Меланхалічны шпацыр мумій па Парыжы

Источник материала:  
24.07.2010 12:26 — Новости Культуры
«Неверагодныя прыгоды Адэлі», прыгодніцкая стужка, Францыя, 2010, 105 хв., рэж. Люк Бесон).

Бесон дае настаўленні акторцы Луіз Бургуан

Аўтар «Нікіты», «Пятага элементу», «Падземкі« і «Леона» прачынаецца ў сябе на віле. Падыходзіць да серванта. Так, чым бы частаваць публіку гэтым летам? Марскімі рабаўнікамі? Но, но! Нядаўна ж былі «Піраты Карыбскага мора»… Забойцы-кібаргі? Летась хапіла: «Тэрмінатар-4» і «Трансформеры-2». Так, хто застаўся на запас? Муміі, дыназаўры і тэлепаты. Дык каго б ўзяць на ўзбраенне?

«О-ля-ля, — азарае раптам Люка Бесона, — у мяне ідэя: аб"яднаць усіх у адным фільме!»

Гэтым разам патрывожыць спакой муміяў французкамоўная Індыяна Джонс, якая амерыканскаму прафесару археалогіі ў маткі гадзіцца, бо шчыруе на ніве антыкварнага магілакапальніцтва ў дзясятыя гады ХХ ст. Але ў адрозненне ад іншых шукальнікаў адрэналіну, Адэль Блан-Сек ад мумій драпака не дае, хутчэй наадварот: хоча прывесці адзін пачарнелы ад часу экземплярчык у Парыж. Задума — ажывіць муміфікаванае цела, якое калісьці было лекарам, каб той дапамог вылекаваць спаралізаваную сястру. Ажыўляць медыка ў пялюшках Адэль хоча пры дапамозе прафесара-экстрасэнса. І ўсё бы ішло спраўным парадкам, пакуль прадстаўнік французскіх акадэмічных колаў не пачаў паралельна ажыўляць усялякае рознае, напрыклад птэрадактыля з мясцовага палеанталагічнага музея. Які пасаж!

Бесон кажа, што яго рэцэпт змагання з сусветным крызісам, гэта здымаць стужкі кшталту «Адэлі», фільм «лёгкі і вясёлы». Што ж, пасля ўдара па галаве дубінай таксама робіцца лёгка і весела. І ў Бесона ідыётамі робяцца ўсе пагалоўна. Першым дасталося парыскім следчым. А яшчэ — бедуіны, якія мелі няшчасце нарадзіцца на радзіме муміяў, у Егіпце. Бесон нічога новага не прыдумаў — пайшоў услед за еўрапейскім стэрэатыпам: як араб, дык двух гатункаў: паталагічны злыдзень з гнілымі зубамі ці наіўны хлопчык-званочак з шоўкавымі вачыма. І самае шкоднае — недаразвітым рэжысёр выставіў гледача.

Эн, дэ, труа! Адкрыўшы рот пасля «Падземкі» і «Пятага элемента», глядач чакаў нечага такога, пухкага і ўзнёслага ўвадначассе ад гэтага вечна ўскудлачанага дзядзькі і ад ягоных бунтарскіх міл ёвавіч і наталак портман, якія процьму гадоў таму наабяцалі марцыпанаў у смятане і новага-новага кіна. Вуаля! Фільм «Неверагодныя прыгоды Адэлі» нагадвае кашмары дзяцінства, калі разгортваеш на вуліцы стракаты фанцік знойдзенай цукеркі, а там другі ужо скамечаны, а за рогам чуваць здушанае хіхіканне. Стужка, зробленая паводле знакавага для французаў комікса Жака Тардзі, магла зрабіцца поспехам, а сталіся ламаннем камедыі. Бесон, вываліўшы россыпы прыгожых артэфактаў, хутка іх згарнуў і, кінуўшы гледача пасярэдзіне свайго ж уласнага фільма, пайшоў па чырвоным дыване дапіваць фуршэтную шампань.

Адно суцяшэнне для нас — кадры з няспешным і адтуль кранальным шпацырам ажылых мумій па начным Парыжу, а таксама Адэль, якая сядае на «Тытанік» пад заслону.

Падзяліцца навіной: 
Ліза Кавальчык

←В Москве скончался режиссер Игорь Таланкин

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика