«Ляпіс Трубяцкой» бароніць беларускія тавары
Музыкі запісалі песню-заклік «Купляй беларускае!»
«Купляй беларускае, купляй сваё! Выкінь у смецце самсунгі і саньё!» — радок з новай песні «Ляпісаў». Яна выконваецца ад імя простага беларускага хлопца ў іранічным стылі.
Хоць музыкі пасмейваюцца з намаганняў прымусіць беларусаў купляць толькі айчынныя тавары, прадусар «Ляпіса Трубяцкого» Яўген Калмыкоў супакойвае: «Вядома, мы купляем беларускае. Мы ж тут жывем!».
Песня «Купляй беларускае!» — своеасаблівы постсткрыптум і падарунак для Першага фэстывалю беларускамоўнай рэкламы «Adnak!» , які прайшоў у ліпені.
«Мы не планавалі ўключаць песню ў які-кольвек альбом, бо гумар тэксту могуць зразумець толькі ў Беларусі», — адзначыў Яўген Калмыкоў.
Adnak.by і «Ляпісы» прэзентуюць і ролік да песні «Купляй беларускае!».
«Гэта не кліп, а відэаінсталяцыя. Песня нарадзілася падчас вяртання з аэрапорта «Мінск-2». Убачаныя па дарозе кадры леглі ў аснову твору студэнта-аператара Аляксандара Галушкі, які паездзіў з камерай цягам сутак па Мінску і ваколіцах. Адзняты матэрыял лёг у аснову відэаісталяцыі,» — тлумачыць Яўген Калмыкоў.
Adnak.by