Velcom будзе мяняць стаўленне да мовы
© фота - adnak.by |
Адбыўся першы фестываль беларускамоўнай рэкламы Adnak!.
У журы фестывалю Adnak! былі запрошаныя прадстаўнікі вялікіх кампаніяў кшталту «Атлант-М» і velcom. НН скарысталася з нагоды, каб запытацца ў іх, чаму беларускі вытворца і дастаўнік паслуг упарта не камунікуюць з кліентам па-беларуску? На прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам фестывалю, мы задалі колькі пытанняў Дзіне Цыбульскай, кіраўніку аддзелу маркетынгу кампаніі velcom.
«Наша Ніва»: Вядомы рэкламіст Андрэй Гнёт лічыць, што называць тавары беларускімі назвамі проста прыбыткова. Беларускія маркі вылучаюцца незацяганасцю як на айчынных, так і на замежных рынках. Тое ж у пэўнай меры датычыць і беларускамоўнай рэкламы – яна вылучаецца сярод астатніх. Аднак на справе бізнэс рэдка карыстаецца беларускай мовай. Чаму вялікія вытворцы, такія як velcom, не выкарыстоўваюць беларускую мову ў камунікацыі з кліентам, то бок у рэкламе, афармленні паслуг назве новых прадуктаў?
Дзіна Цыбульская: Адкажу шчыра. Рэкламуючы свае паслугі, мы як мабільны аператар па першым імпульсе шукаем мову, якая будзе зразумелая найбольшай колькасці людзей. А калі мы спрабуем звузіць канал камунікацыі, дык рызыкуем застацца непачутымі, не данесці паслугу да насельніцтва. Усё вельмі проста — уся справа ў грашах. Але паглядзеўшы працы фестывалю Adnak!, мы цяпер выдатна разумеем, што існуе немалая частка людзей, якая пачуе нас лепей і паставіцца да нас лепей, калі мы будзем гаварыць на іх мове. Думаю, што пасля фестывалю нашае стаўленне да беларускай мовы будзе мяняцца.
«НН»: І якія планы?
ДЦ: Яшчэ рана казаць, але тое, што мы хочам гэтага — адназначна. Па-першае, трэба прыдумаць прадукт, паслугу, якая будзе цікавая для тых людзей, якія не проста разумеюць беларускую мову, а лічаць сваёй, якіх гэтая мова чапляе. Калі мы будзем размаўляць па-беларуску, дык будзем рабіць тое з пэўнай часткай насельніцтва. А з напрацаванага — мы маем беларускамоўную версію сайта, якая абнаўляецца паралельна з расійскай.
«НН»: А вы не спрабавалі зрабіць белмоўную версію стартавай і паглядзець наведвальнасць?
ДЦ: Не. Трэба ўлічыць чыста практычны момант: шмат хто з кліентаў хоча хутка заскочыць на старонку і зрабіць свае аперацыі, а сярод іх ёсць людзі, якія беларускую мову проста не разумеюць.
«НН»: Добра, калі пакуль пытанне аб поўнай замене расійскай мовы на беларускую ў вашай камунікацыі з кліентам не стаіць, чаму нельга зрабіць, як тое робяць у Бельгіі ці ў Ізраілі: запускаць адную тую ж рэкламу паралельна на некалькіх мовах?
ДЦ: Шчыра кажучы, у гэты бок мы не думалі ўвогуле. І на першы погляд — дык хутчэй не. Мы, мабільныя аператары, утвараем шмат шуму вакол сваіх новых паслуг, і людзі ўжо ад пачатку з цяжкасцю прымаюць рэкламную інфармацыю. Таму ўскладняць сабе жыццё мы, напэўна, не будзем. Што да Бельгіі або Ізраілю, то там паралельна існуюць дзве мовы ў вялікіх супольнасцях, якія фактычна не перакрыжоўваюцца. Таму гэта шмат у чым вымушаны захад: гэта не палітычнае рашэнне, не прыгожы крок. Таму калі мы пачнём размаўляць па-беларуску, дык мы пачнём размаўляць толькі па-беларуску.
Гутарыў Павал Касцюкевіч