«Ляпіс Трубяцкой» будзе хэдлайнерам на сёлетнім Басовішчы

Источник материала:  
13.05.2010 11:31 — Новости Культуры

Хэдлайнэрам 21-га Басовішча будзе «Ляпіс Трубяцкой». Перамовы паміж арганізатарамі фэстывалю і гуртом завершыліся паспяхова — выступ заплянаваны на завяршэньне другога дня «Басовішча». Яўген Калмыкоў распавёў, што каманда заедзе ў Гарадок у межах свайго эўрапейскага міні-туру, а старшыня БАС Кася Кузьміч спадзяецца, што «Ляпісам» на «Басовішчы» спадабаецца.

«Ляпіс Трубяцкой» — гурт, які абавязкова трэба паказаць на «Басовішчы». Зь іншага боку, «Ляпіс» будзе добрым перапынкам на дваццаць год «Басовішча», бо ён крыху розьніцца ад папярэдніх хэдлайнэраў — NRM ці ND, што таксама асьвяжыць фэстываль, — распавядае старшыня БАС Кася Кузьміч. — Мы ўсе вельмі ўзрадаваныя ўдзелу «Ляпіса Трубяцкога». Для нас гэта вялікая падзея, зь нецярпеньнем чакаем выступу. Вельмі прыемна, што «Ляпісы» з ахвотай прынялі нашае запрашэньне. Спадзяемся, «Басовішча» ім спадабаецца!»

Пра магчымы ўдзел «Ляпіса Трубяцкога» ў Басовішчы-2010 паведамлялася і раней, але перамовы паміж арганізатарамі і гуртом завершыліся толькі сёньня. На лета ў гурта заплянаваны міні-тур па Эўропе з рэлізам «Agitpop».

Прадусар «Ляпіса Трубяцкога» Яўген Калмыкоў распавёў як ім уяўляецца «Басовішча» і якую праграму рыхтуе гурт: «Кучы студэнтаў зь півам на абочынах — такі нармалёвы здаровы бардак на мяжы! :) Паездка на „Басовішча“ нам бачыцца ў межах выхаду эўрапейскага альбому „Agitpop“, таму і праграма будзе — the best трох апошніх альбомаў „Ляпісаў“. На лета ў нас заплянаваныя канцэрты ня толькі ў Эўропе, а, скажам, у Азіі. Таму будзем спалучаць, катацца туды-сюды — будуць фэсты ў Празе, Галяндыі, Вугоршчыне, Польшчы. Выступім на „Басовішчы“ і спадзяемся, што паклічуць яшчэ».

Нагадаем, на «Басовішчы» сёлета ўпершыню за шмат гадоў ня будзе выступаў NRM, «Крамы» ды «Нэйра Дзюбеля», а таксама многіх іншых традыцыйных для яго гуртоў. «Хочам асьвяжыць фэстываль», — тлумачаць арганізатары «Басовішча». На сёньня ў праграме двухдзённага фэсту ўжо заплянаваныя выступы гуртоў «Троіца», «Гурзуф», «Адыс Абеба», Litvintroll, Re1ikt, Rima і Lipali. Праграма яшчэ фармуецца, і басаўцы працягваюць перамовы з шэрагам беларускіх гуртоў.

У гэты ж час складаецца сьпіс удзельнікаў конкурснай часткі «Басовішча» і Вольнай сцэны — арганізатары фэсту працягваюць прымаць заяўкі на конкурс па 15 траўня 2010 году. Таксама БАСаўцы вядуць перамовы пра арганізацыю бясплатных візаў для наведвальнікаў фэстывалю зь Беларусі.


generation.by

←Dolce Vita завітала ў Мінск

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика