Dolce Vita завітала ў Мінск

Источник материала:  
13.05.2010 11:07 — Новости Культуры
«Океан Ельзи» ці не адзіны гурт з суседніх краін, што даволі часта з’яўляецца ў Беларусі. Нягледзячы на гэта «ОЕ» заўсёды прыцягвае цікавасць, а трапіць на яго выступ не вельмі проста.

На гэты раз украінцы прывезлі ў Мінск праграму з Dolce Vita тура, у якую увайшлі старыя песні ды некалькі новых з апошняга аднайменнага альбому.

Як водзіцца, Вакарчук з кампаніяй перад выступам паразмаўлялі з журналістамі. На гэты раз аб украінскай мове, «Ляпісах», ды новым альбоме.

«Мяне цікавіць не столькі пытанне чысціні ў краінскай мовы (а мова нашых песняў не такая ўжо чыстая), а яе жыццёвасць. Я хачу, каб украінская мова жыла і каб на ёй размаўляла як мага больш людзей.

Увогуле пытанні мовы ў творчасці (у адрозненні ад мовы ў палітыцы) — пытанне надуманнае. Галоўнае сэрца, якое адчувае або не. Я спяваю па-украінску, бо гэта мая першая мова»

, — распавёў Вакарчук. Што датычыць загалоўнай песні з новага альбома, то аказваецца, што яна навеяная творамі Феліні: «Вядомы фільм Феліні іранізаваў над старой італьянскай арыстакратыяй 50-х гадоў, якая жыла старымі ідэаламі. Рэжысёр ставіў тлустую кропку на тэме жыцця, недаступнага большасці людзей, Мая песня таксама хутчэй іронія над «салодкім жыццём».

Вакарчук таксама даволі стрымана пахваліў Міхалка: «Прыязны нам гурт, а яшчэ і запісваемся на адной студыі. Скажам так — гэта не тая музыка, якую я буду слухаць дома, але мне падабаецца іх апошні рух да больш рокавага, валявога гучання, ён мне сугучны. Мне вельмі падабаецца іх іронія».

А потым быў канцэрт. Ён звыкла пачаўся на 40 хвілін пазней запланаванага. Публіка ўжо пачынала абурацца, аднак калі «ОЕ» з’явіліся на сцэне і зайгралі «Там-де нас нема» з новай аранжыроўкай і ў два разы больш працяглую, чым альбомная версія, ад абурэння не засталося і следу. Далей было яшчэ больш жвава і весела. Вакарчук настолькі завёў слухачоў і гледачоў, што пад сярэдзіну выступу мінчане, якія і па-беларуску ніколі слова не скажуць, хорам спявалі песні «ОЕ» на нядрэннай украінскай мове. Чым выклікалі захапленне ў гурта і Вакарчука асабіста, які не губляў любога моманту каб тое захапленне выказаць.

«ОЕ» нават заспявалі у Мінску новы хіт «Небо над Дніпром», які збіраліся выконваць толькі ў тых гарадах, што ляжаць ля гэтай вялікай ракі.

«Океан Ельзи» на канцэртах і ў запісах — непараўнальныя рэчы. Меладычнасць студыйных альбомаў падчас жывога выканання напаўняецца мноствам імправізацый. А гэта заўсёды прываблівае. Разам з шалёнай харызмай Вакарчука «ОЕ» ператвараецца ў бомбу. І ёй не замінаюць нават слязлівыя тэксты пра каханне.

Наступныя беларускія канцэрты «ОЕ» пройдуць: 13.05 Віцебск, 17-га Брэст, 18-га Баранавічы, 19-га Гомель. Фортка паміж віцебскім і брэсцкім выступамі выкліканая днём нараджэння Святаслава Вакарчука, які ён плануе адзначыць з блізкімі людзьмі.

«Океан Ельзи» — ці не самы вядомы ўкраінскі рок-гурт. Створаны ў 1994, О.Е. ужо даўно прызнаны лідэр мяккага року і поп-року на постсавецкай прасторы. Спяваюць па-ўкраінску. Лідэрам гурту, аўтарам большасці песняў з’яўляецца Святаслаў Вакарчук. Сёмы паводле ліку альбом Dolce Vita увайшлі 13 кампазіцыяў, дзе музыкі сцвярджаюць, што вярнуліся вярнуцца да свайго колішняга гучання. Цымус альбома — запіс з аднаго дубля, каб нараджалася адчуванне выступу «жыўцом».


Алесь Пілецкі, Павал Касцюкевіч, Таццяна Гаўрыльчык

←В Ночь музеев в Гродно разыграют трагедию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика