“Зорка” ўзышла над Міншчынай

Источник материала:  
02.03.2010 04:00 — Новости Культуры

У мінулыя выхадныя ў Дзяржынску прайшоў другі этап Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў па Мінскай вобласці
Спрачаліся за права звацца лепшымі прыкладна 250 чалавек

-- Мы наўмысна не рабілі ўдзел у конкурсе абавязковым, -- удаклядняе Святлана Баранок, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. -- Хацелася ўбачыць і пачуць самых таленавітых хлопцаў і дзяўчат сталічнага рэгіёна. Думаю, выявілі патэнцыял, які быў незаўважаны да гэтага часу...
Як адзначыла Святлана Баранок, арганізатары былі ўпэўнены, што ў Дзяржынску мерапрыемства пройдзе на высокім узроўні.
І сапраўды, ва ўтульнай і цёплай зале гарадскога Дома культуры месца знайшлося ўсім -- і рэспубліканскаму журы, і канкурсантам, і групам падтрымкі. Мне падалося, што адборачны тур быў маленькім святам -- “зоркавым часам” тых, для каго мастацтва і творчасць адыгрываюць не апошнюю ролю ў жыцці. Адчувалася, мерапрыемства было адначасова і спаборніцтвам. За кулісамі хваляваліся артысты, асабліва тыя, каму праз нумар-другі трэба было ісці на сцэну.
-- Для гэтага і патрэбны такія конкурсы -- падтрымліваць “баявы” настрой, -- разважае кіраўнік узорнага ансамбля танца “Дубравушка” Мар'інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Людміла Матусевіч-Навіцкая. -- Для мяне, як настаўніка, гэта магчымасць пераняць вопыт і падзяліцца сваім. А для маіх артыстаў -- найлепшы рэцэпт ад “зоркавай хваробы”. Магчыма, у сваім ансамблі ты і самы лепшы, а калі параўнаць з іншымі?
На другі адборачны тур “Дубравушка” з Мар'інай Горкі прывезла харэаграфічную кампазіцыю “Папараць-кветка”. Дзеці вывучылі яе даволі хутка -- за паўтара месяца.
Усяго ў калектыве семдзесят чалавек. І хоць многія танцоры вучацца ў сталічных універсітэтах, усе вяртаюцца ў родную “Дубравушку”, абавязкова ездзяць на рэпетыцыі. Напэўна, многае залежыць і ад кіраўніка калектыву, яго багатага педагагічнага вопыту. Людміла Матусевіч-Навіцкая выкладае танец ужо амаль сорак гадоў!
Дарэчы, у адборачным туры мелі права браць удзел не толькі прафесійныя артысты, але і аматарскія калектывы, выканаўцы і аўтары. А намінацый у рэспубліканскім фестывалі маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” ўвогуле адзінаццаць. У Мінскай вобласці так склалася, што не ва ўсіх намінацыях быў конкурс!
-- Мне давялося займацца намінацыямі “Жывапіс”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Дызайн”, “Скульптура” і “Фатаграфія”. Скажу, што вылучаць лепшых асабліва няма з якіх работ, -- наракае загадчык кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Вячаслаў Семянько. -- Здзіўлены, што конкурсу амаль няма. Магчыма, прычына таму -- блізкасць да Мінска. Маладыя таленты едуць вучыцца ў сталіцу і там застаюцца. Напрыклад, дызайн сёння вельмі запатрабаваная прафесія, а конкурс паказвае, што прэтэндэнтаў няма? Такога не можа быць! Фестываль, лічу, -- шанец “прабіцца”, паказаць сябе. Ад такога спаборніцтва можа і лёс чалавека залежаць!
Ці з'явяцца сапраўдныя зоркі на беларускім небасхіле талентаў у выніку рэспубліканскага конкурсу? Аб гэтым даведаемся крыху пазней. А пакуль журы вырашае, хто прадставіць на ўзроўні краіны моладзь Міншчыны. Дарэчы, фінал фестывалю запланаваны на красавік. На ім гонар абласцей будуць абараняць прадстаўнікі-пераможцы з кожнага рэгіёна Беларусі.
Таццяна УСКОВА, “БН”

НА ЗДЫМКАХ: Людміла МАТУСЕВІЧ-НАВІЦКАЯ, кіраўнік узорнага ансамбля танца “Дубравушка” Мар'інагорскай дзіцячай школы мастацтваў, і яе вучні -- Алена СІДАРЭНКА і Дар'я САДЧЫК; музыкі ўзорнага фальклорнага калектыву “Калыханка” Міханавіцкага Дома фальклору Мінскага раёна;
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА, “БН”

 

←Простая арифметика. Участницы “3+2” отметят свой день рождения в редакции “Народной газеты”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика