Зміцер Вішнёў распавёў, як будуюцца замкі з крапівы
Зміцер Вішнёў рэдагуе і выдае кнігі ў самым жвавым і самым «пладавітым» на сёння незалежным выдавецтве «Галіяфы», да таго ж ён не абмінае сваёй добразычлівай прысутнасцю большасць літаратурных імпрэз у Мінску. Яго ведаюць і як вялікага мінскага дзівака-рамантыка, і як жанчынаненавісніка, і як жанчыналюба, і як містыфікатара-перфарматара, а часам і як свайго хроснага бацьку, які дапамог прыйсці ў беларускую літаратуру і пачуцца там доўгачаканым і патрэбным.
Гэтай вясной Зміцер прэзентуе свой новы постмадэрновы раман ― «Замак пабудаваны з крапівы», з кожнай старонкі якога ў побыт, засыпаны лыжкамі, талеркамі, бутэлькамі і кніжкамі, трапляе процьма жывых істот, якія прымушаюць прадметы гаварыць, а людзей ― ператварацца ў прадметы. Лірычны герой і сам час ад часу ператвараецца ў прадмет, прадмет ― у героя: тут мы то сустракаем тыповага багемнага мінскага выпівоху, то смакуем свет яго вуснамі, то раптам упіваемся пальцамі ў руку Вішнёва і разам з ім перамяшчаемся ў Берлін. Вішнёў стварае абсурдны і эклектычны фантастычны пейзаж на фоне звычайнай кухні, або звыклага мінскага двара. У звычайнай мінскай кухні з плямай звычайнага двара ў акне «Беларускія навіны» распыталі Вішнёва пра актуальнасць постмадэрнізму, пра персаніфікацыі, гульні ў літаратуры, пра п’янства і беларускіх літаратараў, якія ўвесь час стаяць «у чарзе па хлеб».
— Раман вымагае ад пісьменніка шмат вольнага часу. Калі ж вы паспелі напісаць фундаментальны твор буйнога жанру?
— Раманам я не зусім задаволены. З іншага боку, гэта добра, калі аўтар лічыць, што лепшая кніга ў яго наперадзе. Аб’ёмныя творы патрабуюць шмат часу і сістэматычнай працы. Таму я спадзяюся праз некалькі гадоў вярнуцца яшчэ да гэтага твора і перапрацаваць яго, аднак цяпер наспела патрэба ў тлустай кропцы, і я паставіў яе так, як мог, з улікам каласальнага недахопу часу. Прынамсі, мне не сорамна за новую кнігу, і гэта галоўнае. Я атрымліваў кайф, калі працаваў над раманам, у першую чаргу гэты «Замак» для мяне самога, а потым ужо для чытачоў.
— А вось Альгерд Бахарэвіч гэты раман назваў вашай лепшай кнігай...
— Мне здаецца, што Альгерд пажартаваў. Ён выказаўся досыць іранічна, бо не сказаў, што яна добрая ў творчай просторы ў прынцыпе. Ён паведаміў, што яна проста лепшая з маіх. Значыць, усе мае кнігі могуць быць і дрэннымі, напрыклад? Мне б больш спадабалася, калі б ён сказаў, што гэта добры твор беларускай літаратуры (смяецца).
—Вас не хвалюе, што тое, што вы пішаце, ― гэта нішавая літаратура, і наўрад ці некалі раман, пра які мы гаворым, прачытае вялікая колькасць людзей?
— А я і не імкнуся зацікавіць масы! Свайго чытача я знайшоў, або ён мяне знайшоў. Гэта панкі, анархісты, людзі з нестандартным мысленнем, тыя, каму больш імпануе інтэлектуальная літаратура.
— Мінск ― прыдатны горад для пісьменніка?
— Для мяне не вельмі, у мяне тут занадта многа сяброў і ворагаў. Я хачу з’ехаць на нейкі час і папрацаваць у цішыні.
— У вашых кнігах заўсёды столькі жывёлак, насякомых, жывых прадметаў, рэчываў ― столькі каларытных істот. Ваша рэальнае жыццё такое ж?
— Так, такое ж. І на прэзентацыі «Замка пабудаванага з крапівы» многія выступоўцы казалі не пра лірычнага героя, а непасрэдна пра Змітра Вішнёва, з якім нібыта адбывалася ўсё апісанае ў кнізе. Гэта не зусім так, яны купіліся проста на маю гульню. Бо аўтар і герой у мяне пераплятаюцца — гэта інсінуацыя. Мэта была ― усіх заблытаць, у тым ліку і сябе. Я фантазёр, я такі з дзяцінства, нездарма амаль кожная частка майго рамана пачынаецца з маленства.
— У такой форме, як раман, усё ж самае асноўнае ― гэта сюжэт. Ці можаце сказаць, што ў «Замку» ён ёсць?
— Ёсць, толькі ён заблытаны. Той, хто прачытае кнігу ад пачатку да канца, знойдзе сюжэт, толькі шукаць будзе няпроста.
— Гэта кніга пра каханне?
— У тым ліку.
— Пра Мінск?
— Пра Мінск, Берлін, падарожжы па Еўропе, пра п’янства. Там ёсць адна частка нават, дзе падаецца рэцэптура экзатычных беларускіх кактэйляў: «Белы мядзведзь», «Цёця Клава», «Дзядзя Пеця», «Бабнік». Але я ніколі не сядаю нецвярозым пісаць, дарэчы, ніколі. І вышэйзгаданых напояў увогуле не ўжываю.
А наогул цэнтральнай фігурай твора з’яўляецца бабулька, вось яна, я думаю, спадабаецца ўсім, хто стане чытаць раман.
— «Замак» — гэта постмадэрнізм у сваёй крытычнай форме, праўда?
— Праўда. І я хачу нагадаць, што прэтэндую на першы ў гісторыі беларускай літаратуры постмадэрнісцкі раман ― гэта «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў». Так што калі нехта вам скажа, што ён стварыў першы беларускі постмадэрновы раман, ведайце: ён хлусіць!
— Сусветная літаратура адышла ад постмадэрнізму ― пісьменнікі пішуць вялікія рэалістычныя раманы. А чаму ў нас усё яшчэ ствараюцца творы з эклектычных ласкутоў, мы проста адстаем ад свету?
— На жаль, паколькі мне даводзіцца чытаць бясконцыя рукапісы беларускіх графаманаў, я не паспяваю сачыць за сусветнымі працэсамі ў літаратуры. Аднак я абяцаў сваім сябрам, а цяпер і вам абяцаю, што мой наступны раман будзе сюжэтны і дастаткова рэалістычны. Мала хто ведае, што пачынаў я пісаць па-руску. У часы перабудовы ў мяне пад псеўданімам выходзіў раман накладам 10 тысяч асобнікаў, ён быў цалкам сюжэтны, рэалістычны, хоць жанрава гэта была фантастыка. Так што для мяне гэта не штосьці нязведанае.
— Ловім на слове. Але ж вы не толькі пісьменнік, а і назіральнік літаратурных працэсаў. Чаму беларусы не пішуць гэтак патрэбнага нашай мове цікавага, захапляльнага і лёгкага для асільвання чытва?
— Пішуць, але не так многа. Я, зрэшты, не прыхільнік бульварнай літаратуры. Калі браць форму рамана… іх у нас папраўдзе ствараецца не шмат. Я думаю, тут уся справа ў эканомічнай сітуацыі. Нашы прафесійныя літаратары не могуць сабе дазволіць сістэматычна пісаць, бо варта зарабляць на кавалак хлеба. Таму ім даводзіцца сядзець над пісьменым сталом урыўкамі, у рэдкі вольны час. З гэтай нагоды ў Беларусі ў літаратуры і распаўсюджаны малы жанр. Сярод шчасліўцаў вось, бадай, Бахарэвіч, які можа сабе дазволіць працаваць не перешкаджаючы пісьменству. І я скажу: малайчына — заслугоўвае! І пара-тройка літаратараў пенсійнага ўзросту. Было б вельмі добра, калі б у Беларусі былі свае літаратурныя стыпендыі, каб празаікі пісалі, а не мусілі ў гэты час, напрыклад, вартаўнікамі падпрацоўваць. Дзяржава мусіла б пра гэта паклапаціцца. Можа, нехта і запярэчыць, што мы маем падобныя стыпендыі… Тады скажу, што іх атрымлівае хто заўгодна, але не тыя, каму яны сапраўды патрэбныя.
— На шырокі рынак наша літаратура не выходзіць таксама толькі з-за недахопу грошай?
— Не толькі. Справа яшчэ ў тым, што за савецкімі часамі беларуская літаратура трапляла ў сусветны кантэкст праз рускую, праз пераклад. У часы перабудовы гэтая сувязь была парушаная. Цяпер мы пакрысе выходзім на шырокія творчыя прасторы праз нямецкую, шведскую, польскую літаратуры.
— Як вы ставіцеся да нармавання беларускай мовы? Ці гатовыя адмовіцца ад класічнага правапісу ў літаратуры?
— Я падручнік ужо набыў, станоўча стаўлюся. Я лепш пішу на наркамаўцы, гэта праўда, хаця мне шкада мяккіх знакаў. У часопісе «Дзеяслоў» быў вельмі добры правапіс, на маю думку ідэальны, але яны яго змянілі. Норма, безумоўна, быць павінна, але літаратараў усё роўна ніхто не прымусіць пісаць так ці гэтак, бо літаратура не перыядычнае выданне, гэта мастацтва. Галоўнае, каб зыходныя дадзеныя ў кнізе падаваліся афіцыйным правапісам. Пра гэта я кажу як выдавец.
Зміцер Вішнёў, «Гладыятарскія баі прусакоў» |
— Вы кажаце пра адсутнасць часу, а між тым імкнецеся ў палітыку!
— Так, я балатаваўся ў Мінгарвыканкам ад Беларускай партыі «Зялёныя», па 16-й Курасоўшчынскай акрузе. Але анікога па горадзе Мінску ад партыі, у тым ліку і мяне, не зарэгістравалі. Я лічу, што «Зялёныя» не зусім палітычная структура, гэта больш экалогія, мяне гэта трывожыць, у нас багата экалагічных праблем.
— А культурныя ўжо вырашаць не трэба?
— Трэба, і я зараз хачу звярнуцца, карыстаючыся нагодай, да чытачоў «Беларускіх навін» з адной такой праблемай: у нашага мінскага літаб’яднання «Вобла» на сённяшні дзень няма памяшкання для штотыднёвых паседжанняў. Можа, хто адгукнецца і дапаможа вырашыць гэтую праблему? Мажліва, якая кавярня, дом культуры, бібліятэка нас прытуляць? Пішыце на мэйл: vish@bk.ru (з пазнакай: кіраўніку літаб’яднання Ігару Жалткову).
— Тады апошняе пытанне, якое традыцыйна не можа не закрануць «Галіяфаў». Чаму вы не ўдзельнічалі ў Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску, і якія навіны зараз у выдавецтва?
— Спадзяюся, што ў наступным годзе у нас будзе супольны стэнд з нямецкім выдавецтвам. Мы вырашылі аб’яднаць высілкі, таму што асобны стэнд арэндаваць маленькаму некамерцыйнаму выдавецтву невыгодна. Але да тога моманту, як прыйдзе час гэтай выставы, у нас яшчэ столькі працы: на сёння сорак твораў стаяць у чарзе да выдання.
Наогул «Галіяфы» прыйшлі ў беларускую літаратуру надоўга, я веру што мы — лепшыя, і канкурэнтаў у нас няма.