У Гродна адкрылася выстава на анёльскую тэматыку
22.03.2010 11:43
—
Новости Культуры

На суд гледача прадставілі гродзенскія мастакі Алесь Сураў, Уладзімір Кіслы, Мікола Кіслы, Валерый Стратовіч, Уладзімір Пазняк, Валерый Малочка, Вацлаў Спорскі і скульптар Мікола Скляр.
- Ідэя стварыць такую выставу ўзнікла ў нас з Міколам Склярам. Знайшлося шмат работ на адну тэматыку. Месца для выставы выбралі невыпадкова. У гэтым музеі я калісьці працаваў. Тут цяпер працуюць два мастакі - удзельнікі выставы Уладзімір Кіслы і яго сын Мікола. Выставачная зала - утульная, абноўленая. Ды і мастацкія работы на анёльскую тэматыку выглядаюць сімвалічна ў сценах музея гісторыі рэлігіі, - адзначыў арганізатар і ўдзельнік выставы Алесь Сураў.
Усе анёлы Міколы Скляра зроблены з дрэва, але такія розныя. Вось яны адлятаюць у вырай, вядуць дыялог, звоняць у званочак...
- Кожны мой анёл такі, якім я яго бачу ў гэты момант. Заўтра ён будзе іншым, - рассказаў Мікола.
Палотны Валерыя Стратовіча кідаюцца ў вочы шматколернасцю і цікавасцю сюжэту. “Імперыя анёлаў” - казачная анёльская краіна. “Цуд” - сустрэча звычайных людзей з анёлам.
Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Людміла Карнілава адзначыла, што хоча прадоўжыць гэтую тэму ў музеі. У планах - выстава работ на анёльскую тэматыку старажытных майстроў.