Саюз беларускіх пісьменнікаў заяўляе аб беспрэцэдэнтным пераследзе сяброў аб’яднання
Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў заяўляе аб пераследзе з боку дзяржавы сяброў аб’яднання і патрабуе неадкладна спыніць пераслед. Адпаведная заява рады СБП была прынята 3 лютага.
У заяве гаворыцца а б тым, што з 2010 года «распачалася беспрэцэдэнтная акцыя па шальмаванні і пераследу членаў нашай афіцыйна зарэгістраванай творчай арганізацыі. Па ўсёй краіне беларускамоўных і рускамоўных паэтаў, празаікаў і крытыкаў зноў пачалі выклікаць у дзяржаўныя інстанцыі ды ультыматыўна патрабаваць выйсці з СБП».
Рада СБП сцвярджае, что «ганебныя і незаконныя «працэсы» мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі» і былі санкцыянаваны «вышэйшымі ўладнымі структурамі Беларусі».
У заяве адзначаецца, што на працягу апошніх тыдняў каля сотні членаў СБП звярнуліся да кіраўніцтва і рады грамадскага аб’яднання з просьбай аб дапамозе і абароне іх грамадзянскіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб грамадскіх аб’яднаннях: «Да прыкладу, распачаты адміністрацыйныя і псіхалагічныя здзекі нават у дачыненні да паэтэсы, якая жыве ў Чарнобыльскай зоне і на мізэрны заробак адна выхоўвае дваіх непаўнагадовых дзяцей».
«Падобнага масавага пераследу беларускія творцы не памятаюць са сталінскіх часоў», — адзначаецца ў заяве.
Улічваючы вышэй выкладзенае, рада СБП патрабуе «неадкладна спыніць пераслед пісьменнікаў, членаў ГА «СБП»; «даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасці кіраўніцтва СПБ на чале з М.І.Чаргінцом, якая наносіць непапраўную шкоду развіццю сучаснага літаратурна-грамадскага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым».
У адваротным выпадку СБП вымушана будзем звярнуцца за падтрымкай у міжнародныя арганізацыі, паўнапраўнымі членамі якіх з’яўляецца СБП: Міжнародную супольнасць пісьменніцкіх саюзаў (Масква), Еўрапейскую пісьменніцкую раду (Брусель), Балтыйскую пісьменніцкую асацыяцыю (Стакгольм), Міжнародную асацыяцыю пісьменніцкіх саюзаў «Слова без межаў» (Кіеў) і да іншых партнёраў.
Разам з гэтым СБП пакідае за сабой права «на правядзенне ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку грамадскіх акцый пратэсту па абароне правоў членаў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» на працу і ўдзел у грамадскіх арганізацыях».