Калi ажываюць легенды...

Источник материала:  

У Гальшанах адбыўся другi фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскi замак»

Сучасны аграгарадок Гальшаны знаходзiцца на скрыжаваннi шляхоў з Гродна на Ашмяны i Смаргонь. Багатая гiсторыя, авеяная сiвымi паданнямi, манументальная сярэднявечная архiтэктура, маляўнiчыя краявiды робяць гэты край улюбёным пунктам турысцкiх маршрутаў. Але, бадай, галоўнай адметнасцю мястэчка быў i з’яўляецца палацава-замкавы ансамбль, фактычна нанава ўзведзены ў ХVII стагоддзi як рэзiдэнцыя Паўла Стэфана Сапегi, падканцлера Вялiкага княства Лiтоўскага. Мураванай кветкай называлi яго тагачасныя архiтэктары. Але Паўночная вайна i шведскiя войскi не пашкадавалi адзiн з прыгажэйшых палацаў. Канчаткова знiшчыў яго апошнi ўладар, якi ўзарваў вежы i сцены ў 1880 годзе, каб з той цэглы збудаваць карчму.

Да нашых дзён часткова дайшлi дзве вуглавыя вежы, паўночна-ўсходнi i паўночна-заходнi карпусы. Але па сённяшнi час таямнiчы замак у Гальшанах вабiць рамантыкаў. Да яго сцен прыязджаюць, прыходзяць тысячы турыстаў, каб чарговы раз прагуляцца сярод парослых маладым кустоўем руiн, паслухаць мiстычныя легенды i, можа, нават сустрэцца з прывiдам, якi, сцвярджаюць, у гэтых месцах з’яўляецца даволi часта…

Новае жыццё атрымаў Гальшанскi замак у мiнулым годзе, калi па iнiцыятыве Ашмянскага райвыканкама i турыстычнага агенцтва «Гiсторыя-Тур» быў абраны пляцоўкай для правядзення аднайменнага фестывалю. Мерапрыемства праводзiлася тады з нагоды 10-годдзя творчай дзейнасцi лiдэра беларускай сярэднявечнай музыкi – гурта «Стары Ольса».

Сёлета на фестывалi з’явiлася ўнiкальная магчымасць узгадаць ажно пра чатыры юбiлеi: 600-годдзе перамогi ў Грунвальдскай бiтве, 730-годдзе з дня заснавання мястэчка i 400-годдзе замка, а таксама 605-годдзе з дня нараджэння Соф’i Гальшанскай, жонкi польскага караля Ягайлы i роданачальнiцы дынастыi Ягелонаў. Дарэчы, i надалей, плануюць арганiзатары, мерапрыемства будзе прымяркоўвацца да нейкай гiстарычнай падзеi ў рэгiёне цi ўвогуле ў краiне.

Сёлета да ўдзелу ў падрыхтоўцы фестывалю далучылiся i стваральнiкi турыстычнага мегамаршруту «Залатое кальцо Беларусi».

…Гаспадыня свята Соф’я сустракала гасцей. Данiну павагi сёння прынеслi ёй вядомыя асобы, постацi велiчныя i славутыя – князi Вялiкага княства, уладары магутных замкаў: Гродзенскага, Навагрудскага, Крэўскага, Мiрскага, Гераненскага, Любчанскага… Быццам бы ажылi старонкi старажытных летапiсаў падчас гэтага тэатралiзаванага пралогу. Такое знаёмства з легендамi, адмысловай гiстарычнай спадчынай прывяло сучасных гледачоў у захапленне.

Так пачаўся другi фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскi замак».

Самым уражальным вiдовiшчам, бясспрэчна, былi турнiры рыцараў i спаборнiцтвы лучнiкаў. Прадстаўнiкi рыцарскiх клубаў з усiх куткоў Беларусi паспрабавалi ўзнавiць дух тых гераiчных часоў i падрыхтавалi для гасцей фестывалю сваю забаўляльную праграму. Дарэчы, гледачоў, неабыякавых да сярэднявечнай культуры, налiчвалася больш за дзве тысячы. Яны як трэба змаглi ацанiць падрыхтаванае дзейства: рэканструкцыю баёў у фармаце адзiн на адзiн, бугурты – масавыя бiтвы за мост i за сцяг, конны турнiр, падчас якога вершнiкам давялося секчы мячом капусту, нанiзваць на дзiду кольца, паднiмаць з зямлi хустку i дэманстраваць iншыя свае здольнасцi. Эмоцый было праз край. Тым больш што кожны жадаючы мог i сам пастраляць з лука, папрактыкавацца ў кiданнi дзiды, узяць удзел у баi на мячах, яздзе на конях, а таксама прымерыць рыцарскiя даспехi.

Паралельна на працягу ўсяго дня працавалi гандлёвыя кропкi – месца, каб падсiлкавацца гасцям i ўдзельнiкам свята, хапала. У горадзе майстроў можна было не толькi набыць эксклюзiўныя сувенiры: народныя ўмельцы прапаноўвалi i майстар-класы па пэўных рамёствах. Радавалi слых i вока добрая сцэнiчная апаратура i асвятленне.

Акрамя таго, агароджаная тэрыторыя гарантавала бяспеку, не ўзнiкала праблем з паркоўкай прыватных аўто. Словам, усе ўмовы для камфортнага адпачынку арганiзатары пастаралiся стварыць.

Эстафету ў рыцараў нашага часу перанялi музычныя калектывы «Стары Ольса», «Расалiя», «Litvin Troll», «Тэстамэнтум Тэррэ», «Келiх Кола», «Гальярды», «Cornucopia». Вялiкi канцэрт старадаўняй музыкi i вогненнае прадстаўленне ад тэатраў «Гiстрыён» i «Дэ-Грыза» сталi яркiм фiнальным акордам фестывалю.

У наступным годзе «Гальшанскi замак» будзе зноў сустракаць гасцей. Як зазначыў старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык, распрацоўваецца прынцыпова новая канцэпцыя экспанавання замка. Адпаведна, госцi мерапрыемства могуць спадзявацца на большую колькасць прыемных сюрпрызаў, а арганiзатары ў сваю чаргу на тое, што фестываль старадаўняй культуры знойдзе яшчэ больш прыхiльнiкаў.

На здымку: падчас фестывалю.

Фота: Iна ДАБРЫДЗЕНЬ

←Ганненскае вяртанне. На Гродзеншчыне адрадзіўся буйнейшы кірмаш XVIII стагоддзя

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика