Беларуская дыяспара ў Чэхіі просіць улады краіны адмяніць рашэнне пра дэпартацыю Геніюш
З нагоды
Беларускія жанчыны просяць спадарыню міністра адмяніць рашэнне суда, згодна з якім сям’ю Геніюшаў дэпартавалі за межы Чэхаславацкай Рэспублікі. Заява была прыхільна сустрэта памочнікам Даніэлы Каваравай.
«Наша ідэя ў тым, што жанчыны прыйшлі прасіць жанчыну за жанчыну, — гаворыць старшыня суполкі «Скарына» Рыта Гаціх. — Спадзяемся, што як жанчына спадарыня Каварава станоўча паставіцца да нашай просьбы."
Акрамя таго, беларусы Чэхіі плануюць да юбілею пісьменніцы ўсталяваць памятную дошку ў яе гонар на будынку, у якім Ларыса Геніюш пражывала пад час свайго знаходжання ў Чэхаславаччыне. Неўзабаве будзе абвешчаны конкурс на праект гэтай дошкі.
Ларыса Геніюш была сакратаркай Рады БНР. У 1948 годзе камуністычныя ўлады акупаванай саветамі Чэхаславаччыны выдалі яе СССР. Геніюш прайшла праз допыты Цанавам і савецкія канцлагеры. Да смерці яна не прыняла грамадзянства СССР. Геніюш вядомая як выдатная пісьменніца. Некаторыя яе вершы сталі песнямі. Яе мемуары «Споведзь» пабачылі свет толькі пасля смерці, у час перабудовы. Яны сталі бэстсэлерам канца 80-х.
9 жніўня 2010 года Геніюш споўнілася б 100 гадоў. У сувязі з гэтай датай шэраг нацыянальных арганізацый абвясцілі ўвесь 2010 год годам Геніюш. Савецкія і лукашэнкаўскія ўлады дагэтуль не рэабітавалі Геніюш.