Валянціна Барадуліна: Я ўсё жыццё рабiла так, каб Рыгор мог цалкам прысвяцiць сябе творчасцi
Вялянціна і Рыгор Барадуліны, люты 2010
Дата крыху азмрочаная — увечары 14 лютага Рыгор Барадулiн з тэмпературай 40 патрапiў у рэанiмацыю лякарнi Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта. Лекары зафiксавалi пнеўманiю з ацёкам лёгкiх… Сёння паэту крыху лепш — у лякарнi iм апякуюцца вельмi пiльна, збiлi тэмпературу, прыбралi арытмiю сэрца… Аднак наперадзе — працяглы курс лекавання, паэт пакуль застаецца на шпiтальным ложку.
Зразумела, што запланаванае iнтэрв’ю да юбiлею даводзiцца адкладаць. Напярэдаднi дня нараджэння Барадулiна мы вырашылi пагутарыць з жонкай паэта Валянцiнай Мiхайлаўнай. Яны ажанiлiся 23 лютага — i разам вось ужо 49 гадоў. Для Барадулiна гэтыя даты прыкладна супалi — выданне першай кнiжкi, уступленне ў Саюз пiсьменнiкаў, шлюб. І атрымлiваецца, што ўвесь творчы шлях паэта Валянцiна Мiхайлаўна была з iм побач. I пэўна, што без яе, цудоўнай жонкi, клапатлiвай гаспадынi, надзейнага сябра, гэта быў бы iншы чалавек i, магчыма, зусiм iншы паэт.
“Першы раз як Грышу пабачыла — ён мне дужа не спадабаўся!..”
— Валянцiна Мiхайлаўна, як вы ўпершыню пабачылi Рыгора Iванавiча, як з iм пазнаёмiлiся?
— Так атрымалася, што я ў школе троху займалася музыкай — iграла на скрыпцы. I калi паступiла на фiлфак на першы курс, скончыўшы школу з медалём, мяне не паслалi на бульбу, пакiнулi рыхтавацца да вечара сустрэчы са старшакурснiкамi — займацца ў аркестры. Але аркестр быў народных iнструментаў — там скрыпкi няма — i мне давялося тады перавучвацца на домбру. Старастам гэтага аркестра быў Мiкола Пiпчанка, аднакурснiк Рыгора. I калi ўсе паехалi на бульбу, у нашым пакоi засталася адна дзяўчынка з рускага аддзялення i я — з беларускага. I аднойчы Пiпчанка кажа Рыгору: “Хочаш, я цябе з першакурснiцамi пазнаёмлю?” I прывёў да нас у пакой гэтага Рыгора. Тады ён быў худы, дыбам валасы стаялi высока. Ён мне дужа не спадабаўся! Стаяў, з нагi на нагу перамiнаўся. Высветлiлася, ён дужа саромеўся i не любiў кашуляў з кароткiмi рукавамi, яму было непрыемна ў такой кашулi — а менавiта ў такой ён тады i быў. Адным словам, такое ў нас было знаёмства. А пасля я захварэла i трапiла ў iзалятар — тады яшчэ былi iзалятары, як мы жылi на Бабруйскай. I ён забыўся, як я выглядаю. I калi быў вечар нейкi — ён памылкова запрасiў дзяўчыну з бiяфака, у якой вочы былi нечым падобныя. Але я была дужа худзенькая — 44-ага памеру, а тая была такая паўнаваценькая. Ён станчыў з ёй пару танцаў — а потым, напэўна, падумаў, што “вiдаць, не тая”. А пасля ўжо — ён вучыўся на чацвёртым курсе — пачаў прыходзiць да нас у пакой, так i пачалося, пачалося. Адным словам, дацягнула я яго да свайго чацвёртага курса — баялася выйсцi раней замуж. Бо мая мама так некалi кiнула вучобу — таму што выйшла замуж i нарадзiла дзяцей, мяне i сястрычку, якая ў вайну загiнула. Дык i яна, i я таксама баялiся, што гэтак жа сама складзецца. Аднак я здолела скончыць унiверсiтэт — а пасля нарадзiць сваю дачку.
— Валянцiна Мiхайлаўна, дык калi дзядзька Рыгор вам усё-ткi спадабаўся?
— Прынамсi не адразу. А пасля, вiдаць, прыручыў — цi як сказаць?.. Ён жыў з палякамi ў адным пакоi. I ад iх, пэўна, навучыўся дужа прыгожа заляцацца. Ручку з лесвiцы падасць, туды-сюды, слова прыгожае скажа!.. А паколькi я нейкiм чынам вырасла ў Гродне на фоне тэатра, усялякiх спектакляў — дык мне гэта было дужа ў нос…
— Памятаеце, як Барадулiн зрабiў вам прапанову?
— Сам факт як такi — неяк не памятаю. Запомнiлася, што ЗАГС каля Заходняга моста быў дужа непрыгожы, чорны, змрочны такi. Нават не помню, хто ў нас сведкамi быў — i цi былi сведкi. Такое ўсё было прыгнятальнае i змрочнае — ажно нiякiх светлых пачуццяў не засталося. Аднак Рыгор быў вельмi ласкавы — яго гаспадыня кватэры нават звала Пацалуйка. Бо ён заўжды — чмок-чмок! I сам — як матор!..
— А дзе вы жылi, калi ажанiлiся?
— Пакуль я не скончыла, яшчэ год жылi паасобку — Рыгор ужо пакой наймаў, а я ў iнтэрнаце на Свярдлова. А пасля ўжо, як трэба было чакаць дзiця, ён зняў кватэру — i мы пераехалi на кватэру.
— Што ж гэта за радасць — ажанiцца i асобна жыць…
— А тады так было: i ў маiм iнтэрнаце разам са сваiмi абраннiцамi начавалi нават тыя, хто тры гады таму скончыў вучобу. Калi ранiцай адчынялiся дзверы нейкага пакою — дык там замест чатырох чалавек пятнаццаць выходзiла!.. Асаблiва хлопцаў — дзяўчаты, пэўна, так не хадзiлi.
— Як у вас было — пайшлi распiсалiся, цi сапраўднае вяселле было?
— Вяселле было на кватэры той жанчыны, у якой Грыша пакой здымаў — там, каля Опернага тэатра. Было шмат людзей, дужа шмат ежы, выпiўкi — i мала вады запiваць. I аднаму Грышаваму аднакурснiку далi 10 рублёў, чырвоныя такiя — каб ён пайшоў купiў гэтага рознага лiманаду. Ён прыходзiць — прыносiць штук пяць бутэлек лiманаду, а на астатнiя зноў гарэлкi!.. Мы кажам: “Юра, нашто ж ты купiў?!” А ён: “А як гэта — усе грошы трацiць на лiманад?!” …Пасля, як нарадзiлася дзяўчынка наша, атрымалi першую двухпакаёвую кватэру-хрушчоўку — i там быў прахадны двор. Нехта заўсёды жыў: мастакi, акцёры, музыкi…
— А вясельная сукенка ў вас была?
— Не, не было. Была такая проста светленькая сукеначка, блакiтненькiя басаножкi — з выпускнога вечара яшчэ засталiся — i белы банцiк. I ў Грышы я не помню, каб быў нейкi мундзiр парадны. Толькi помню, што мне Рыгор Саламонавiч Бярозкiн сказаў: “Валечка, з паэтам дужа цяжка жыць, набярыцеся мужнасцi!..”
— Не падмануў?
— Не падмануў!.. Не скажу, што дужа смяротна, але… Вiдаць, у мяне такi характар — прыстасавалася.
Рыгор Барадулін і Уладзімер Караткевіч нясуць на руках Валянціну Барадуліну, 1968 год, фота Сяргея Панізьніка
“Мужык у хаце i паэт у хаце — не адно i тое ж!..”
— Сапраўды, прынята так лiчыць, што паэт — гэта лiрык, пiша вершы, лётае ў аблоках… А ў жыццi гэтая лiрыка была?
— Шмат ёсць рэчаў, якiя не раскажаш. I нават у Рыгоравай перапiсцы з мамай — шмат якiя словы зашыфраваныя, скажоныя. Я заўважала, што нават рэдактар не заўжды зразумеў, пра што там напiсана. А лiрыка — вядома ж ёсць. Ён i сёння гаворыць, што без мяне ён нiшто, што я яго “зрабiла народным”, што гэта мая заслуга…
— Так фактычна i атрымлiваецца — увесь ягоны творчы шлях вы разам: ён пачынаўся якраз паралельна з тым, як вы ажанiлiся. I на вашых вачах ад самага пачатку адбывалася ягонае сталенне як паэта…
— Цяжка сказаць, што я неяк магу падзялiць яго “на перыяды”: адсюль-дасюль ён проста лiрык, тут пачаў фiласофскiя вершы пiсаць… Не. Проста я старалася стварыць умовы, каб ён быў цалкам прысвечаны свайму натхненню, сваёй творчасцi. Я нiколi не казала, што ў мяне няма футра цi яшчэ чаго, што трэба грошы. Гэта, ведаеце, як пра жонку нашага аднаго класiка казалi, што яна загадвала мужу: “Яшчэ 10 старонак — i кладзiся спаць”. Я такiм нiколi не займалася. I ён гэта дужа цэнiць. Бо быў вольны ў сваёй творчасцi. Я навучылася быць нядрэннай гаспадыняй, магу смачна прыгатаваць. Хоць навучылася гэтаму ўжо ў шлюбе. Спачатку мы варылi гарохавы суп з канцэнтратаў i кракаўскай каўбасой яго зашкварвалi.
— Дык цi ўмее народны паэт забiць цвiк, зрабiць нешта па хаце?
— Не! Нiколi нiчога ён гэтага не ўмеў — хоць i крыўдзiцца, калi я яму гэта кажу. Дужа крыўдзiцца! Успамiнае тады, як у школе табурэтку сам зрабiў (хоць я не веру). Я ведаю, што ягоная мама ўсё рабiць умела. Сапсуецца ў нас якая засаўка ў прыбiральнi. Дык боўтаецца — пакуль ягоная мама не прыедзе i не прыб’е!.. Мужык у хаце i паэт у хаце — не адно i тое ж!..
— Вы нiколi не пакутавалi ад гэтага?
— Я вырасла без бацькi — i прывыкла, што жанчына павiнна ўсё рабiць сама. Таму я сама i малатком магу ўправiцца, плiтку сама магла адрамантаваць, прас i нават настольную лямпу… Праўда, санвузел не магу адрамантаваць… Але ведаю жанчын, якiя могуць i гэта!..
“З нараджэннем дачкi мяне першым павiншаваў Быкаў”
— Валянцiна Мiхайлаўна, у вас у хаце, напэўна, шмат класiкаў i славутых людзей перабывала…
— Так, гэта Быкаў, Караткевiч… Акцёраў шмат было… Рома Фiлiпаў — быў такi рускi акцёр, якi шмат тут здымаўся i вывучыў беларускую мову. Скульптар Толя Анiкейчык — выдатны чалавек! Далiкатны, прыгожы, мяккi, дужа нацыянальны… Таксама гэта была святая троiца — Грыша, Валодзя Караткевiч i Гена Кляўко. Iх нават разам на Далёкi Усход на зборы адправiлi. Дык хлопцы там так згаладалiся, што Грыша даслаў тэлеграму. Нiякiх там “дарагая-любiмая, цалую-люблю”, а — “Срочно. Тридцать”. Худыя вярнулiся!.. (Барадулiн напiсаў ва ўспамiнах, што на Далёкi Усход патрапiлi па ўласнай дурасцi — выпiвалi аднойчы з Караткевiчам i Кляўко i на дурнiцу патэлефанавалi генералу, якi адказваў за прызыў у войска, папрасiлiся на стажыроўку ў якую ваенную гезету “як мага далей”. Прачухалiся — i забылiся, а праз пэўны час павестка: “Стажыроўка ва Уладзiвастоку!..” — Г.Л.)
— А гэта праўда, што калi ў вас нарадзiлася дачка, першым вас павiншаваў Быкаў?
— Быкаў жыў у Гродне, i мая мама ў Гродне. Я была цяжарная — i паехала да мамы на вакацыi. Не думала, што мне ўжо пара. Усё баялася, што раней тэрмiну завязуць. Як маю сяброўку — завезлi, а пасля яна пешшу дамоў вярталася… Адным словам, першым мяне павiншаваць прыйшоў Васiль Уладзiмiравiч. А пасля паслаў тэлеграму Рыгору ва Ушачы, што дачка. I Рыгор неяк так: вой, падумаеш, дачка, у мяне сын будзе!.. I мы выбралi iмя толькi сыну — Яраслаў.
— Тады ж, напэўна, УГД не рабiлi, вы да апошняга не ведалi?..
— Нiчога не рабiлi!.. Ён быў упэўнены, што сын. А мне прыснiлася аднойчы, што дачка будзе.
— Атрымлiваецца, што Быкаў вас павiншаваў раней за мужа?
— Так, Рыгор прыехаў толькi праз тры днi. Першы месяц нашая дачка Iлона была Мiланай, Ладай, яшчэ некiм… Хлопцы мне перадавалi ў радзiльню цыдулкi з парадамi, як назваць.
— Дык бацька моцна засмуцiўся, што не сын?
— Вiдаць, засмуцiўся. Але суцешыўся, бо дачка была — вылiтая ягоная мама! Калi мне дзiця паказалi, я кажу: “Госпадзi, вылiтая свякроў!” Дык усе засмяялiся, бо звычайна ж кажуць, што да бацькi цi да мацi падобнае.
— I якi ўдзел у выхаваннi дачкi браў паэт?
— Калыхаць уначы не ўставаў, у садочак не вадзiў… Так, ён любiў яе да страты пульсу. Але, як малая была, дык баяўся чамусьцi патрымаць на руках. Калi трэба было патрымаць — дык ажно ўвесь потам пакрываўся!..
З унучкай Дамінікай, 1996 год
— Валянцiна Мiхайлаўна, вы, напэўна, — iдэальная жонка для паэта. I дзiця вырасла, i палiцы ў хаце не прыбiваў, i накормлены заўжды быў…
— Напэўна, за гэта ён мяне i цэнiць…
— А цi былi вы для Дзядзькi Рыгора першым чытачом i слухачом?
— Так. Толькi апошнiя гады чамусцi перастаў паказваць адразу, як напiша. А раней заўжды прыходзiў на кухню i чытаў…
— I якiя рэцэнзii вы давалi часцей?
— Па-ўсякаму. Я не лiчу сябе знаўцам паэзii i крытыкам. Па адчуваннi заўжды казала — дзе дужа падабаецца, дзе раiла нешта змянiць. А наколькi ён прыслухоўваецца — не магу сказаць.
— Не здаецца часам, што прысвяцiлi сябе i ахвяравалi сабою, каб ён адбыўся?
— Ведаеце, я не амбiцыйны чалавек. Не думаю, што магла б сама для сябе нешта зрабiць. Можа, была б недзе звычайнай настаўнiцай… Таму для мяне было натуральна, што жанчына павiнна ўсё на сваiм гарбе цягнуць.
— У адным з вершаў Дзядзька Рыгор апiсвае сiтуацыю, як ён прыязджае ва Ушачы — i землякi ў яго пытаюцца, “цi шмат плацяць за вершы”. А i сапраўды — цi шмат?
— Нам заўжды хапала. Больш за тое, мы не былi разбэшчаныя, куплялi неабходнае. Першую прыстойную мэблю мы набылi толькi ў гэтую кватэру — i ёй ужо трыццаць гадоў. Пральнай машыны доўгi час не было… Нiколi не было мэты збiраць грошы, купiць аўто i гэтак далей. А цяпер у нас паэты — адзiн з самых жабрацкiх слаёў насельнiцтва. У Рыгора пенсiя ўсяго на 200 тысяч большая за маю — а мая зусiм сцiплая. Даплата за званне народнага паэта — 105 тысяч. Думаю, у паставога мiлiцыянера заробак разы ў тры большы, чым у народнага паэта Беларусi Рыгора Барадулiна — пенсiя…
— Цi з’явiлася ў вас адчуванне, што побач з вамi — не проста муж, а вялiкi паэт?
— Я заўжды разумела, што ён таленавiты… Але толькi калi выйшлi апошнiя кнiжкi — я стала разумець, што ён не проста чалавек. Тым больш, што пры ўсёй сваёй адкрытасцi, напоўнiцу ён раскрываецца толькi ў сваiх вершах. У Рыгора — напэўна, ад мамы — шмат жаночых рысаў, своеасаблiвы жаночы пачатак — i гэта робiць яго надзвычайным паэтам, дае магчымасць патрапляць у сутнасць рэчаў, разгадваць самыя глыбiнныя чалавечыя пачуццi.