“Мой рэпертуар - тое, што мяне хвалюе”

Источник материала:  

Фота vialejka.org

Калі некалькі гадоў таму пачула песні ў выкананні Алеся Наркевіча, найперш адзначыла для сябе яго надзіва прыгожае, мяккае беларускае вымаўленне.

Нібы спецыяльна пастаўленае, як у прафесійных артыстаў і добрых дыктараў. Але заслугі спецыялістаў па сцэнічным маўленні і настаўнікаў беларускай мовы тут няма. “Ніякіх настальгічна-сентыментальных пачуццяў успаміны пра школу ў мяне не выклікаюць. Як і пра настаўнікаў. Хаця я памятаю ўсіх. І, вядома ж, усе яны былі харошымі савецкімі людзьмі. Дарэчы, у 2006 годзе схадзіў на вечар выпускнікоў - 20 гадоў адзначыць. Пачаў размаўляць з настаўніцай беларускай мовы па-нашаму, а яна мне: “Саша, зачем тебе это нужно? Смотри, что кругом делается… Никому это не нужно…”, - расказаў Алесь Наркевіч.

Так што добрае вымаўленне ў барда хутчэй ад дзядуляў-бабуляў. “Бо кожнае лета бацькі праз мае слёзачкі адвозілі мяне з братам на канікулы або ў Вольшына, або ў Мішуты, - успамінае ён. - Дзякуй Богу, на той час вёска яшчэ не была зрусіфікаваная, як цяпер - жыла мова. Усё было натуральным і прыгожым. А яшчэ смачным, бо тыя дранікі і бабку з печы забыць немагчыма”.

Спецыяльнай музычнай адукацыі Алесь Наркевіч не атрымаў. Але, успамінае ён, заўсёды любіў спяваць, проста слухаць музыку. Удзельнічаў у школьным хоры і ў хоры вайсковай часці.

“Як стаў бардам? - задумваецца ён. - Думаліся вершы, пасля вершы пачалі спявацца. Паслухалі сябры, пасля сябры сяброў - ім спадабалася. Затым мне пачалі прапаноўваць выступіць на вечарына-імпрэзах”. Ігры на гітары вучыўся, як і большасць аматараў: сёе-тое паказалі знаёмыя, а ўдасканальваўся сам, як мог. Таму і не лічыць сябе супер-музыкам.

Бацькі вілейскага барда не звязаныя ні з музыкай, ні з паэзіяй. Бацька нарадзіўся ў Вольшыне. Працаваў рабочым: і на “Зеніце”, і ў тэлемайстэрні - па розных спецыяльнасцях. Маці - з Мішутоў. Усё жыццё - у вілейскім гандлі, прадаўцом. “Бацька памёр у 2006 годзе, - успамінае Алесь Наркевіч. - А мама - пенсіянерка, якой карціць папрацаваць. Праўда, яна цяпер даглядае сваю маці, якой ужо 93 гады”.

У яго рэпертуары ёсць песні рамантычныя, а ёсць сатырычна-іранічныя, нават змагарныя. “Я вось такі шырокапрофільны, - жартуе бард. - Насамрэч мой рэпертуар - тое, што мяне хвалюе або усхвалявала некалі. Я не працую паэтам, музыкам, літаратарам - неабходнасці выціскаць з сябе “шэдэўры” або “новыя формы” няма. Усё менш цікавяць прыгожыя словы або рыфмы - больш вабяць прыгожыя думкі”.

Каб з'явілася песня, бывае дастаткова слова, гука, думкі. Але неабходная ўмова - вольны час для самоты, адзінота на пэўны час. Увогуле, для плёну ва ўсякай працы трэба сканцэнтравацца на ёй, лічыць Алесь.

Персанальных канцэртаў ён не ладзіць. Так што пачуць “ужывую” яго можна на так званых “кватэрніках”, на культурных імпрэзах ды на прэзентацыях. Не першы год удзельнічае ў праекце “Бардаўскі хрысціянскі хіт”. Выступае ў Мінску, але не адмаўляецца праспяваць некалькі песень на якой-небудзь імпрэзе ў Вілейцы. Быў час, калі ён, Зміцер Абразцоў і Алесь Алесік давалі канцэрты ў вёсках Вілейскага раёна.

Пераязджаць у сталіцу не збіраецца: “Верагодна, у Мінску больш магчымасцяў, але я не маю патрэбы ў большых аўдыторыях. Падабаецца Вілейшчына, мне тут надзвычай утульна, я тут - дома. Мінск ніколі і нічым не вабіў. Так бы мовіць, я з ім па розныя бакі “Лініі Сталіна”. Увогуле гэты горад пакідае ўражанне вялікага “інтэрната”. У Мінску жыве шмат маіх знаёмых - “сталічныя”. Але яны ўсе там - “чужаніцы”.

Цяпер, кажа Алесь Наркевіч, ён увогуле рэдка з гітарай - усё больш на працы. “Вось каб суткі павялічыць да гадзін 36-і, можа, паспяваў бы і паспяваць”, - на развітанне пажартаваў каламбурам Алесь Наркевіч.

Святлана ЦІШКО.

Верш ад Алеся Наркевіча

****

Трэба жыць. І ўсё. І кропка.

Лепшай долі - браць, не кленчыць.

Не зважаць на недаробкаў,

Што плююць табе ў плечы.

Жыць. Не слухаць ціхіх гадаў,

Што нашэптваюць па норах

Забабоны і парады,

Модлы страху і пакоры.

Трэба жыць. І гэтым чынам

Не даваць паскудству ходу.

Будаваць сваю Айчыну

З нашым зместам, з нашай модай.

Жыць. І будзе светлы бераг,

І ў нашай хаце свята.

Жыць: з надзеяй, цвёрдай верай,

Нібы прышласці араты.

Фрагмент выступлення Алеся Наркевіча на прэзентацыі кнігі У. Кажамякі "Ходзіць вёс­камі сіняе лета". 31 студзеня 2010 г. у зале выстаў г. Вілейкі.


←Группы Lightsound, "Ветер в голове" и певица Елена Вырвич выступят в полуфинале "Новой волны-2010"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика