кладцы Успенскага сабора, які пабудаваў гэты архітэктар у Маскве. І сёння спецыялістаў уражвае дакладны інжынерны разлік. Унікальныя сцены і зводы Троіцкай царквы захаваліся да нашых дзён. У адрозненне ад тыповых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, Расіі і Італіі яны ніколі не пераробліваліся.
Мемарыяльны комплекс “Вішанькі”У 16 кіламетрах ад Чашнікаў калісьці знаходзілася вёска Вішанькі. Аднак яе напаткаў лёс Хатыні. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны тут было 32 двары, 160 жыхароў, а ў час ваеннага ліхалецця на гэтым месцы амаль нічога не засталося — ворагі спалілі 29 двароў і 116 жыхароў. У 1984 годзе на месцы вёскі быў адкрыты мемарыяльны знак. Зараз тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс. Наогул за 1941—1942 гады акупанты знішчылі звыш трох тысяч мірных жыхароў раёна — у Чашніках, вёсках Лукомль, Чарэя і Красналукі.
Змееў каменьГэта дзіва знаходзіцца ля вёскі Гогалеўка. Камень мае значныя памеры — яго даўжыня амаль 10 метраў, а таўшчыня 4 метры. Сюды ён “дапоўз” са Скандынавіі 20 тысяч гадоў назад.Паводле легенды, калісьці ў гэтым камені жыў змей, які мог прымаць чалавечае аблічча — станавіўся панам хоць куды. Ён размаўляў і, дарэчы, быў выдатным краўцом. Старыя казалі, што ў яго доме было акно, куды людзі падавалі сукно і грошы. І змей за гэта ладзіў добрую світку. Праўда, калі змея прасілі пашыць адзенне, каб ля сахі хадзіць, ён бліскуча выконваў заказ. Калі ж патрабавалі вопратку на святы, дык кравец прышываў адзін рукаў ззаду, другі — на плячах. Адно з паданняў сцвярджае, што загінуў той змей па віне сваёй каханай. Дзяўчына наўмысна не разбудзіла любага, калі пачаўся дождж з маланкай. Змей не змог уцячы ад перуна.
Паэма ў дрэвеУ жыхаркі вёскі Млын Ганны Асіпковай — залатыя рукі. У іх літаральна “спявае дрэва”, бо створаныя майстрам скульптуры цудоўна перадаюць рысы чалавечых характараў і пачуцці людзей. Ганна Савельеўна ў мінулым — настаўніца малявання і чарчэння Кашчынскай школы. Нежаночай справай, разьбой па дрэве, яна захапілася дзякуючы свайму дзеду. Ён займаўся майстэрствам.Работы Асіпковай — творчасць не толькі рук, але сэрца і душы. Нездарма іх называюць паэмай у дрэве. Часцей за ўсё ў сваіх скульптурах жанчына адлюстроўвала казачныя і біблейскія сюжэты, а таксама побыт сялян. Талент славутай жыхаркі Чашніцкага раёна ацанілі не толькі ў Беларусі і суседніх краінах, а нават у Канадзе, Балівіі, Францыі, дзе адбыліся выставы народнага майстра. Мясцовыя жыхары і нават прыезджыя з цікавасцю заглядваюць у госці да Ганны Савельеўны, каб пабачыць яе дом, упрыгожаны звонку драўлянымі скульптурамі і дэкаратыўнай разьбой.
“Крыніца” энергетыкіМенавіта ў Чашніцкім раёне знаходзіцца флагман беларускай энергетыкі — Лукомская ДРЭС. Яна складаецца з васьмі энергаблокаў магутнасцю па 300 мегават кожны. Станцыя забяспечвае электраэнергіяй палову жыхароў Беларусі. Цікава, што ў снежні 2009 года ДРЭС святкавала такую падзею, як 40 гадоў з дня пуску першага энергаблока.