Filet — «Кока-кола» для вачэй і мазгоў
Новыя часопісы ў Беларусі з’яўляюцца не з зайздроснай, вядома, але з пэўнай перыядычнасцю. Раз на нейкі час чарговая кампанія людзей вырашае, што годзе падпарадкоўвацца стратэгіі сваіх начальнікаў-кармільцаў, якія нічога не цямяць у модзе, не арыентуюцца ў актуальных працэсах і не разумеюць, што патрэбна аўдыторыі. І пачынае рабіць сваё — цяпер беларускім людзям урэшце будзе што пачытаць. Праўда, рабіць і адпавядаць патрэбам заўжды складаней, чым на гэта разлічваць, таму гаснуць новыя зоркі на хмарным небе беларускай перыёдыкі часта хутчэй, чым паспяваюць разгарэцца.
Новая амбіцыйная спроба задаволіць густы і інтарэсы чытачоў была зроблена гэтай зімой, калі ў месцах масавых культурных тусовак з’явіўся новы, пакуль што бясплатны глянцавы часопіс Filet — выданне пра гарадскі стыль жыцця. Пакуль пілотны нумар падарожнічае з заплечніка ў заплечнік аматараў пагартаць і пакрытыкаваць чужыя спробы, Filet плануе зарэгістравацца, прывабіць рэкламадаўцаў, стаць штоквартальным выданнем і задаволіць жыхара беларускага горада адразу на трох мовах — беларускай, рускай і крыху англійскай. Беларускія аглядальнікі ўжо вылічылі трыста пяцьдзесят недахопаў глянца, а карыстальнікі інтэрнэта дадалі яшчэ па столькі ж сваіх. І ўсё ж аднымі назіраннямі не абыйдзешся. Сяргей Клюцкі, які далучыўся да ідэі стварэння перыёдыка і вычытаў першы нумар на стылістычную прыдатнасць, у гулкіх залах Музея Вялікай Айчыннай вайны распавёў «Беларускім навінам» пра тое, на каго разлічаны Filet, і чым ён адрозніваецца ад ўсіх сваіх папярэднікаў.
«Гэта поп-часопіс, — кажа Клюцкі. — Тут вы знойдзеце ўсё тое, што popular, тое, што забаўляе і дае адпачынак. Мы сыходзім з таго, што галоўнае, што патрэбна нашаму чытачу — гэта разглядаць, таму у першую чаргу нас цікавіць візуальны бок. Для нас важная папера, друк, тое, каб часопіс быў прыемны для вока».
У пілотным нумары Filet прапаноўваюцца два інтэрв’ю з кінарэжысёрамі: арыгінальнае з беларусам Андрэем Кудзіненкам пра яго новае кіно «Масакра» і пазычаную ў выдання Cinematical гутарку з Квэнцінам Таранцінам пра нашумелых «Бясслаўных байструкоў». Тут жа — уласна Filet’ныя размовы з мастаком Русланам Вашкевічам, дыджэем Uma і спявачкай Верай Faith, побач — пазычаныя інтэрв’ю з Бобам Сінклерам, Уладзімірам Сарокіным. Гэтыя прозвішчы тут прыведзены толькі для прыкладу, насамрэч часопіс без аніякага сораму на кожным кроку спалучае сваё і перакладное, чужое — і зробленае ўласнымі рукамі. За гэта Filet найбольш і крытыкуюць. Маўляў, куды прасцей узяць чужое, чым зрабіць арыгінальнае. На думку ж стваральнікаў часопіса, лепш добрае перакладное, чым кепскае арыгінальнае, да таго ж у Беларусі існуе дэфіцыт людзей, якія дастаткова падрыхтаваныя, каб браць інтэрв’ю на ўзроўні тых, перадруку якіх сённяшні «Філе» не цураецца. Адзіная каштоўнасць арыгінальных інтэрв’ю, на думку Сяргея Клюцкага, у больш высокіх ганарарах іх аўтарам, на сёння ж у часопіса няма ніякіх праблем, каб перакладаць і перадрукоўваць добрыя тэксты.
«Гэта пілотны нумар, ён некамерцыйны. Таму карыстацца чужымі матэрыяламі мы маглі сабе дазволіць «ничтоже сумняшеся», — смяецца стыль-рэдактар «Філе». — Да таго ж, матэрыялы з іншых выданняў, якія мы выкарыстоўвалі, мы лічым патрэбным прадставіць беларускаму чытачу. Не думаю, што шмат хто з беларусаў чытаў гэта інтэрв’ю з Таранціна ці гэта інтэрв’ю з Сарокіным у арыгінале. Гэта смачныя і цікавыя рэчы. Да таго ж, калі мы сабраліся рабіць часопіс, да нас патрапіла шмат тэкстаў, якія былі псеўданавуковымі, з прэтэнзіяй на элітарнасць, а нам гэта не пасавала. Гэта не наш фармат — элітарнасць».
«Большая частка беларускай гэтак званай інтэлектуальнай аўдыторыі — людзі, якія ведаюць сапраўды вельмі няшмат пра навакольнае асяроддзе, — перакананы Клюцкі. — Пры гэтым яны лічаць, што, тое, чым яны займаюцца, нашмат лепш, чым усё астатняе. Мы супраць розных элітысцкіх установак».
З-за гэтага, па тлумачэнні аднога са стваральнікаў «Філе», часопіс напісаны самай простай і зразумелай мовай, калі нехта нечага не зразумее, то мусіць толькі парадавацца, што атрымаў стымул даведацца пра нешта зусім новае. Аднак часопіс падкрэслена антыэлітарны і не арыентаваны «на выбраных».
Амаль кожнаму, хто бярэ «Філе» ў рукі, мазоляць вочы вялізныя белыя плоскасці ў новым часопісе, пустыя нішы, не запоўненыя нічым. Клюцкі прызнаецца, што і яго ўласная жонка раскрытыкавала шырокія белыя палі, ласкуты, з якіх, здаецца, можна нарэзаць паперы на яшчэ адзін невялікі перыёдык.
«Ваша рэакцыя мне зразумелая, паколькі большасць выданняў забіваюць тэкстам, або фотаздымкамі ўсе свае бачыны, але мы лічым, што гэта непавага да гледача-чытача, — тлумачыць суразмоўца «Беларускіх навін». — Такім чынам выданні эканомяць на чытачы. Калі вы будзеце разглядаць еўрапейскія часопісы такога кшталту, вы заўважыце, што там выкарыстоўваецца зусім інакшы падыход да выкарыстання старонкі. Гэта, безумоўна, пазычаная канцэпцыя, не мы яе прыдумалі, але мы лічым такі варыянт самым зручным, да таго ж ён адсутнічае ў Беларусі. Маніякальнае жаданне забіць усю прастору хоць чымсці шкодзіць выданням».
Клюцкі кажа, што Filet у Беларусі наогул не падобны ні да чаго, і спроба параўнаць яго з часопісам pARTisan — памылковая: «Тое, што наш часопіс зроблены па-мастацку, не азначае, што ён з’яўляецца мастацтвам. Гэта не арт-зін». Стваральнікі новага штоквартальніка (пакуль што толькі яго дэбютнага нумару), наадварот, арыентуюцца на заходнія прыклады выданняў, якія асвятляюць усе бакі папулярнай культуры: i-D, PURPLE FASHION magazine, Interview, POP, TANK, Dazed & Confused… Дарэчы, у пілотным «Філе» падаецца і агляд вераснёўскіх нумароў гэтых часопісаў.
Пра сваю патэнцыйную аўдыторыю Сяргей разважаць не любіць. Ён лічыць, што Filet разлічаны на такое ж шырокае кола спажыўцоў, як «Кока-кола», гарэлка, торты... «Апроч вузкапрофільных часопісаў, кшталту «Галоўнага бухгалтэра» ці часопіса пра рыбалку, мэтавай аўдыторыі, якую можна строга сацыялагічна акрэсліць, не існуе ні ў кога, — кажа Клюцкі. — Мэтавая аўдыторыя — проста штамп, які выкарыстоўваецца, каб надаць вагі пэўнаму выданню. Гэта чыстая спекуляцыя і абсалютна няісная рэч».
Часопіс Filet можна шукаць у месцах сустрэч культурных гарадскіх людзей і зносіць яго адтуль зусім бясплатна. Мы, да прыкладу, знайшлі свой асобнік у галерэі «Ў».