Каля 11 тысяч гледачоў прысутнічалі на канцэрце Rammstein

Источник материала:  
Каля 11 тысяч гледачоў прысутнічалі на канцэрце RammsteinКаля 11 тысяч гледачоў прысутнічалі на канцэрце славутага нямецкага гурту Rammstein, які прайшоў увечары 7 сакавіка ў спартыўным комплексе «Мінск-Арэна».

Rammstein выступіў у Мінску ў рамках сусветнага тура гурту, прысвечанага выхаду новага альбома Liebe ist fur alle da («Каханне існуе для ўсіх») пасля чатырохгадовага перапынку. Гурт выканаў на канцэрце як кампазіцыі з новага альбома, так і вядомыя хіты.

Шоу пачалося з затрымкай на гадзіну. На разагрэве ў Rammstein выступаў амерыкана-нарвежскі гурт Combichrist. Выканаўшы пяць кампазіцый, лідэр Combichrist аб`явіў аб пачатку доўгачаканага выступлення нямецкіх музыкантаў.

Яны з’явіліся на сцэне пад аглушальныя гукі песні Rammlied — візітнай карткі гурту. Публіка сустрэла іх авацыямі і гучнымі крыкамі. Агнявое шоу, якім славутыя канцэрты Rammstein, пачалося на трэцяй песні, Keine Lust. Агню было шмат — агнявыя «гарэлкі» ў руках у музыкантаў, феерверкі, крылы, якія гарэлі проста на вакалісцу Тылю Ліндэману.

Падчас выканання песні Benzin Ліндэман выкаціў на сцэну бензакалонку і падпаліў яе. У гэты момант на сцэну з залы нечакана выбег чалавек, якога вакаліст гурту абдаў струменем агню. Ахопленая полымем фігура замітусілася па сцэне, і тэхнічная служба патушыла агонь. Толькі калі Ліндэман падышоў да чалавека, якія ляжаў на падлозе, і пхнуў яго нагой, стала зразумела, што гэта быў не фанат, які раптоўна выскачыў з залы, а частка шоу.

У канцы выступлення ў залу традыцыйна запусцілі гумовую лодку з адным з музыкантаў. Паклоннікі на руках пранеслі лодку па фан-зоне, а затым вярнулі назад на сцэну, дзе ўдзельнікі гурту разгарнулі дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг Беларусі.

Музыканты двойчы выходзілі на біс, а Ліндэман падзякаваў публіцы за бурны прыём, сказаўшы: «Дзякуй! Вялікі дзякуй! Мы рады вас тут бачыць! Ram любіць вас!»

Rammstein прыбылі ў Беларусь 6 сакавіка. Гурт гастралюе з 20 грузавікамі абсталявання і шасцю аўтобусамі для персаналу. У Мінск прыбылі каля 140 чалавек — музыканты, менеджэры, тэхнічны і абслугоўваючы персанал гурту. Яшчэ прыкладна 200 чалавек для падрыхтоўкі канцэрта былі наняты ў Мінску. Такім чынам, тэхнічны і абслугоўваючы персанал канцэрта складаў прыкладна 350 чалавек.

Бытавы райдэр гурту, паводле слоў арганізатараў, мае адну асаблівасць — музыканты самі арганізоўваюць сваё харчаванне. Абслугоўваючы персанал гурту закупляе прадукты і гатуе ежу. Для гэтых мэтаў у «Мінск-Арэне» быў арандаваны рэстаран. Што да пражывання, то музыканты самі выбралі сталічны гатэль. Які менавіта — не раскрываецца ў мэтах бяспекі.

З прэсай Rammstein не меў зносінаў. Па патрабаванні менеджменту гурту, падчас канцэрта забаронена было праводзіць несанкцыянаваную фота- і відэаздымку. Аднак многія гледачы здымалі выступленне Rammstein з дапамогай мабільных тэлефонаў і лічбавых фотакамер.

Гурт Rammstein існуе з 1994 года. Назва перакладаецца як «Таранны камень». Усе члены гурту — з былой ГДР.

Прыезд Rammstein у Беларусь стаў прычынай дыскусій. Грамадскі савет па маралі на чале з пісьменнікам Мікалаем Чаргінцом настойваў на папярэднім праглядзе канцэртнай праграмы, абвінавачваючы калектыў у прапагандзе насілля, парнаграфіі, жорсткасці і нацызму.

Міністэрства культуры запытала ў арганізатараў матэрыялы канцэртнай праграмы, Арганізатары запэўнілі чыноўнікаў, што канцэрт адбудзецца «ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі».

←Оскары для Кэтрын Бігелоў: "Такое бывае раз у жыцьці"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика