Kupalle-2010 all over the world

Источник материала:  
17.06.2010 18:36 — Новости Культуры
Купальскае вогнішча на беразе Ангары, святочны крупнік у лясах Нью-Ёркшчыны, купальскае афтэр-паці ў Мінску.

Kupalle-2010 all over the world
Купалле ў Ракаве. фота Юліі Дарашкевіч

Купалле — свята найвышэйшага росквіту прыродных сіл, значны пераходны момант прыроднага кругабегу. У гэту ноч, як вераць, выходзяць наверх закапаныя ў зямлі скарбы; дрэвы пераходзяць з месца на месца і вядуць міжсобку гутарку.

Купалле — бадай самае папулярнае традыцыйнае свята. Яго святкаванні не спыняліся ані пад час сярэднявечнага пераследу, ані падчас савецкага атэізму.

Купалле — свята карагоднае. Моладзь скоча праз вогнішча. Калі хлопец мае пару, то пераскоквае агонь разам са сваёй дзяўчынай. Калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыдуцца - добрая прыкмета: іх вяселле будзе яшчэ ў гэтым годзе. А яшчэ ў гэтую ноч варта знайсці папараць-кветку: каб быць здаровым, шчаслівым і мець грошай колькі захочаш.

Купалле як усялякае сярэднестатыстычнае беларускае свята святкуюць двойчы: у ноч з 23 на 24 чэрвеня і з 6 на 7 ліпеня. Першая дата, пэўна, слушнейшая, бо свята прывязана да летняга сонцастаяння, а гэта адназначна ў чэрвені.

Увогуле, у сучасным свеце панятак «макаўку лета» беларусы разумеюць вельмі прыблізна і таму іхнія святкаванні Купалля расцягваюцца аж на тыдні. Мяркуйце самі:

18-20 чэрвеня. Парк «Ўорд Паунд Рыдж Рэзэрвэйшн» каля Нью-Ёрка

. Амерыканскае Kupalle ў форме пікніка ля сажалкі. Купальскі вечар пачнецца з прызначэння Князя-Купаліша і Купалінкі, якія распаляць вогнішча, а потым нячысцікі выкрадуць Купалінку. За гэтым можна будзе назіраць і частавацца крупнікам. Кошт: $25 дарослым, $10 дзецям меншым за 12 год.

Ноч з 19 на 20 чэрвеня. Ля Музея драўлянага дойлідства на беразе Ангары (Расія, Сібір).

Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры акрамя звыклых старажытных абрадаў сёлета вырашыла пачаць свята з ігры на «белорусской волынке» дудзе. Акрамя гэтага: пачостка, конкурсы, мастацкія нумары.

22 чэрвеня. Мінск, Сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 23).

Творчая сустрэча з адмыслоўкай па народных святах Аленай Анісім на тэму «Купалле ў ментальнасці беларусаў». Каб святкаваць свята трэба пра яго хоць што ведаць. Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход вольны.

У ноч з 23 на 24 чэрвеня. Рэчка Іпуць ля Добруша (Гомельшчына).

Зразумела ў гэтую ноч можна будзе адсвяткаваць хоць дзе, нават на ўскраінах шмат якіх беларускіх гарадоў, але мы прапануем вам арганізаваную магчымасць. ГМКГА «Талака» запрашае ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у старажытным язычніцкім свяце ў гонар сонца Купальлі. Час ад’езду з Гомеля: 12.10 і 16.10 (збор ля ўвахода ў прыгарадны чыгуначны вакзал). Арганізатары просяць апрануць нацыянальныя строі або прынамсі нешта белае, захапіць ежу для святочнага стала, 3 тысячную складку на дудара, а таксама пазітыўны пазітыўны настрой. Для ўдзелу ў рэпетыцыях гомельскага Купалля тэлефануйце 3416604 (Velcom) Ларыса.

26 чэрвеня. Музей народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам.

У нашых любых Строчыцах — абход хат, спальванне старызны і народныя спевы сярод аўтэнтычных беларускіх хат. Запрошаны гурты «Асалода», і жартаўлівы гурт «Цёшча». Пачатак блізу 15, але можна прыехаць і раней, бо музей адчыняецца а 10 ранку.

26 чэрвеня. Беларускі рэлігійна-культурны цэнтр у Лондане (39, Holden Road)

. У праграме — народныя спевы і танцы. Пажадана па магчымасці апранаць беларускае нацыянальнае адзенне. Перад святкаваннем адбудзецца невялікая талака па добраўладкаванні двара Беларускага цэнтра. Пачатак а 17.

29 чэрвеня. Клуб «Рэактар» (Харужай, 29), Мінск.

Купальскае афтэр-паці. Ва ўмовах максімальна набліжаныя да старажытных, у сталічным клубе, адбудзецца штогадовы фэст «Купальскае кола» з удзелам гуртоў: ПАЛАЦ, Testamentum Terrae, Unia, Рокаш, Гуда, Ліцьвіны, Андрэй Плясанаў (гурт P.L.A.N.) і інш. Пачатак а 18.00. Квіткі: 20 000 папярэдне (плюс кампакт-кружэлка ў падарунак), 25 000 месца за столікам, у дзень канцэрту 25 000—30 000.


ЛК

←Посольство ФРГ передало Национальной библиотеке 498 изданий, вывезенных с территории Беларуси в годы Второй мировой войны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика