Ганненскае вяртанне. На Гродзеншчыне адрадзіўся буйнейшы кірмаш XVIII стагоддзя
На працягу некалькіх стагоддзяў мястэчка Зэльва было добра вядома не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі. Кожны год тут адбываўся вялікі Ганненскі кірмаш. Такую назву ён атрымаў таму, што пачынаўся 26 ліпеня, у дзень святой Ганны. Доўжыўся ён цэлы месяц. Па сваёй значнасці гэты кірмаш саступаў толькі знакамітаму Лейпцыгскаму.
Справа ў тым, што на той час Зэльва знаходзілася ў вельмі зручным месцы: на скрыжаванні сухапутных і водных шляхоў з Беларусі ў Польшчу і з Прыбалтыкі ва Украіну. Сюды з’язджаліся гандляры і купцы амаль з усяго свету. Пра жыхароў мястэчка казалі, што гэта людзі, якія жывуць адзін месяц у годзе, а астатнія 11 адпачываюць і рыхтуюцца да наступнага кірмашу.
Старое свята на новы лад
Сёлета зэльвенцы пры дапамозе экспертаў Праграмы развіцця ААН вырашылі аднавіць векавую традыцыю і зноў запрасілі гасцей на вялікі Ганненскі кірмаш. Амаль тры стагоддзі назад таргі адбываліся на добраўпарадкаваным гасцінным двары ў цэнтры мястэчка, дзе мелася каля 200 лавак. А за права весяліць наведвальнікаў у гэты час змагаліся артысты і цыркачы з розных куткоў свету. Кажуць, што былі тут нават “ахвяры грамадскага тэмпераменту”, ці, як мы зараз кажам, жанчыны лёгкіх паводзін.Шумна было ў мястэчку і сёлета. Перамяшчацца па тэрыторыі кірмашу можна было толькі пешшу ці на брычках. Рамеснікі з усёй краіны прыехалі, каб прадаць свае вырабы, а заадно падзяліцца сакрэтамі майстэрства.Першым заўважаю чалавека з разаком. На стале перад ім кавалак дрэва, які літаральна на вачах ператвараецца ў талерку з гронкай вінаграду на дне. У захапленні пытаюся, ці можна мне паспрабаваць.— Так, вядома, я вам пакажу, — адказвае зэльвенскі рамеснік Сяргей Рымар. — Бярыце разак і вядзіце ім па намаляванай лініі. Левай рукой цісніце на сябе, а правай, наадварот, ад сябе. Я ўжо дзесяць год гэтым займаюся, так што магу і вас навучыць!Адразу звярнула на сябе ўвагу і Зінаіда Паўлаўна з Крывічоў. Бабулька сядзела на плошчы і прала лён. Упэўненая, што ўсё гэта не больш як сцэна для надання тагачаснага каларыту, пытаюся ў жанчыны, у якім музеі яна пазычыла свае прылады працы.— Памыляешся, дачушка, гэта мае ўласныя верацеі, — адказвае Зінаіда Паўлаўна. — Яны мне яшчэ ад маці засталіся. А я ўжо свой 71-ы дзень нараджэння справіла. Маці маёй 90 год мінула.Можна было паспрабаваць сябе ў ганчарстве. Толькі ў вялікую бяспройгрышную латарэю, якая каштавала пяць тысяч рублёў, я гуляць пабаялася, бо галоўным прызам было сапраўднае жарабя. Куды ж мне яго потым дзець, калі выйграю?
На культуру грошай не шкада
Зразумела, што адноўлены Ганненскі кірмаш у ХХІ стагоддзі згубіў сваё першаснае эканамічнае прызначэнне. Ніякіх коней, курэй і цялят тут не прадавалі. Цяпер гэта падзея цалкам культурная. Але ж зэльвенцы рыхтаваліся да яе ўсім мястэчкам з вялікай руплівасцю. Нават суботнік правялі, заробленыя грошы пералічылі ў фонд кірмашу. — Мы не спадзяёмся на тое, што выдаткі на мерапрыемства ў гэтым годзе акупяцца, — расказвае намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцін Семяняка. — Але ж такое свята значна стымулюе актыўнасць жыхароў мястэчка. Ганненскі кірмаш павінен праводзіцца кожны год, каб людзі рыхтаваліся да яго, удасканальвалі сваё майстэрства. Гэта таксама адзін са спосабаў далучыць зэльвенцаў да культурных каштоўнасцей іх краю, навучыць іх адпачываць культурна.Арганізатары кірмашу спадзяюцца, што ў будучым ён зноў набудзе былую славу. Сюды, як і раней, пацягнуцца госці з усяго свету. Але ўжо не купцы і гандляры, а звычайныя турысты. Тым больш што зэльвенская інфраструктура дазваляе размясціць вялікую колькасць вандроўнікаў.— Сёння мы маем пяць аграсядзіб, у кожную з якіх можна пасяліць ад чатырох да чатырнаццаці чалавек, — гаворыць Валянцін Міхайлавіч. — Мясцовая гасцініца зараз рамантуецца і ўжо да канца гэтага года павінна адчыніцца. А на беразе цудоўнага Зэльвенскага вадасховішча ёсць турыстычная база на 160 месц, дзе наведвальнікі могуць адпачыць ва ўмовах кемпінга. Такім чынам, праз сувенірны гандаль і турызм мы з цягам часу ўсё ж спадзяёмся атрымаць ад мерапрыемства эканамічную выгаду.
У XVIII стагоддзі купцы з Расійскай імперыі, Польшчы, Францыі, Прусіі, Італіі і іншых краін лічылі за гонар атрымаць магчымасць прадаваць тут жывёлу, футра, шкло, тытунь і віно. У асобныя гады тут куплялі па некалькі тысяч коней. А агульны грашовы абарот даходзіў да мільёна рублёў за месяц.