Па-над Друццю-ракой... Кругляншчына — край партызанскай славы, адзін з самых прыгожых і маляўнічых на Магілёўшчыне куткоў прыроды

Источник материала:  

Аднак раёну не пашанцавала ў тым плане, што ён тройчы за савецкую гісторыю скасоўваўся і ўваходзіў у склад суседніх рэгіёнаў. Новая эра адраджэння пачалася для яго толькі ў 1966 годзе.

Грае душа і дрэва

Кругляншчына багатая народнымі талентамі. Адзін з іх — майстар па вырабу драўляных музычных інструментаў Аляксандр Харкевіч з вёскі Валканосава. Год назад яму была ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Народная творчасць” за стварэнне самабытных мастацкіх твораў, актыўны ўдзел у выстаўках, конкурсах і фестывалях.Аляксандр Антонавіч — выкладчык фізкультуры з 40-гадовым педагагічным стажам. Увесь час з’яўляецца актыўным удзельнікам вясковай і раённай мастацкай самадзейнасці. Менавіта любоў да народнай песні і музыкі і паўплывала на выбар незвычайнага хобі — выраб самабытных музычных інструментаў: бубнаў, трашчотак, лыжак... Яго калекцыя драўляных музычных інструментаў (а гэта некалькі дзесяткаў адзінак) знаходзіцца сёння і ў экспазіцыі раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Хотам’е

Лясное возера Хотам’е — адно з самых цікавых і маляўнічых месцаў Круглянскага раёна. Знаходзіцца яно прыкладна за два кіламетры ад цэнтральнай сядзібы сельсавета — вёскі Шапялевічы. Сюды, нягледзячы на балоцістыя берагі, ніколі не зарастае народная сцяжынка. Бо вада ў возеры мае спецыфічныя асаблівасці — яна даволі мяккая, з вялікім працэнтам утрымання серабра. Яе высокая шчыльнасць дазваляе чалавеку, які робіць заплыў, добра трымацца на паверхні. Старажылы кажуць, што тут не патануў ні адзін чалавек. Народ называе гэта возера Святым. Па павер’ю, у яго глыбінях знаходзіцца праваслаўная царква. Штогод на маляўнічых берагах возера праходзіць святкаванне Івана Купалы, куды прыязджаюць дзесяткі людзей з самых розных мясцін, у тым ліку з Магілёва і Мінска.

Славянскі віцязь

Так называлі паэты ў шматлікіх вершах і паэмах генерала царскай арміі, нацыянальнага героя Сербіі, першага губернатара Туркестанскага краю Міхаіла Чарняева. Сёння яго імя добра вядома многім, а быў час, калі пад бульдозер ледзь не трапіла нават яго магіла. Добра, што да нашых дзён захавалася масіўная надмагільная гранітная пліта. Зараз яна цудоўна ўпісалася ў комплекс з новай гранітнай стэлай, дзе выгравіраваны партрэт чалавека ў вайсковай форме старых часоў і надпіс: “Генерал Черняев Михаил Григорьевич. 1827—1898”. Пахаваны былы абаронца славянскіх народаў тут невыпадкова — у вёсцы Тубышкі сённяшняга Круглянскага раёна знаходзіўся яго родавы маёнтак.У час чарнагорска-сербска-турэцкай вайны 1876—1877 гадоў у Бялград тэрмінова выехаў па ўласнай ініцыятыве праслаўлены ўжо на той час военачальнік Міхаіл  Чарняеў. Ён і ўзначаліў затым сербскую вызваленчую армію...

Свая ГЭС

Своеасаблівай візітоўкай Кругляншчыны з’яўляецца штучнае Цяцерынскае возера на рацэ Друць. Яго плошча — без малога 500 гектараў. Плаціну вянчае невялікая гідраэлектрастанцыя. Ёй ужо 55 гадоў. I амаль столькі яна выпрацоўвае электраэнергію.Вадасховішча, акружанае маладым сасновым лесам, стала любімым месцам адпачынку жыхароў Круглянскага раёна і аматараў прыроды з суседніх рэгіёнаў. Паблізу возера з’явіліся ўжо першыя аграэкасядзібы для турыстаў.

Цэнтр паляўнічых

Невялічкая лясная вёсачка Падар, у якой некалькі двароў, у Сусветнай павуціне сустракаецца, бадай, часцей, чым увесь мясцовы рэгіён. Гэта — не радавая вёска, а своеасаблівы цэнтр знаўцаў паляўнічай справы. Менавіта сюды штогод спяшаюцца аматары палявання з Германіі, Галандыі, Польшчы, Расіі, каб расчахліць тут свае паляўнічыя стрэльбы.На радзіму яны вязуць у якасці трафеяў рогі ласёў, аленяў, казуль, клыкі дзікоў. Зразумела, паляўнічыя туры замежным гасцям абходзяцца нятанна. Толькі ж нездарма кажуць: “Охота — пуще неволи”.

Забыты храм

3 часоў сівой даўніны Кругляншчына, якая доўгі час уваходзіла ў склад Друцкага княства, станавілася арэнай спусташальных войнаў. Апошнюю кропку ў знішчэнні культава-архітэктурных помнікаў паставіла Вялікая Айчынная. I з таго, што захавалася і дайшло да нашых дзён, ёсць толькі яшчэ дыхтоўныя сцены пад немудрагелістым дахам Дудаковіцкай праваслаўнай царквы. Будынак быў пабудаваны ў 1828 годзе як каталіцкі касцёл. Тут жа размяшчаўся і манастыр. 3 1832 года згодна з загадам царскага ўрада манастыр у Дудаковічах быў ліквідаваны (за садзейнічанне польскаму паўстанню) і пераведзены ў Пінск, а сам касцёл перададзены праваслаўнай царкве.Як цэнтр мясцовага праваслаўя Дудаковіцкая царква перастала існаваць недзе ў 30-я гады XX стагоддзя — час самага разгулу атэізму, што прывяло да поўнага знішчэння інтэр’ера храма.Праваслаўныя вернікі не раз рабілі спробу стаць на абарону мясцовай святыні. У 90-я гады ў Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце быў распрацаваны праект рэстаўрацыі царквы. Але далей справы так і не пайшлі. Тым не менш надзея на ўзнаўленне яшчэ ёсць.

Iм ганарыцца Траццякоўская галерэя

Кругляншчыне пашанцавала: тут жыў і тварыў у свае апошнія гады вядомы расійскі мастак Мікалай Неўраў. Копіі карцін сапраўднага майстра бытавога жанру ў савецкі час часта друкавалі ў школьных падручніках. Рэальныя ж карціны Неўрава ўпрыгожваюць залы Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, ёсць яны ў музеях Санкт-Пецярбурга, Кіева, Рыгі, Саратава...Мастак пахаваны ў невялікай вёсцы Лыскаўшчына. Тут вялізныя ліпы старога парку, пераплятаючыся вершалінамі, утвараюць шырокую алею, якая вядзе да магілы мастака, дзе з помніка глядзіць на нас яго вядомы “Аўтапартрэт”. Злева, у некалькіх дзесятках метраў, — неўраўскі дом з адпаведнай шыльдачкай.

←Открылась выставка новых поступлений в собрание Национального исторического музея

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика