Таццяна Барысік. Казліная помста
Уяві сабе, мой шаноўны дружа: табе тэлефануюць уночы. Здымаеш слухаўку і чуеш хрыпаты голас:
— Ты хацеў свежыны? Я зрабіў!
Якой будзе твая далейшая рэакцыя на гэткае нечаканае паведамленне? Напэўна, спалох, разгубленасць, злосць, запозненая цікаўнасць.
Вось і жыхар вёскі Забалаць Франусь, крывой акушэркі сын, мусіць, адчуваў нешта падобнае, калі яму, а другой гадзіне ночы патэлефанаваў Грышка Бык з суседніх Забудзек, таму спачатку Франусь аслупянеў, пасля раззлаваўся, аблаяў свайго начнога суразмоўцу і на ўсялякі выпадак вырубіў тэлефон. Ведама, п’яны Грышка! Чалавек адзінокі, а пагаварыць любіць. Але сон не йшоў.
— А каб яго чэрці, паўдурка гэтага, успароў пасярод ночы, — бурчэла жонка Маня.
«Калі свежына не жарт і не белая гарачка, дык адкуль жа яна ўзялася? — навязлівае пытанне не давала спакою стамлёнай Франусевай галаве. — З гаспадаркі ж у Грышкі толькі конь ды рабы сабака. Значыць, свежыною мог стаць альбо нехта з ягоных жывёлінаў, або сябрукі прывалаклі на падворак скрадзеную быдлячыну».
Ды як паказала жыццё, нават у сваіх самых смелых прыдумках уявіць праўдзівае паходжанне свежыны не здолеў бы ані Франусь, крывой акушэркі сын, ані ты, мой шаноўны дружа.
Ну няма ладу на белым свеце! Толькі Франусь з Маняю селі снедаць, у хату ўваліўся Грышка Бык. У адной руцэ ён валок торбу, у другой — валасатую нагу з капытом.
— Гэта ж пайшоў я ўночы па калгасныя кіяхі. А там ляжыць каза дзікая. Можа, камбайн падрэзаў. Ну, я яе віламі і дакалоў. Мяса пачаў варыць адразу, як дадому прыйшоў. Калі добра ўварылася, вам пазваніў, —
— Частуйцеся мяскам!
— Ну і напужаў ты нас ноччу! — абазваўся Франусь.
«Прынесла цябе халера ясная якраз сёння! Работы процьма, гарбузы з гарода ў варыўню паўносіць, бульбу дробную ў мяхі паперасыпаць. Што ж, цяперака не выганіш. Са сваім прыйшоў. Ды й конь у яго адзін на дзве вёскі. А нам хутка гарод пераворваць. Давядзецца паўлітру паставіць. Хай п’е, каб яму зарвала!» — разважала Маня, а ўслых толькі й паспела заўважыць:
— Чаго ты пацёгся ўночы па тыя кіяхі? Іх жа і ўдзень ніхто не пільнуе.
Грышка развязаў торбу з казляцінай — смурод паплыў па хаце.
— Кепска вымачыў, — Маня ўзяла патэльню і накіравалася да пліты.-То, мусіць, не каза, а казёл быў.
— Мо й казёл, — не стаў спрачацца Грышка, баючыся застацца без дармавой паўлітры.
—
Узялі па чарцы. Франусь заўзята калупаў відэльцам мяса. Грышка павесялеў і завёў свой заўсёдны бясконцы аповед аб гісторыі свайго роду. Ніводная, нават самая дробная крыўда, нанесеная яму сваякамі ці аднавяскоўцамі за апошнія сорак гадоў, не была пакінутая
— Вось я чалавек парадачны. А мая сястра ў другой стрэчы Нінка? — пытаўся Грышка сам у сябе.
— А то мы не ведаем, хто ты і адкуль ты, — уступіла ў маўклівую спрэчку Маня.
— Мая сястра Нінка — гадасць з гадасці! Два гады таму ў госці прыязджала. Потым знюхалася з цюрэмшчыкам, кумам дачкі матчынай цёткі Алёны, каторая замужам за лясніком. Вось два бройлеры з двара і зніклі. Я мацеры так і сказаў: гэта толькі іхная работа…
Яшчэ выпілі. Грышка еў бульбу як не ў сябе; балбатаў і балбатаў, прыпамінаючы ўсё новыя падрабязнасці пазалеташняга злачынства супраць бройлераў і чалавека, не збіраўся спыняць сваё гасцяванне.
«Колькі ты мне тут ачэртаць будзеш? Ох і гадзіла б я табе, каб не твой конь. Мабыць, сам разам са сваёй раднёй дуркаватаю прапіў тыя куры ці з’еў, не помніш ні халеры. І мой, бязмен дурны, плявузганне гэтае слухае, рот разявіўшы. Не ў галаве яму, што работы мора».
Захмялелы бязмен тым часам напоўніцу ласаваўся нясвежаю свежыною, адпіхваючы ўбок бульбу:
— Я абвяшчаю бульбе байкот, яна перасоленая!
— А я абвяшчаю байкот казлу! — страціўшы цярпенне, ляпнула дзвярыма Манька і накіравалася на свае соткі.
Ва ўяўленні паўстала страшэнная карціна: мароз наўкола, а з неба лятуць белыя мухі і падаюць на непарадчаныя гарбузы.
— Я чалавек парадачны… — несліся наўздагон ёй словы казлінага паляўнічага.
Ураджай радаваў вока. Кабачкі ды гарбузы ляжалі ў барознах гладзенькія, як укормленыя парасяткі. Пазносіла іх у варыўню, бульбу ў мяхі паперасыпала. Тупала б яшчэ, але як ні пніся, усю работу не пераробіш. Замарылася, есці захацела. Абедаць позна, вячэраць шчэ рана. Не згледзела, як час прабег. Аўталаўка ўжо хутка. Праз вуліцу Маня шкрэбала са сваіх сотак дахаты.
На суседавай лаўцы ў чаканні аўталаўкі было як ніколі людна і весела. Мала таго што
Дзед Васіль уключыў транзістар на ўсю моц і цяпер цешыўся жыццём:
— Усе дзеўкі каля мяне! Я гарманіст!
Абмяркоўвалі тутэйшыя навіны. Адны й тыя ж, Маньцы даўно вядомыя. Галя ездзіла ў горад зубы ставіць. Старую Ахрэмчыху забрала «хуткая», урач палядзеў і сказаў: «Мусіць, у яе нешта нехарошае». П’яны Віцька Сцёпішын згубіў пад лаўкаю кансерву і ліверную каўбасу.
І раптам:
— Ну яна й кажа: «Бяры гэтую казу сабе. Мае Найда з Шарыкам маленькія, шчэ патруцяцца і здохнуць, а твой Тузік вялікі, з’есць тое мяса, халера яго не возьме…», — пачула Маня голас забудькаўскай дачніцы Аксені.
Здагадка аж апякла ўсё ўсярэдзіне. Вобміг падскочыла да той дачніцы і пачала распытваць. Высветлілася наступнае. У Надзі, Грышкавай суседкі праз вуліцу, захварэлі козы. Адна прапала ўжо, другая ў хляве раніцою не падымалася. Па ўсім відаць, канала. То Надзя і папарасіла Грышку Быка зарэзаць казу, а мяса забраць свайму сабаку.
А божа мой, а мілы мой! Ды пайшоў ты, Грышка, гад такі, разам са сваім канём! А як праз таго клятага казла Франусь занядужае ці, не тут казана, перакуліцца? А ў гародзе сама работа, ды й чаравікаў няма, касцюма новага няма, пашпарт кудысь збаёдаў», — думкі, адна страшнейшая за другую, гналі Маню на падворак.
У хаце было ўсё
Грышка адсутнасцю слухача надта не засмучаўся, ён працягваў сваё плявузганне:
— Прыязджаю, а яны плот разабралі. Ах вы, кажу, падлы, з сіраты іздзяёцеся! Я чалавек парадачны. А Грунін Лявон — гаўно з гаўна…
— Ты прывалок сюды здохлага казла, а парадачныя людзі так не паступаюць! — уляцела з сенцаў раз’юшаная Манька. — Прэч з хаты, свіння ты п’яная!
Парадачны чалавек і ўласнік адзінага каня, убачыўшы шалёны бляск яе вачэй і матыку ў руках, чакаць сябе не прымусіў. Ускочыў
Акушэркі крывой сын дрыхнуў за сталом, хроп як мядзведзь і паміраць відавочна не збіраўся.
— Я адна на гародзе кішкі рву, а ты п’еш, апудайла лянівае! — шкамутала раззлаваная Манька аматара халяўнай свежыны.
Ён сапраўды падняў галаву, хмель пачынаў крыху разыходзіцца. За акном стаяла цёплая восень, шапацелі яблынькі ў садзе, мяккае вечаровае святло сцялілася па масніцах. Свет здаваўся такім утульным. Франусю раптам захацелася сказаць жонцы нешта добрае, прымірэнчае:
— Казла з’елі — і ладна. Тае бяды што смярдючы.
Сцямнела. Праспаўся збольшага і Грышка ў сваіх Забудзьках. Толькі не было яму спакою, не пайшла на карысць выпіўка з дарэмнаю закускай. Я сама, мой шаноўны дружа, не бачыла, але Аксеня з Надзяю, забудзькаўскія бабы, казалі, нібыта ўсю ночку па Грышкавым падворку блукала і нават зазірала ў вокны здань, прывід зарэзанай казы.
Замест эпілогу.
А ўвогуле гэтая гісторыя скончылася не так пагана як пачыналася. Франусь, крывой акушэркі сын, жыхар вёскі Забалаць, жывы і здаровы. Манька памірылася з Грышкам. Што ж рабіць? Чалавека шкада, казла не вернеш, а гарод, мой шаноўны дружа, пераворваць усё адно трэба.
Таццяна Барысік