Пякельнае «Басовішча»

Источник материала:  
19.07.2010 11:31 — Новости Культуры
21-ы фестываль у Гарадку запомніцца бязлітасным сонцам і да крыўднага малой колькасцю беларусаў.

Пераможцы конкурснай часткі фэсту магілёўцы Akute.

Урачыстае адкрыццё фэсту. Rima і дзеці спяваюць «Я нарадзіўся тут».

Rima.

«Адыс Абеба» ў Гарадку.

Мінчукі з Open Space зганьбіліся дурнаватымі жартамі з беларускай ды польскай мовы.

«Гурзуф».

Удзень намётавае мястэчка нібы вымірала.

Навінка 2010 года – пляж пад дахам.

«Басовішча» пераймае вопыт іншых фэстаў.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» мела на «Басовішчы» свой намёт.

:B:N.

Беларусаў на фэсце было мала, але яны былі.

«Ляпіс Трубецкой» стаў хэдлайнерам «Басовішча-2010».

Сяргей Міхалок назваў «Басовішча» «парадачным бардаком на мяжы».

«Троіцы» было няроста пасля «Ляпісаў».

Фэст усё ж атрымаўся.

Злая іронія лёсу – абяцаючы без адзінай кроплі дажджу пякельны сквар на ўсе дні сёлетняга «Басовішча», сіноптыкі гэтым разам не памыліліся. Сонца пачынала смажыць ад сёмай раніцы. А ўжо праз колькі гадзін знаходзіцца на адкрытай прасторы рабілася па-просту небяспечна. Кароткую палёгку прыносілі адна-дзве гадзіны перад світанкам, а потым пекла ізноў вярталася на зямлю.

Як у Чылі

Анамальная спёка агаліла некалькі істотных пралікаў у арганізацыі фестывалю. Гэтым разам намётавае мястэчка разбілі на пляцоўцы былога вайсковага гарадка, дзе не тое што дрэваў, аніводнага куста няма. З-за гарачыні мястэчка ад раніцы і да позняга вечара нібы вымірала. «Абгарадзілі, як стадыён у Чылі за Піначэтам. Толькі за гэты «канцлагер» яшчэ і плаціць трэба», – сумна жартавалі жыхары мястэчка. У фестывальнай краме прадавалі кашулькі з доўгімі рукавамі, затое не было там кепак і панамаў з банданамі. Госці фэсту ратаваліся ад спёкі на возеры, у лесе і каля піўных латкоў. Былі і аптымісты, якія радаваліся рэдкай магчымасці змяніць офісны загар на сапраўдны.

Да хібаў арганізацыі, не звязаных са стыхіяй, смела можна аднесці бяздарных вядоўцаў. Склалася ўражанне, што лідэр Znicha Алесь Таболіч і рэпер Krou проста бліжэй за астатніх апынуліся каляя мікрафона. Хлопцы блыталіся ў назвах польскіх гуртоў, шмат і няўцямна прамаўлялі са сцэны. Вердыкт ветэранаў «Басовішча» – трэба вяртаць Памідорава або Шалкевіча.

Нашых было мала

Першае, што кінулася ў вочы на 21-м «Басовішчы», да крыўднага малая колькасць беларусаў. Прыехалі тыя, хто меў візу ды не разлічваў на ласку арганізатараў. На фэсце неаднойчы даводзілася чуць размовы пра тое, што палякі не далі бясплатныя візы, каб беларусы не паехалі на дурніцу на Грунвальд. Арганізатары ж патлумачылі сітуацыю новымі правіламі выдачы дакументаў. У апошні момант яны здолелі аформіць візы для музыкаў. Тым не менш, беларусы былі гэтымі днямі ў Гарадку. Некаторыя прыехалі за тысячу кіламетраў з Расіі, каб на свае вочы пабачыць легендарны фэст.

Сярод шчаслівых уладальнікаў візаў былі актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якія разгарнулі на «Басовішчы» свой намёт. На фэст яны прывезлі майкі з лагатыпам кампаніі і надпісам «Басовішча-2010». Іх можна было атрымаць бясплатна, набыўшы майку з афіцыйным лагатыпам фестывалю. Варта прызнаць, такі піяр-крок атрымаўся досыць удалым: майкі «ГП» размялі за гадзіну.

Пераможная рэінкарнацыя «Глюкаў» і ганьба Open Space

Сёлетняе «Басовішча» ладзілася пад дэвізам «Musica libertad». Упершыню Гарадок наведаў гурт «Ляпіс Трубяцкой», які стаў хэдлайнерам фэсту. У якасці зорак і гасцей на галоўным канцэрце выступалі «Троіца», «Гурзуф», «Адыс Абеба», Litvintroll, Re1ikt, Zatoczka ды польскія Rima і Lipali. Rima адчыніла фэст разам з групай дзяцей песняй «Я нарадзіўся тут».

У 2010 годзе на фэсце адрадзілася конкурсная праграма. Удзельнікі конкурсу мелі заданне напісаць песню на словы Ларысы Геніюш. З пяці гуртоў-канкурсантаў магілёўцы Akute, былыя «Глюкі», справіліся з гэтай задачай найлепш, што і было адзначана журы.

А вось мінчукі з Open Space, што выступалі ў рамках вольнай сцэны, зганьбіліся дурнаватымі жартамі з беларускай ды польскай мовы. Пры гэтым вакаліст гурта дэманстраваў сур’ёзныя прыкметы «зорнай» хваробы.

«Парадачны бардак на мяжы»

У адным з інтэрв"ю арганізатары выказвалі лёгкую заклапочанасць з нагоды прыезду на фэст гурта «Ляпіс Трубецкой». Маўляў, ведаем, якія перфомансы яны вырабляюць на сцэне. Міхалок таксама за словам у кішэню не палез: пагадзіўся выступіць, але пры гэтым ахарактарызаваў «Басовішча», як такі «парадачны бардак на мяжы».

Але дарэмна перажывалі арганізатары – канцэрт «Ляпісаў» прайшоў на «ўра». Музыкі не стамляліся казаць «дзякуй», звярталіся да гледачоў «паважанае спадарства» ды выканалі ўсе свае беларускамоўныя хіты. «Belarus Freedom» магла б стаць гімнам сёлетняга фестывалю.

Паназіраць за Міхалком і К прыйшлі ўдзельнікі «Троіцы», што выступалі наступнымі. Іван Кірчук выглядаў заклапочаным. Ягоныя трывогі, цалкам магчыма, былі недарэмнымі. Пасля звышэмацыйнага сэту «Ляпісаў» з вар"яцкімі скокамі каля сцэны публіцы спатрэбілася досыць часу, каб наладзіцца на медытатыўную хвалю этна-трыа. Але і «Троіца» ўзяла сваё, нягледзячы на хібы з гукам.

Падсумоўваючы можна сказаць, што фэст у Гарадку атрымаўся. Ён вытрымаў эксперыменты арганізатараў, спёку і невялікую змену музычнага фармату. Магчыма нехта абурыцца такім словам, але падаецца, што адсутнасць на сёлетнім «Басовішчы» «Крамы», «Палацу» ды «Н.Р.М.» не стала катастрофай. :B:N і «Гурзуф», Rima і Lipali, «Ляпіс Трубецкой» і «Троіца» ды іншыя годна глядзеліся на сцэне 21-га «Басовішча».

Падзяліцца навіной: 
Сямён Печанко, фота Алесь Пілецкі

←Андрэй КУРЭЙЧЫК: "Я вярнуся ў ВНУ дзеля студэнтаў"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика