Львоў — горад на любы густ
Сучасны Львоў, які за сваю багатую гісторыю перажыў нямала зменаў уладаў і гаспадароў, прыкметна адрозніваецца ад сваіх еўрапейскіх калегаў з падобным лёсам.
Сціплая абаяльнасць. |
Мастацкія галерэі ў цэнтры гораду на кожным кроку. |
Стары горад, старыя аўто. |
Натоўпы турыстаў знікаюць з вуліц гораду толькі апоўначы. |
Армянская царква. |
У Львове шануюць Бандэру. |
Кавярня «Мазох». Тут могуць пачаставаць не толькі півам. |
У «Криївцы» — сфатаграфавацца з кулямётам. |
У рэстаране «Гасова лямпа». |
Сталіца Галіччыны мае адну вельмі прывабную асаблівасць: тут літаральна кожны можа знайсці хоць штосьці на свой густ. Вузкаватыя вулкі, якія павуцінай выткалі стары горад, — аддушына для аматараў архітэктуры. Апараты з газаванай вадой ды ўвабраныя ў дрэва тэлефонныя будкі — для тых, хто думкамі ў савецкім мінулым. Хоць да савецкай спадчыны стаўленне тут вельмі асаблівае. Каб у гэтым упэўніцца, неабходна зайсці ў цьмяны пад’езд па адрасе Рынкавы пляц, 14. Тут вам прапануюць выгукнуць пароль і нальюць медавухі. Толькі тады вы трапіце ў легендарную «Криївку» — стылізаваны пад падпольную кватэру байцоў Украінскай Паўстанцкай Арміі. Увогуле, Львоў не цураецца сваёй гісторыі, а выкарыстоўвае яе напоўніцу. Не забываючы пры гэтым не толькі зарабляць на імёнах сваіх знакамітых жыхароў — ад аўстрыйскага пісьменніка Захера-Мазоха да венгерскага вынаходніка Яна Зега, аўтара знакамітай газавай лямпы, але і штораз падкрэсліваць — гэта наша, украінская гісторыя.
Ад Уроцлава, ці Вільні Львоў адрознівае адсутнасць прычасанасці і бляску. Магчыма, справа ў розных фінансавым магчымасцях, але гэта бадай толькі дадае гораду непаўторнага шарму і сапраўднасці. Жыхары Львова шануюць свой горад. Кожную яго драбніцу — рыпучыя драўляныя лесвіцы з бліскучымі парэнчамі ў пад’ездзе, каваныя краты на вентыляцыйных люфтах у падмурках камяніцаў, старыя дрэвы ў атачэнні немаладых таксама дамоў.
І, нарэшце, мова. Расійскую ў Львове пачуеш хіба толькі ад турыстаў. Па-ўкраінску гавораць усе — ад малога да старога, міліцыянты і таксоўшчыкі. І нават пэтэвэшнага выгляду маладзёны ў трэніках. Мы пра гэта пакуль толькі марым.