Ялфімава не папярэдзілі
Пётра Ялфімаў упершыню чуе пра складанку «Беларускі глобус» , куды ўвайшла песня «Мару ўбачыць гэты дождж», праспяваная ў дуэце з Юрыем Несцярэнкам. Але ніякіх прэтэнзій да выдаўцоў Ялфімаў не мае.
«Я рады, што выйшаў дыск. Але калі мы запісвалі песню, я не ведаў пра стварэнне складанкі», — кажа спявак.
Пётра Ялфімаў і Юрый Несцярэнка праспявалі беларускамоўны кавер на песню «Have You Ever Seen The Rain?» гурту Creedence Clearwater Revival.
«Мы даўно сябруем з Юрыем. Гэта была яго ідэя заспяваць разам. Гэта адзін з твораў любімага гурту многіх пакаленняў. І я вырас на гэтай музыцы.
Я задаволены вынікам. Але заўжды можна зрабіць лепш. Мы не спрабавалі наблізіцца да арыгінала. Зрабілі так, як убачылі гэту песню. Мы проста хацелі запісаць прыгожую кампазіцыю».