Выступленне «Палаца» і «Без Білета» пад знакам БРСМ
12-13 чэрвеня ў Сілічах пройдзе фэст «Дзень сям’і» з удзелам такіх гуртоў, як «Палац», «Без Білета», Drum Ecstasy. Канцэрт ладзіць творчае аб’яднанне «ПАН-студыя». Акцыя праходзіць пры падтрымцы БРСМ, пра што музыкі даведаліся толькі ад «Тузіна Гітоў».
Фэст 12-13 чэрвеня пазыцыянуецца як сямейны. Творчае аб’яднанне «ПАН-студыя» даўно ўжо распрацоўвала ідэю такой музычна-спартовай акцыі, дзе можна як згуляць у пейнтбол ды пазаймацца аэробікай, так і пазапускаць бурбалкі ды паслухаць актуальную беларускую музыку. Ідэяй зацікавіліся ўладныя структуры, а падтрымку выказаўся забяспечыць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
«Мы былі супраць удзелу БРСМу ў гэтай акцыі, але нам сказалі, што без яго падтрымкі будзе складана зрабіць фэст.БРСМ пастаўляе на фэст валанцёраў, а таксама спрыяе ў рэкламе мерапрыемства па сваіх каналах. Наконт правядзення іх уласных акцый у межах фэсту гаворкі не было», — патлумачыў «Тузіну Гітоў» кіраўнік «ПАН-студыі» Дзмітры Саладуха.
Удзельнікам канцэртнага шоу пра падтрымку БРСМ і змяшчэнне лога гэтай арганізацыі на афішах нічога не паведамілі. «Мне вельмі непрыемны гэты факт, — кажа лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка. — Мы падпісвалі з арганізатарамі дамову, дзе не было ні слова пра гэту арганізацыю. Калі б нас пра гэта праінфармавалі, магла быць іншая дамовы ды зусім іншыя патрабаванні».
«Мы насцярожана ставімся да падобных арганізацый, але абсалютна вітаем ідэю фэсту для ўсёй сям’і.Таму калі БРСМ дапаможа ў яго арганізацыі ды пакажа сябе ў лепшым святле, дык і людзі яго ўрэшце рэшт палюбяць», — кажа Віталік Артыст з каманды «Без Білета», які нямала здзівіўся гэтай навіне.
Але больш за астатніх даўся дзіву Філ Чмыр з Drum Ecstasy, аднаго з гуртоў, які разам з «Палацам» цягам пяці гадоў знаходзіўся пад негалоснай забаронай.
«Няйначай з неба зваліўся гэты БРСМ… Але ж у нашай краіне настолькі складаная сітуацыя, што без падтрымкі дзяржавы тут анічога не правядзеш. Мы падтрымліваем канкрэтна фэст «Дзень сям’і» нават калі на ім будзе прысутнічаць сам Сатана. І калі дзяржаўныя грошы пойдуць на добрыя справы, дык чаму не. Калі ж сродкі ідуць на бязглуздую дзейнасць — вядома, мы супраць».
Фэст у Сілічах пачнецца ў 12:00 12 чэрвеня з спартовай праграмы. Канцэрт пройдзе з 18:00 да 23:00. Рок-музыку прадставяць «Палац», «Без Білета», Drum Ecstasy. Электронную — Карэн Карапецян feat DJ Mongol, Hanz & Gruber.
Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»