Шчасце жыве тут
Калі б мяне спыталі, дзе на зямлі ёсць шчасце, адказала б, што яно ёсць на Пастаўшчыне...
Габрыела Пузыня, пісьменніца і мемуарыстка XIX ст.
Усе, хто бываў на Пастаўшчыне, пацвердзяць, што гэта край з харызмай. І не зразумееш, што надае яе. Можа, маляўнічая прырода, бо толькі азёр тут больш за сотню. Альбо багатая 600-гадовая гісторыя і вялікая колькасць цікавых помнікаў архітэктуры. Ці самі людзі, што шануюць традыцыі і цікавяцца мінуўшчынай свайго краю. А магчыма, усё гэта разам.
40 гадоў маўчання
На ўзгорку на падмурку драўлянага францысканскага кляштара стаіць велічны касцёл св. Антонія Падуанскага — візітоўка Паставаў. У Першую сусветную вайну ён быў значна пашкоджаны, і ў 1920-я гады вернікі яго аднавілі. А вось савецкую ўладу перажыць ён не здолеў. У маі 1949 года яго зачынілі. У храме на доўгія часы размясціўся філіял прамысловага прадпрыемства. Званы маўчалі роўна 40 гадоў, да мая 1989 года, калі касцёл нарэшце вярнулі каталікам.
Таямніцы камайскага касцёла
Касцёл у гонар святога Яна Хрысціцеля — стары храм з вельмі багатай гісторыяй. Можа, на фота ён выглядае трохі панура, але месца гэта вельмі цікавае. Гэта адзін з трох храмаў-крэпасцей у Беларусі (два іншыя — у Сынкавічах і Мураванцы), які дзейнічае ўжо больш за 400 гадоў і не зачыняўся нават у савецкія часы, што само па сабе ўжо цуд. Кажуць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тутэйшы ксёндз выратаваў ад фашыстаў нейкага партызана, які потым стаў партыйным функцыянерам і закінуў слоўца за храм. Сцены касцёла амаль два метры таўшчынёй, і як напамін аб падзеях Паўночнай вайны ў сценах можна бачыць гарматныя ядры. Праўда, іх туды ўмуравалі адмыслова.Храм вядомы яшчэ і 400-гадовым цудатворным абразом Маці Божай, адной з карцін вядомага мастака другой паловы XIX стагоддзя Альфрэда Ромэра, і 100-гадовым арганам, на якім іграў знакаміты музыка Браніслаў Руткоўскі. Асобай увагі заслугоўвае энергічны і дапытлівы настаяцель Яцэк Хутман, які бясконца вывучае таямніцы храма, а нядаўна знайшоў пад алтарнай часткай касцёла яшчэ адно пахаванне, магчыма, нават фундатараў храма.
Падземны ход пад палацам
Закладзены палац быў у 1760 годзе пры Антоніі Тызенгаўзе, падскарбіі Вялікага княства Літоўскага, рэфарматары і асветніку. Аднак цяперашняе аблічча ён набыў пры арнітолагу і калекцыянеру Канстанціне Тызенгаўзе ў першай палове ХІХ стагоддзя. Менавіта Канстанцін праславіў і Паставы, і палац сваімі мастацкай і арніталагічнай калекцыямі, бібліятэкай, роўнай якой не было ў Еўропе.Цяпер у палацы размясцілася раённая бальніца. Аднак гэта не перашкаджае яму хаваць ад чужых вачэй свае таямніцы. Калі б у яго ўнутраным дворыку раптам не правалілася пад зямлю плітка, ніхто б і не ведаў, што пад палацам ёсць падземны ход. Таксама выпадкова там знайшлі яшчэ адно падземнае памяшканне плошчай каля 40 кв.м, прызначэнне якога да гэтага часу — таямніца.
У імя кахання
Пра палац Бішэўскіх у Лынтупах існуе прыгожая легенда. Малады ўладальнік Лынтупаў Юзаф падчас вучобы ў Парыжы закахаўся ў адну французскую актрысу і прапанаваў ёй руку і сэрца. А яна паабяцала, што выйдзе за яго замуж толькі тады, калі ён пабудуе для яе цудоўны палац, які адпавядае яе становішчу. Бішэўскі быў архітэктарам і сам заняўся праектаваннем дома. І ў выніку пабудаваў цудоўны дом з паркам, шырокімі алеямі і сажалкамі. Але дарэмна. Каварную прыгажуню ён не ўразіў, яна фыркнула і з’ехала назад у свой Парыж. А Юзаф так і застаўся халасцяком.
След галоўнага архітэктара ВКЛ
Калісьці галоўную плошчу Паставаў называлі Рынкавай, а цяпер яна завецца плошчай Леніна. Таму што цэнтральная і на ёй стаіць помнік правадыру пралетарыяту. Дарэчы, помнік унікальны, бо самы малады сярод усіх беларускіх помнікаў Леніну. Але адметнасць плошчы не ў гэтым. Яна стала адной з першых ансамблевых забудоў на тэрыторыі Беларусі. Усе дамы на ёй узводзіліся не як прыйдзецца, а ў адзін час і па праекце аднаго архітэктара — італьянца Джузепэ дэ Сака. Дарэчы, галоўнага архітэктара ўсяго Вялікага княства Літоўскага. З 22 будынкаў да нашых дзён захаваліся толькі шэсць, аднак выглядае плошча вельмі цэласна і гарманічна. Характэрныя фігурныя фасады домікаў надаюць Паставам рысы еўрапейскага гарадка. У адным з іх — у доме аптэкара — пастаўчане ўжо 250 гадоў купляюць лекі. Калісьці ў ім жыў лекар, а потым, каб не парушаць традыцыі, там размясцілі аптэку.
Дарога да храма
Многія вандроўнікі адзначаюць незвычайнае размяшчэнне дзеючага касцёла св.Тадэвуша ў вёсцы Лучай. Калі ехаць на аўтамабілі, то на працягу некалькіх кіламетраў да яго вядзе роўная, як страла, дарога. Здаецца, што заедзеш на прыступкі храма, які ганарліва ўзвышаецца над дрэвамі. Паварот дарогі заўважаеш толькі значна бліжэй. Касцёл у вёсцы Лучай быў пабудаваны ў 1766 годзе дзякуючы шчодрасці мясцовага магната з роду Агінскіх. У пасляваенны час храм быў перапрафіляваны пад калгасны склад, і, на жаль, гэта не дазволіла захаваць усе роспісы на яго сценах. А інтэр’ер святыні вельмі цікавы, выкананы ў тэхніцы грызайль. Гэта рэльефны жывапіс: глядзіш на сцяну і здаецца, што ў ёй арка з ляпнінай, а на самай справе гэта толькі малюнак.
Дзед Зюзя
Апошні, сёмы, цуд Пастаўшчыны — Зюзя Паазерскі, паганскі бог холаду. З’яўляецца ён у выглядзе старэнькага дзядка з белымі, як снег, валасамі і такой жа белай даўжэзнай барадой. Пасяліўся ён тут дзякуючы ініцыятыве Ягора Шушкевіча, дырэктара пастаўскага Цэнтра турыстычных паслуг, які высветліў, что менавіта Зюзю шанавалі нашы далёкія продкі, калі яшчэ не было Санта-Клаўса і Дзеда Мароза. Гэты бог пануе на Беларусі толькі зімой і вельмі любіць прымаць гасцей у сваёй сядзібе “Азяркі”. А летам хаваецца ў густых пастаўскіх лясах. Але гэта зусім не азначае, што ў гэты ўтульны куточак нельга прыехаць у іншы час, акрамя зімы. Сядзіба круглы год гасцінна расчыняе вароты для турыстаў.