Незнаёмы Вайніловіч нарэшце адкрыўся, але ці для ўсіх?

Источник материала:  
07.08.2010 09:25 — Новости Культуры
Рэшткі сядзібы Эдварда Вайніловіча, якая стала, лічы, падмуркам Чырвонага касцёла ў Мінску, расчысцілі сёлета валанцёры з Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і інш. Да закінутых і забытых нават мясцовымі жыхарамі культурных помнікаў нарэшце стала можна спакойна падысці.

Раней па дарозе да Дунаева быў непралазны гушчар з крапівы, асоту і лебяды. А над бур'яном віднеўся дах старой будыніны. Былы свіран 1872 года асаблівай увагі да сябе не прыцягваў. Тое, што гэта памесце звязана з Чырвоным касцёлам Мінска, ведалі хіба толькі капыльскія краязнаўцы. Ды хто-ніхто з мясцовых успамінаў бабуліны аповеды...

Цяпер тут стаіць шыльдачка-паказальнік і ёсць нават невялічкі інфармацыйны стэнд. Да старога свірна можна падысці па скошанай і прыбранай сцяжынцы, а перад былой лядоўняй бачыцца лапік скошанай зямлі.

Пра лядоўню не ведалі нават капыльскія краязнаўцы

Экскурсавод з Кракава Міхал прыехаў у Дунаева па беларускія традыцыі і гісторыю. Па словах маладога чалавека, ён не толькі пакасіў бур'ян перад лядоўняй, але і навучыўся будаваць печ, валяць з воўны цацкі і шыць беларускія лялькі.

Валанцёрскі летнік па ўзнаўленні сядзібы Эдварда Вайніловіча праходзіць ва ўрочышчы Лапухі каля вёскі Дунаева другі год. Асноўнымі арганізатарамі выступілі грамадская арганізацыя "Адукацыя без межаў", а таксама фонд Роберта Башэ з Германіі. Сёлета група з Польшчы ды Беларусі, а таксама адзін удзельнік з Нямеччыны за тыдзень паспелі расчысціць часткі былых гаспадарчых пабудоў - лядоўні ды сценаў невядомых пакуль будынкаў.

- Самае цікавае, што гэтых пабудоў да нас ніхто не бачыў. Нават краязнаўцы Капыльшчыны, - расказвае Галіна Верамейчык, выканаўчы дырэктар грамадскай арганізацыі "Адукацыя без межаў", адзін з арганізатараў летніка. - Летась тут таксама летнік быў, шмат народу прыязджала. І ніхто нават не задумаўся, што тут нешта можа быць. Толькі ў кастрычніку, калі бур'ян апаў, мы сюды прыехалі і бачым: нейкія нібыта сцены. Аказваецца, і тут ёсць будынкі. Мы прывезлі фотаздымкі ў Капыльскі краязнаўчы музей, каб больш даведацца пра гэта. А супрацоўнікі і самі здзівіліся, што тут нешта ёсць, акрамя свірна.

Лапухі сталі пачаткам Чырвонага касцёла

Радавое памесце Вайніловічаў было на Капыльшчыне, аднак не ў Лапухах, а ў вёсцы Савічы. Эдвард Вайніловіч вучыўся ў Слуцку, а жыў у Савічах. Лапухі купіў яшчэ бацька Эдвада Адам у Наркевічаў-Ёдкаў. Тут быў басейн, напэўна, для развядзення рыбы, вінакурня, завод па вырабе масла. Быў і вялікі сад, а таксама прыгожы парк з 52 найменнямі розных раслін, частку з якіх можна пабачыць і зараз - гэта піхта, канадская таполя, шарападобная вярба і інш.

Эдвард узяў шлюб з Алімпіяй Узлоўскай. У сям'і нарадзілася двое дзяцей-пагодкаў - Сымон ды Алена. Аднак у дванаццацігадовым узросце заўчасна памірае сын, а праз шэсць гадоў дачка Алена. Смерць дзяцей стала горам для Вайніловічаў. І ў памяць пра іх Эдвард вырашыў пабудаваць на тагачасным ускрайку Мінска касцёл. Ён прадаў Лапухі і на атрыманыя грошы пачалося будаўніцтва. Вайніловіч, дарэчы, за свае грошы пабудаваў таксама сінагогу ў Клецку, Георгіеўскую праваслаўную царкву ў Макранах, там жа і яшчэ адзін каталіцкі касцёл.

Новы пункт турыстычнага маршруту Капыльшчыны можа быць пад пагрозай

Акрамя праблемаў з доглядам сядзібы, сёлета паўстала яшчэ адна праблема - абваліўся дах свірна.

- Мы прыехалі і жахнуліся: амаль увесь дах быў проста на зямлі, - расказваюць валанцёры.

- Гэта з-за снегу, напэўна, - кажа дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. - Такая праблема была ў многіх сядзібах. Але тут яшчэ адзін момант. Будынак, які аб'яўлены гістарычнай каштоўнасцю, знаходзіцца ва ўласнасці "Лакнея-агра", даччынага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Пріорбанка". Згодна з указам прэзідэнта, калі на вашай тэрыторыі знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць, то вы і павінны пра яе клапаціцца. Гэта не значыць аднавіць будынак. Гаворка ідзе пра кансервацыю: забіць аконныя праёмы і зрабіць нейкі навес над дахам. Рашэнні аб кансервацыі, дарэчы, былі прыняты Капыльскім райвыканкамам у 2005-м і ў 2006 гадах.

- Мы звярталіся з лістамі ў сам банк. Смецце было вывезена, крыху добраўпарадкаваная тэрыторыя... - кажа Галіна Верамейчык.

- Гэтую сядзібу можна ўключаць у турыстычныя маршруты хоць зараз. Таму што ў многіх турыстычных маршрутах ёсць пункты, у якіх захаваліся толькі руіны. Сюды могуць прыязджаць палякі, напрыклад, на ўгодкі Вайніловіча ці Чырвонага касцёла. Можна ж арганізоўваць аднадзённую экскурсію па мясцінах, дзе жыў Вайніловіч, - працягвае Галіна Верамейчык. - Важны не сам цэлы будынак (турыстаў часам нават больш прывабліваюць руіны). Важна, што пра гэта можна расказаць. Аднак дабрацца да іх вельмі складана. Мне падаецца, што тут элементарна можна скасіць бур'ян і зрабіць падыходы да ўсіх фундаментаў, правесці даследчую працу і паспрабаваць узнавіць план таго, што было. Нават проста паставіць вялікі стэнд з інфармацыяй, што тут ёсць і што было. Сюды едуць людзі, пытаюцца, а дабрацца не могуць.

Увогуле, па словах Галіны Верамейчык, на Капыльшчыне вельмі шмат культурных аб'ектаў, больш за 40. Для параўнання, у Нясвіжскім раёне - каля 28. Прычым звязаныя гэтыя помнікі са знакамітымі ў нашай краіне Наркевічамі-Ёдкамі і Вайніловічамі.

Як кажа Галіна Верамейчык, гэта амаль гатовы турыстычны маршрут, праўда, пакуль ён праходзіць параз высокія сцены бур'яну.

Каментар па справе:

Алег Шахневіч, старшыня "Лакнея-агра", што з'яўляецца ўласнасцю "Пріорбанка":

- Мы давалі прычэп, валанцёры там расчысцілі. А што яшчэ зрабіць. На мой розум, дык я не ведаю, як там і што рабіць. Дайце мне спецыяліста, які пакажа, куды гэтыя цвікі забіваць, туды мы і будзем забіваць. Дайце будаўніка, які можа там нешта зрабіць, тады мы і паглядзім. Тут жа спецыялісты патрэбны.

Мы звярнуліся ў сам "Пріорбанк", які актыўна зараз дапамагае ўзнаўляць Любчанскі палац.

- Пытанне аб правядзенні кансервацыі, а менавіта зачыненні аконных і дзвярных праёмаў і ўмацаванні флігеля знаходзіцца на разглядзе. І ў адпаведнасці з заканадаўствам будуць зроблены ўсе неабходныя захады для прадухілення разбурэння помніка архітэктуры, - у электронным паведамленні адказала Святлана Сушкевіч, прэс-сакратар "Пріорбанка".

Даведка "Звязды"

Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 года ў маёнтку Сляпянка каля Мінска. Бацька яго паходзіў са знакамітага ў той час роду Вайніловічаў, а маці з роду Ваньковічаў. Мелі Вайніловічы і кроўныя сувязі з Адынцамі ды Манюшкамі. Вайніловічам належалі вялікія зямельныя ўладанні ў Наваградскім ваяводстве, галоўным маёнткам былі Савічы ў Слуцкім павеце. Эдвард з медалём скончыў Слуцкую гімназію, пасля паступіў у Пецярбургскі імператарскі тэхналагічны інстытут, потым стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Пасля смерці бацькі юнак вяртаецца ў Савічы, дзе вядзе гаспадарку з прымяненнем найноўшых тэхналогій таго часу.

У 1888 годзе быў абраны віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Тройчы абіраўся ў расійскую Дзяржаўную Думу. А з 1906 года стаў членам Дзяржаўнага савета Расіі ад Мінскай губерні. Сталыпін прапаноўваў яму пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі. Аднак Эдвард адмовіўся.

За час працы быў узнагароджаны пяццю ордэнамі і адным медалём. Сімпатызаваў беларускаму руху: падтрымліваў утварэнне БНР, у доме Вайніловіча праходзіў вядомы Беларускі з'езд Случчыны, які ініцыяваў Слуцкае паўстанне.

Памёр Эдвард Вайніловіч у 1928 годзе ў Польшчы.

←Вольскі хоча адрадзіць беларускую вясельную традыцыю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика