Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні

Источник материала:  
17.08.2010 10:26 — Новости Культуры
Ва ўсім свеце сталіцы з’яўляюцца сімвалам дзяржаўнасці, увасабленнем слаўнай гісторыі народа і яго нацыянальнай ідэі. Мінск з яго цыклапічнымі ленінымі-калінінымі-дзяржынскімі быў і застаецца апалагетам савецкасці, а не сімвалам незалежнасці.

Тым часам у колішнім цэнтры беларускага адраджэння Вільні, якая ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы, усё як мае быць.

Гедымін.

Міндоўг.

Манюшка.

Летапісец.

Міцкевіч.

Помнік заснавальніку Вільні вялікаму князю літоўскаму Гедыміну быў адчынены на Кафедральнай плошчы ў 1996-м (скульптар Вітаўтас Кашуба). Паводле легенды, упаляваўшы на высокай гары тура, Гедымін сасніў вешчы сон, у якім убачыў вялізнага ваўка на гары, пасля чаго і збудаваў на гэтым месцы горад. Мураваны замак у Вільні, куды Гедымін перанёс сваю рэзідэнцыю з Наваградка, з’явіўся не пазней за 1320 год. Каля 1321 году Гедымін пабудаваў у Вільні касцёл для манахаў-францысканцаў, пачаўшы запрашаць рамеснікаў і купцоў з Заходняй Еўропы.

У 2003 годзе каля галоўнага будынка Нацыянальнага музея Літвы быў усталяваны помнік заснавальніку Вялікага Княства Літоўскага, першаму і адзінаму яго каралю Міндоўгу.

Ад 1230 да 1263 года ён аб’яднаў землі Наваградчаны, Чорнай Русі, усходнія землі цяперашняй Літвы і частку Полаччаны ў адну дзяржаву. Каранацыя вялікага князя адбылася 6 ліпеня 1253 году ў Наваградку. У сучаснай Літве 6 ліпеня штогод адзначаецца Дзень дзяржавы.

На вуліцы Нямецкай, дакладней на бульвары, што насупраць скрыжавання вуліц Traku, Dominikonu, Vilniaus, у 1979 годзе быў усталяваны масіўны помнік Барбары Радзівіл (скульптар Уладас Вільджунас) — жонцы вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста. Іх глыбокія пачуцці і патаемны шлюб (1547) выклікалі супраціў кіроўных эліт Літвы і Польшчы, стаўшы ўвасабленнем трагічнага кахання ў нашым краі.

Паводле легенды, дух заўчасна памерлай на 31-м годзе князёўны дагэтуль лунае ў Нясвіжскім замку, чакаючы паяднання з духам свайго каханага Жыгімонта, які назаўжды атайбаваўся ў Кракаве.

Помнік у гонар Францыска Скарыны, а таксама расійскіх першадрукароў і беларусаў з паходжання Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца ўсталялваны ў 1973 годзе ў двары дома № 4 па вуліцы Stikliu, дзе ў XVI стагоддзі месцілася друкарня Скарыны, а пазней — братоў Мамонічаў.

Тут і былі надрукаваныя легендарныя Скарынавы «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525), а таксама галоўныя заканадаўчыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага — «Трыбунал» (1586) і «Трэці статут ВКЛ» (1588),

які з’яўляўся адным з самых прагрэсіўных зводаў законаў тагачаснай Еўропы.

У скверы ля касцёла Святой Кацярыны вы ўбачыце помнік аўтару першай беларускай оперы Станіславу Манюшку работы вядомага скульптара Баляслава Балзукевіча. Цікава, што ўсталяваны ён у 1922 г. на пастаменце, які застаўся ад былога помніка Аляксандру Пушкіну. Манюшка пражыў у Вільні з 1840 па 1858 год, працуючы арганістам, кампазітарам, педагогам і арганізатарам музычнага жыцця горада.

З Вільняй звязаны значны перыяд жыцця выбітнага беларускага і польскага паэта Адама Міцкевіча. Тут ён вучыўся, пісаў, сядзеў у вязніцы як адзін з арганізатараў таемных моладзевых таварыстваў філаматаў і філарэтаў і назаўжды з’язджаў на выгнанне.

У Вільні яму прысвечаны музей, помнік і некалькі мемарыяльных дошак і скульптур ў гістарычным цэнтры горада. У 1978 годзе гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб усталяванні паўнавартаснага помніка паэту. Праз шэсць гадоў 40-тонны Міцкевіч з граніту (праект Гедымінаса Якубоніса і Вітаўтаса Чэканаўскаса) паўстаў ля комплексу касцёлаў Святой Ганны і бернардынцаў. У задняй частцы манумента размешчаны пліты з выявамі сцэн з паэмы «Дзяды».

Падзяліцца навіной: 
Кастусь Лашкевіч, Тut.by

←Беларус, які з усмешкай (Фота)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика